Выбрать главу

Торд як зачараваны слухаў Тарханіёта. Яму, што нарадзіўся пад шум бітвы на дне варажскай лоддзі, гэтыя словы былі як бальзам, як ласкавая ўсмешка самой Святой Дзевы.

— Русы таксама нядрэнныя воіны, — працягваў рамей. — Імперыя помніць князёў Алега і Святаслава. Кіеўскі меч пашырыў межы дзяржавы ад Еўксінскага Понта [Еўксінскі Понт —Чорнае мора] да льдоў Поўначы.

— Моцны баявы народ, — згадзіўся Торд.

— Але ім ніколі не зраўняцца з рамеямі, — бліснуў вачамі Тарханіёт. — У нас ёсць адзін Бог і адзін баганосны імператар, а яны, акрамя Хрыста, пакланяюцца, хоць і патаемна, лясным ідалам, і кожны іхні горад, кожны ўдзельны князь хоча аддзяліцца ад вялікага князя кіеўскага Ізяслава, хоча сам сабе быць гаспадаром. А гэта — смерць для дзяржавы. Сцяна заўсёды сцяна, але калі разабраць яе на асобныя камяні, сцяна робіцца кучай камянёў, за якімі не схаваешся ад варожага мяча. Ад нашых карабельшчыкаў чуў я, што ў паўднёвых морах ёсць магнітная гара. I вось калі да яе падплываюць, магніт выцягвае з карабля ўсе жалезныя часткі: цвікі, балты, заклёпкі, і карабель рассыпаецца. Разумееш мяне? Улада адзінага базілеўса тое жалеза, якое мацуе карабель дзяржавы. Ну яшчэ, калі быць дакладным, дзяржаву мацуюць золата і срэбра.

— Што золата і срэбра?! — раптам усклікнуў Торд. — На свеце няма нічога ярчэйшага за ваду і агонь.

Тарханіёт здзіўлена глянуў на яго, зразумеў, што мозг варага да краёў напоўнены віном, але працягваў далей:

— Ты, напэўна, ведаеш і, напэўна, бачыў, што тут, у Кіеве, у порубе, сядзіць полацкі князь Усяслаў.

Торд згодна кіўнуў галавой.

— Ведаю, вельмі адважны князь.

— Дык вось, наш базілеўс гэтаму князю замест вады даўно наліў бы ў кубак адвар цыкуты, і князя б не было. Але гэта справа саміх русаў, самога вялікага князя Ізяслава. Я ж хачу сказаць, што Усяслаў Полацкі, як і ты, бясстрашны Торд, можа стаць верным сябрам Візантыі.

Пры такіх словах Торд узняў галаву.

— Імперыі патрэбны такія людзі, рашучыя, моцныя, людзі, якіх паважае і любіць народ, — не спыняўся, казаў далей Тарханіёт. — I ты не памылішся, адважны Торд, калі болын пільна глянеш на Канстанцінопаль, сцены якога ўзведзены не з саломы і не з чароту, а з мячоў і коп'яў непераможных воінаў.

— Але я служу вялікаму князю Ізяславу, — раптам вымавіў Торд.

— Усе мы служым Хрысту. Ён — адзіны наш уладар, — узвёў вочы ўгору Тарханіёт. На душы ў рамея была прыкрасць. Аказваецца, гэты паўночны варвар, гэты п'яны цюлень памятае пра свой абавязак і, як ні дзіўна, не пазбаўлены высакародства. «Што ж, не ўсякае дрэва адразу згінаецца, — падумаў Тарханіёт. — Але я ўпэўнены, што неўзабаве знайду ключ да жалезнага сэрца варага». Ён узняў кубак, сказаў:

— Давай, як сябры-застольнікі, вып'ем за тыя дарогі, зямныя і марскія, што яшчэ чакаюць нас у нашым жыцці.

— Вып'ем, — усхапіўся Торд.

Калі нарэшце п'яны Торд пайшоў, рамей загадаў прынесці папірус, чарнілку, пяро і, пазіраючы на жоўта-пунсовы агеньчык свечкі, застыў у глыбокім одуме. Гэта былі найлепшыя ягоныя хвіліны. Тлум дня сплываў, душа лагаднела, спакайнела, ачышчалася, можна было падумаць пра сэнс зямнога жыцця. Тарханіёт з ранняга юнацтва прывучаў сябе глядзець на ўсё цвяроза, старацца як мага глыбей пранікаць у сутнасць рэчаў і з'яў. Ён добра памятаў словы вялікага сіцылійца філосафа Эмпедокла:

Зямлю зямлёю мы бачым, бачым ваду вадою, Дзіўным эфірам эфір, агнём агонь бессардэчны, Каханне мы бачым каханнем, Разлад атрутным разладам.

Хацелася напісаць нешта мудрае, значнае, каб далёкі нашчадак-рамей у такой жа самотнай глухой начы прагаа чытаў, хваляваўся ад прачытанага, доўга не спаў, перагукваўся з ім, Тарханіётам, уражанай душою праз стагоддзі. Там, у недасяжнай будучыні, будзе такі ж вецер, і будзе Іпумець рака, нямоўчна, глыбінна, і будзе нехта крочыць па начной сцежцы, над якой гараць задуменныя блакітныя зоркі. Якое кароткае зямное жыццё! Толькі народзішся, толькі разумным вокам глянеш на свет, як ужо трэба рыхтавацца да жыцця нябеснага, вечнага.