Еўнух збялеў як палатно, глуха вымавіў:
— Нас многа з драпінай на сэрцы.
Потым паваліўся ў ногі стрыечнаму брату, пачаў цалаваць ягонае калена. Тарханіёт моўчкі стаяў над ім; твар быў суровы і бледны, быццам высечаны з радоскага мармуру. Ён любіў сябе такога — моцнага, уладнага, бязлітаснага. Ён і Арсенія цярпеў побач ў сабою дзеля таго, каб ярчэй падкрэсліць сваю выключнасць, сваё духоўнае і фізічнае здароўе. Гэтак у спальнях парфіраносных базілеўсаў на Палатыі трымаюць сотні еўнухаў, каб вастрэй адчуць асалоду сваёй мужчынскай сілы.
Нарэшце Тарханіёт адпусціў Арсенія, а сам зноў лёг на цёплую калматую шкуру. Цемра і цішыня наплывалі на яго. Ён любіў вось такія хвіліны абсалютнай адзіноты, калі, здаецца, робішся часцінкай гэтага маўчання і душа твая ляціць увысць, у залаты эфір, да божага прастола. Ён ляжаў і ўспамінаў шумныя вуліцы і плошчы Канстанцінопаля, чайкі і ветразі караблёў над пралівам, непрыступныя сцены Палатыя, ураган чалавечых галасоў над іпадромам, калі па ім імчацца калясніцы. Гэта было ягонае жыццё, ягоная радзіма і ягоная імперыя. «Божа, дзякуй табе, што я нарадзіўся рамеем, — думаў ён, пазіраючы ў цемру. — Ты мог бы пусціць мяне ў гэты свет арабам, эфіопам ці славянінам, але ты злітаваўся, і я — рамей, сын і слуга вялікай імперыі, якой няма роўні, слуга свяшчэннага базілеўса. Дзякуй табе, Усявышні». Паступова думкі ягоныя зноў вярнуліся да Кіева, да вялікага князя. Ці ўдасца ўгаварыць яго паслаць дапаможнае войска ў Візантыю? Падарункі князь атрымаў багатыя, але ж гэтыя таўраскіфы надзіва незразумелыя, упартыя і хітрыя людзі. У сваёй ганарлівасці яны часта забываюць, што іхні лёс у руках вечнага неба. Яны быццам бы саюзнікі імперыі, базілеўса, але яшчэ з часоў князя Алега могуць у самы непатрэбны момант паказаць зубы. Тым болын не варта сварыцца з імі цяпер, калі хрысціянства, як залаты сасуд, разбілася на дзве часткі. Папа Грыгорый з Рыма і Генрых, імператар свяшчэннай Рымскай імперыі, хоць і грызуцца, ваююць між сабой, але з аднолькавай прагнасцю глядзяць на ўсход, на Кіеў, куды можна закінуць сеці і ўзяць багаты ўлоў чалавечых душ. Візантыйская царква не павінна аддаць Русь царкве рымскай, калі такое здарыцца, імперыя ператворыцца ў востраў, з усіх бакоў абкружаны ворагамі. Святая Сафія, зберажы імперыю і яе верных слуг!
А наконт полацкага князя трэба таксама падумаць. Ён быццам клін, што ўвабіты ў самае сэрца Кіеўскай дзяржавы. Гэты клін трэба берагчы, трэба паліваць яго вадзіцаю, каб ён разбухаў, ламаў, расколваў гранітны маналіт. Моцныя саюзнікі патрэбны Візантыі толькі на час паходу, на час вайны, калі ж наступіць мір, калі меч ляжа ў похвы, калі з баявога каня здымуць сядло, саюзнікаў трэба аслабляць. Такі закон жыцця. У адным стэпе няма месца двум ільвам.
Раніцою ў суправаджэнні слугі-армяніна Тарханіёт пайшоў па Кіеве, пайшоў, куды вялі вочы. У велізарным незнаёмым горадзе ён быў, як Іоў у чэраве кіта. Гэты горад неабходна было вывучыць, хоць трошкі зразумець.
Тарханіёт апрануў грубы дарожны плашч з капюшонам, на ногі абуў мяккія вастраносыя сандалі. Чым бядней на табе адзенне, тым менш на цябе глядзяць. Так спрадвеку павялося ў Візантыі, так было і ў Кіеве.
Ужо з першага позірку, з першых крокаў стала зразумела, чаму тыя людзі, што пабывалі ў Кіеве, называлі яго другім Канстанцінопалем. Горад быў вельмі шматлюдны, шматгалосы і вельмі багаты. Уражвалі не толькі велікакняжацкія харомы альбо баярскія палаты, якія будаваліся ў два і тры ярусы. Купцы і вольныя рамеснікі таксама стараліся аздобіць, упрыгожыць сваё жытло, ды так, каб дыханне перахапіла ў таго, хто гляне. Дамы са свяцёлкамі стаялі, як цацкі. На дахах і на вільчыках — вясёлыя пеўні, звяры, хвастатыя рыбы. Надбрамныя стрэшкі, веснічкі, балясы перавіты мудрагелістымі ўзорамі. Тут і пшанічныя каласы, і лугавыя кветкі, і рознакаляровыя геаметрычныя фігуры. Двары і дарожкі акуратна выкладзены аднолькавага памеру камянямі або шііткамі. Чырвоны, сіні, карычневы колеры ўладарнічаюць усюды, цешаць вока, радуюць душу. У болынасці сваёй дамы пакрыты алавянымі лістамі.
Адчуваецца, што горад нядаўна стаў хрысціянскім, бо ў розных канцах яго пагрозна ўзвышаюцца паганскія курганы. Нават непадалёку ад Сафійскага сабора, за царквою Ірыны, якую збудаваў князь Яраслаў Уладзіміравіч, стаіць курган «Дзірава магіла». На думку Тарханіёта, гэтыя курганы даўно трэба было скапаць, зраўняць з зямлёй, бо, як гнойныя болькі д'ябла, раняць яны хрысціянскае вока.
Стараючыся забыцца пра сваё паганскае мінулае, Кіеў паспешліва будуе цэрквы. Лепшая з лепшых між іх Сафія, мітраполія Русі. Велізарны храм, які вянчаюць трынаццаць купалоў, лёгка, бязважка ўздымаецца ў нябесны блакіт і ззяе, гарыць, як светлая дзянніца. Кіяне называюць Сафію ружовабокай. Сцены яе клалі з дзікага каменю і плінфы, змацоўваючы растворам вапны і цамянкі. I цамянка дала сонечны колер усёй царкве. Бліжэй да зямлі сцены зроблены з чырвонага кварцыту, з гранітных блокаў. Здаецца, што царква стаіць на агні. Унутры ж Сафія ззяе рознакаляровай іскрыстай мазаікай, такой асляпляльнай, такой багатай, што Тарханіёт заплюшчыў вочы. «У нечым гэты народ можа пераўзысці Візантыю», — падумалася рамею, але ён адагнаў прэч нечаканую кашчунную думку. Нездарма кажуць, што дурань і на чужыя іконы моліцца. Ён, мудры, разумны, Тарханіёт, будзе маліцца толькі на свае, на візантыйскія іконы і, як вернецца ў Канстанцінопаль, адразу ж пойдзе ў святую Сафію, у тую, што адзіная на ўсёй зямлі.