Выбрать главу

Тарханіёт уздыхнуў, адклаў пяро. Не пісалася. Тады ён паклікаў Арсенія, загадаў, каб той прывёў Дзяніса, новага раба. Калі раб увайшоў, глянуў на яго і на Арсенія строга, у гневе зламаў густое чорнае брыво, сказаў:

— Гэты рус дужа валасаты. У раба павінна быць голая галава, па якой заўсёды можна ўдарыць, на якую можна сыпаць попел і пясок. Няхай яго астрыгуць, і ты, Арсеній, зноў прывядзі яго да мяне.

Неўзабаве прыйшоў астрыжаны Дзяніс. Белая незагарэлая скура на цемені рэзка адрознівалася ад смуглай, амаль карычнева-чорнай скуры шчокаў. Але нічога — папрацуе на сонцы дзень-другі і адразу стане цёмнагаловы.

Раб стаяў панылы, невясёлы. Яны, рабы, вясёлымі бываюць толькі тады, калі з дазволу гаспадара п'юць неразбаўленае віно, падаюць на зямлю, балбочуць нешта незразумелае і смяюцца, як дзеці. У Тарханіёта гэта заўсёды выклікала агіду. П'яная дзікая ўсмешка на худым, дачасна пастарэлым твары была ўсмешкаю д'ябла.

— Сумуеш па радзіме? — спытаў Тарханіёт. Ён сам здзівіўся свайму пытанню, бо хіба вядома рабам-варварам, што такое сум, гонар, адчуванне страты? У іх ёсць мускулы, вочы, рот, маюцца зачаткі душы, але толькі зачаткі. Душа рабоў — бяскрылая сляпая птушка. Ды пытанне вырвалася само па сабе, пэўна, ён, Тарханіёт, расчуліўся, памякчэў, успомніўшы Эмпедокла.

Не чакаючы адказу, Тарханіёт гаварыў далей:

— Тут, у Кіеве, сядзіць у порубе разам з сынамі князь Усяслаў Полацкі. Твой былы князь. Разумееш?

Раб кіўнуў астрыжанай галавою.

— Кіеўская чэрнь шануе, любіць яго, хоць любоў чэрні заваяваць лёгка: кінь ёй мяса, віна — і ты Бог. Ды не віном і не мясам заарканіў Усяслаў кіеўскі Падол, бо сёння сам нічога не мае. Іншым ён бярэ, але я не гэта хачу табе сказаць. Каля акенца поруба, я сам бачыў, спыняюцца людзі і некаторыя з іх нават размаўляюць з князем — варта дазваляе. Чаму б табе не схадзіць да акенца?

Раб уздрыгнуў, з непаразуменнем глянуў на гаспадара. Ён не мог даўмецца, што хаваецца за такой прапановай. Навошта рамей сваім словам кроіць сэрца яму, Дзянісу, які столькі адпакутаваў за апошні сонцаварот?

— Чаго ж ты маўчыш? — настойваў Тарханіёт, не дачакаўшыся адказу, стукнуў драўляным малаточкам па званку, які на скураным пазалочаным рэмені вісеў леваруч ад яго. Адразу ж увайшоў Арсеній.

— Заўтра павядзеш раба да поруба, у якім сядзіць князь Усяслаў, — сказаў Тарханіёт еўнуху. Калі Дзяніс выйшаў, растлумачыў:

— Мне патрэбна звязацца з гэтым апальным князем. Імперыя павінна шукаць сяброў не толькі ў залатых палатах, на тронах, паміж радасці і славы, але і там, куды рэдка трапляе сонечны прамень: у халупах жабракоў, у турмах і катавальнях. Нездарма кажуць, што здаровы жабрак шчаслівейшы за хворага базілеўса. Там, на дне жыцця, дрэмлюць магутныя сілы. Яны сляпыя, нямыя, страшныя, дзікія, але з імі трэба падтрымліваць сувязь, каб у рашучы час, у час, калі зазвоняць мячы і пацячэ кроў, яны былі з намі. Давядзеш раба да акенца, а сам адыдзешся ўбок. Не трэба, каб варта ўбачыла каля поруба рамея. Калі ж схопяць раба, а яго могуць схапіць, ён скажа, што сам родам з Полацкай зямлі, засумаваў па радзіме і захацеў глянуць на свайго князя. Тарханіёт змоўк.

— I гэта ўсё, брат? — асцярожна запытаў Арсеній.

— Не. Самае галоўнае тое, што раб, непрыкметна для варты, павінен кінуць у поруб вось гэты шарык.

Тарханіёт двума пальцамі ўзяў са стала невялікі шарык з цёмна-жоўтага воску.

— Унутры шарыка схавана пасланне князю Усяславу. Я напісаў пасланне рускімі літарамі на ядвабнай стужцы.

— Але раб і разам з рабом твой шарык могуць трапіць у рукі варты, а я чуў што вялікі князь Ізяслаў бязлітасна карае ворагаў сваёй дзяржавы, — сказаў Арсеній.

— Ворагаў бязлітасна караюць усе базілеўсы, не толькі Ізяслаў — усміхнуўся Тарханіёт. — I гэта не мой шарык, а наш. Наш. Зразумеў? Дарэчы, пад пасланнем на ядвабнай стужцы я напісаў тваё імя.

Тарханіёт пранізліва пазіраў на еўнуха.

— Маё? — перапытаў еўнух.

— Тваё. Калі схопяць раба, схопяць і цябе. Пастарайся ж, каб раба не схапілі і каб шарык трапіў у поруб, у рукі Усяслава. I яшчэ... Вы пойдзеце да поруба заўтра, пад вечар. Перад гэтым добра накармі раба, не шкадуй мяса, дай кубак віна, а ў віно ўсып вось гэты парашок. Вы, еўнухі, лепш ведаеце, што гэта такое.

— Атрута, — прашаптаў Арсеній, беручы ў рукі маленечкую медную чарачку, на дне якой быў насыпаны чырвоны парашок. — Ты хочаш, каб раб памёр?

— Хачу. Я думаю, што яму ўдасца кінуць шарык у поруб і што Усяслаў, вораг Яраславічаў, захавае тайну шарыка. Але раба пасля гэтага могуць схапіць, пачнуць дапытваць гарачым жалезам... Няхай лепш ён памрэ трошкі раней і не паспее выдаць мяне і цябе. Ён мой раб, мая ўласнасць, і я хачу, каб і смерць ён прыняў ад мяне, а не ад некага іншага. Можаш ісці, Арсеній.