Выбрать главу

На княжы двор прыйшоў ён пад вечар з разбітымі нагамі, са страшнай стомай у целе. Даўно не выпадала столькі хадзіць, але ён быў задаволены — сапраўдны слуга імперыі і базілеўса павінен не шкадаваць сябе. Вер толькі таму, што ўбачыш сваімі вачамі, што кранеш сваёй рукою.

Арсеній да яго вяртання падрыхтаваў травяную лазню. Тарханіёта адразу распранулі, пасадзілі ў велізарную дубовую дзежку, налітую ледзь не кіпятком. У вадзе плавалі травы і семя траў, такія пахкія, такія салодка-дурманныя, што рамей адчуў кружэнне галавы, а ў вачах пабеглі іскры. Праз нядоўгі час Тарханіёту пачало здавацца, што ён памаладзеў на добрых дваццаць гадоў. Цела было лёгкае і пругкае, як не сваё, быццам нехта замяніў плоць, замест ранейшай, старой, даў маладую, свежую.

— Я ўзнагароджу цябе, Арсеній, — млеючы ад асалоды, паабяцаў Тарханіёт. Еўнух у звычнай пакоры схіліў галаву, і, як заўсёды, вочы былі спакойна-бясстрасныя.

Апранаючыся, рамей заўважыў між сваіх прыслужнікаў незнаёмага чалавека, новы твар. Густыя чорныя валасы ў чалавека тапырыліся над смуглым ілбом, настырна лезлі ў вочы. Але не рамейскія былі чарната і смугласць, не рамейскія, хоць і чорныя, вочы. Чорнаму колеру не хапала паўднёвай спякотнасці.

— Хто гэта? — строга спытаўся ў Арсенія Тарханіёт.

— Я купіў раба. Яны тут не дорага каштуюць, — растлумачыў еўнух.

— Няхай падыдзе да мяне, — загадаў Тарханіёт.

Чорнавалосы раб не надта палахліва падышоў, пакланіўся, спакойна пазіраў у твар Тарханіёту. Значыцца, у няволі нядаўна, бо старыя рабы, навучаныя жыццём, не глядзяць так смела на гаспадара.

— Хто ты і адкуль? — спытаўся Тарханіёт. Ён ведаў мову русаў, даволі добра валодаў ёю.

— Я Дзяніс. Залатар з горада Менска, — павольна вымаўляючы словы, адказаў нявольнік.

— Былы залатар, — паправіў Арсеній.

Дзяніс глянуў на яго, спачатку не зразумеў, але і потым, калі да яго дайшоў сэнс еўнуховых слоў, паўтарыў:

— Я залатар.

— Дзе ж знаходзіцца твой Менск? — пацікавіўся Тарханіёт.

— У Крыўскай зямлі. На поўнач адсюль. Трэба плыць уверх па Дняпры, потым на левую руку будзе Бярэзіна, а з Бярэзіны трэба кіравацца ў раку Свіслач. Там і будзе Менск.

— Як трапіў у няволю?

— 3 палонам у Кіеў прыгналі. Князі варагуюць між сабой, нас, рукадзельных людзей і смердаў, у здабычу бяруць.

Тарханіёт задаволіўся адказам і адпусціў раба, сказаўшы:

— Добра працуй на мяне, і бізун абыдзе тваю спіну.

Пазіраючы, як Арсеній з Дзянісам выходзяць з лазні, падумаў, што занадта доўга размаўляў з рабом. Гэтым стварэнням дастаткова ківа пальца, нахмураных броваў. Раб ёсць раб. Дзеля таго, каб пісалі свае хранографы гісторыкі, каб гутарылі з Богам філосафы і паэты, каб славілі Усявышняга свяшчэннікі, павінен круціць жорны, махаць матыкаю на камяністым полі раб. I ўсё-ткі Арсеній разумна зрабіў, купіўшы раба-славяніна. Трэба мець пад рукою мясцовых людзей, яны ведаюць звычаі свайго краю, ведаюць характар тубыльцаў.

Цяклі дні. Вялікі князь Ізяслаў, здавалася, забыўся пра пасланца рамейскага базілеўса. Тарханіёту і ягоным людзям спраўна дастаўлялі з княжацкай кухні мяса і віно, пшанічны хлеб. I толькі. Князь не падаваў ні слова, ні гуку. Тарханіёт некалькі разоў спрабаваў трапіць да яго на прыём, але князь то ездзіў на ловы, то займаўся з дружынаю, то раптам накочваўся на яго чорны сум, і лекары патаемна ад людзей лячылі князя. Рамей здагадваўся, што князь проста не хоча пакуль што сустракацца з ім, нечага чакае. Але чаго ж чакае Ізяслаў? Паражэння візантыйцаў у вайне з сельджукамі? З'яўлення на Палатыі новага базілеўса? Адзін Бог усё гэта ведаў, але патрэбна было ведаць і Тарханіёту. I ён раскідваў па горадзе невад сваіх сышчыкаў, нават новага раба Дзяніса, які зрэдку хадзіў на Падол кушшць у ганчароў посуд, прымушаў уважліва слухаць усё, пра што гавораць між сабой кіяне, і дакладваць яму. Але ўсё гэта была дробная рыбка, буйной рыбаю рамей заняўся сам. Перш-наперш ён запрасіў да сябе ў госці варага Торда. Рыжавалосы велікан любіў віно, любіў добра паесці, і абедзенны стол у Тарханіёта аж гнуўся ад свежай дзічыны і рыбы, ад розных прысмакаў, а віно было самае найлепшае — кілрскае і фалернскае.