Выбрать главу

— Армянін! — паклікаў слугу Тарханіёт. — Прывядзі сюды Арсенія.

Еўнух Арсеній увайшоў у апачывальню з паклонам, з глыбокай пакорай у цёмных бясстрасных вачах. Яму было каля сарака гадоў, а выглядаў на ўсе шэсцьдзесят. Бязвольная бязмоўная істота, і толькі адзін Тарханіёт ведаў, якія страсці кіпяць пад гэтай бледна-шэрай змарпічакаватай скурай. Не душа была ўнутры гэтага цела, а келіх, напоўнены атрутай. Тарханіёт помніў Арсенія яшчэ дзесяцігадовым хлапчуком, вясёлым жвавым, хутканогім. Яны былі стрыечнымі братамі, сябравалі, разам купаліся ў Прапанцідзе, любілі, уціснуўшыся ў людскі натоўп, глядзець на ранішнія выхады базілеўса ў Залатой зале. Ды бацьку Арсенія кентарху [Кентарх — сотнік] Палікарпасу не пашанцавала. У адным з паходаў базілеўс Канстанцін Дука загадаў схапіць яго і асляпіць. Беднаму кентарху выкалалі вочы распаленым канцом жалезнага шацёрнага слупа і саслалі ў глухі манастыр. Ніхто не мог здагадацца, з якой прычыны так жорстка быў пакараны сцігглы кентарх, але ж хіба пытаюцца ў неба, за што яно б'е людзей маланкаю? Няшчасце абрынулася на ўвесь род Палікарпаса: жанчын пастрыглі ў мнішкі, мужчын, і дзесяцігадовых, і сямідзесяцігадовых, аскапілі. Так зрабіўся вясёлы жыццярадасны Арсеній сонным, вялым паўчалавекам. Гэты паўчалавек стаяў зараз каля Тарханіёта і з сабачай адданасцю пазіраў яму ў вочы.

— Што чутно ў Кіеве, Арсеній? — спытаўся Тарханіёт. Ён не запрасіў яго сесці, не прапанаваў келіх віна. Са сваім стрыечным братам ён паводзіў сябе заўсёды ўладна, штохвілінна напамінаючы таму, якую вялікую ласку зрабіў ён, Тарханіёт, узяўшы сабе ў памочнікі нікчэмнага еўнуха, сына ворага самога базілеўса.

— На Падоле неспакойна, брат, — адказаў тонкім голасам Арсеній. Тарханіёта ён называў, хоць пасланцу базілеўса гэта не падабалася, братам.

— Неспакойна? — Тарханіёт узняўся на ногі. — Што ж вынюхалі твае сышчыкі?

— Рукадзельныя людзі і купцы незадаволены князем Ізяславам.

— Чаму? Князь жа такі разумны, такі памяркоўны.

— Полаўцы здавілі Кіеву глотку, перакрыўшы ў прыморскім стэпе Дняпро. Хлеб і соль з Тмутаракані і з Таўрыі не даходзяць да горада.

— Днепр... Днепр... Барысфен... — задумліва паўтараў Тарханіёт, смуглай рукой прыгладжваючы кароткую чорную бараду. — Калі гэта праўда, то ў Кіеве неўзабаве павінен быць дужа вялікі пост.

— Гэта так, брат, — пацвердзіў Арсеній. — Мясцовая чэрнь крыклівая, ваяўнічая, і, калі давядзецца тужэй зацягнуць пояс, яна аддасца новаму князю, аддасца лёгка, як глыток вады. Яшчэ ж я і мае людзі заўважылі, і ў Кіеве пра гэта кажуць, што не дужа сябруюць між сабой Яраславічы. Сярэдні Святаслаў пераўзыходзіць старэйшага брата Ізяслава сілай волі, рашучасцю. У паходзе на торкаў Святаслаў узначальваў усё войска. Малодшы ж Усевалад самы мяккадушны, кніжнік, любіць мір і цішыню.

— Вельмі цікавая звестка, — ажывіўся Тарханіёт. — Значыць, калі я цябе правільна зразумеў, між братамі можна ўнесці меч?

— Можна, — згадзіўся, кіўнуў безвалосай галавой Арсеній. — I адзін меч, як мне думаецца, ужо ёсць. Гэта — князь Усяслаў Полацкі. Яраславічы трымаюць яго ў порубе, як свайго палоннага, а кіеўская чэрнь любіць Усяслава.

— За што?

— Жанчын любяць за прыгажосць, мужчын за адвагу і розум. Полацкі князь вельмі адважны і разумны. Але гэта яшчэ не ўсё. Ён абараняе старую рэлігію русаў, старых іхніх багоў.

— Паганец, — крыва ўсміхнуўся Тарханіёт.

— На тваім месцы, брат, я не рабіў бы такіх паспешлівых заяў, — пакланіўся Арсеній. — Князь Усяслаў хрысціянін, як і мы з табой. Але хрысціянства ў гэты кут зямлі прыйшло пазней, чым у Візантыю. Апостал Андрэй Першазванны запаліў святло веры над Барысфенам, ці як завуць яго тутэйшыя людзі, Дняпром. Князь Уладзімір, дзед Яраславічаў, зруйнаваў паганскія кумірні і хрысціў свой народ па-нашаму, візантыйскаму абраду. Ды гэта было зусім нядаўна. Хрысціянства тут яшчэ як залаты пыл, што пакрывае вялізнага паганскага ідала. Большасць халопаў і смердаў паганцы. Яны ўцякаюць ад святога крыжа ў лясы, у пустыні. Усяслаў Полацкі зразумеў гэта і, як мне вядома, у сваёй Полацкай зямлі ніколі сілаю не гнаў народ у хрысціянства. Вось таму яго любяць, бо чэрнь любіць справядлівых і цярплівых.

Тарханіёт уважліва слухаў Арсенія і з кожным новым словам еўнуха ўсё болей хмурыўся. Калі ж той скончыў, раздражнёна сказаў:

— Табе, як я заўважыў, падабаецца чалавек, што асмельваецца выступаць супраць святой царквы, якую ўзвёў у душах народаў Хрыстос Пантакратар. Ты хутка забыўся пра лёс бацькі свайго, роду свайго і свой лёс.