Еўнух пайшоў, схаваўшы чарачку з атрутай у доўгае рукаво сваёй бледна-ружовай хламіды. Атрута для візантыйскіх еўнухоў такая ж звычайная рэч, як хлеб і вада. Колькі парфіраносных базілеўсаў і базіліс, адважных страцігаў і мудрых эпархаў на самым узлёце жыццёвых сіл, у цвіценні душы і цела раптам, як лёгкі штуршок, адчувалі няўлоўную млявасць пад сэрцам. Гэта быў сігнал, знак, што атрута, маленечкая расінка смертаноснай вадкасці або драбінка, пылінка парашка пранікла ў кроў і назад, са скляпенняў чалавечага цела, яна можа выйсці, толькі ўзяўшы з сабою чалавечую душу. Пачыналі выпадаць валасы, прычым усе: з вусоў і броваў, з падпахаў... Твар набухаў разбракаў, мяняў колер. Смуглая скура штодня рабілася ўсё болей ружовай, зеленавата-фіялетавай. Размякчаліся косці, шью не трымала галаву, ногі — цела. 3 пальцаў, як рыбіна луска, абляталі пазногці. Расінка і пылінка забівалі гігантаў, рабілі нікчэмным прахам тых, хто зубамі перакусваў цвікі і ламаў у руках конскія падковы. I ўсім гэтым з найвялікшым спрытам і майстэрствам валодалі еўнухі, людзі, у якіх жыццё адабрала ўсе зямныя радасці, пакінуўшы толькі адну жорсткую радасць — забіваць.
Тарханіёт глядзеў услед Арсенію, і холад бег у рамея па скуры.
Князю Усяславу прыснілася Сафія, саборны полацкі храм. Не жонка прыснілася, не сыны, не бацька з маці, а царква. На ўзлобку над шырокай Дзвіной адкрылася яна воку, сяміверхая, прыгожая. Чырвоная цэгла-плінфа і шэра-сіняватыя камяні-булыгі, з якіх дойліды клалі сцены, надавалі ёй пярэстасць і таямнічую суровасць. Уверх узмывала яна, да самых воблакаў, да лапікаў сіняга неба і ўся была, як парыў свежага ветру.
Сафія па-рамейску азначае мудрасць. Мудрасць хацелі мець на сваёй зямлі тыя людзі, што пачыналі будаваць храм. Колькі працы дала яна і палачанам, і камнясечцам-рамеям, і яму, Усяславу! Гліну, камень, дрэва, галаснікі, панікадзілы, званы, срэбра, воск патрабавала цяжкая шматгадовая будоўля, і ўсё княства напружвала сілы, аблівалася потам і будавала, будавала... Мудрасці, святога слова хацелі ўсе, а ён, князь Усяслаў, хацеў, каб у Полацку царква была не горшая, чым у Кіеве ці Ноўгарадзе. I нездарма, калі захапіў Ноўгарад, спаліўшы яго да Нераўскага канца, адразу загадаў зняць усе царкоўныя званы і везці іх у Полацк. «Няхай мая Сафія званчэйшаю будзе», — сказаў тады воям.
I вось яна прыснілася тут, у порубе, і неяк дзіўна прыснілася, трывожна. Бачылася яму, што плыве ён па Дзвіне, плыве адзін, у простым лёгкім чоўніку, падобным на арэхавую шкарлупіну. Полацк быццам вымер, не відно нідзе людзей, толькі свішча рачны вецер. Ён заўсёды любіў свіст ветру. I раптам раскочваецца над ракою, над берагамі грамавы голас:
— Да мяне плыві!
Зверху ідзе голас. Ён уздымае галаву і бачыць, што гэта Сафія гаворыць, звяртаючыся да яго, і быццам яна ўжо не царква, а вельмі прыгожая, велізарнага росту жанчына з агнянымі рыжымі валасамі. Ён прыстае да берага, уздымаецца, правальваючыся нагамі ў мяккі пясок, па строме і нарэшце спыняецца каля Сафіі і галавою дастае ёй толькі да калена.
— Ты мяне будаваў? — пытаецца Сафія.
— Я і Полацк, — адказвае Усяслаў.
— Навошта вы мяне будавалі?
— Так вучыць Хрыстос. Па ўсёй зямлі будуюць святыя храмы. Полацкая зямля не горшая...
— Але ж у вас былі свае багі, былі яшчэ да Хрыста. Што вы зрабілі з імі?
— Кінулі ў Дзвіну, спалілі, пасеклі на шматкі...
—Усіх?
Ён, Усяслаў, маўчыць.
— Усіх? — строга дапытваецца Сафія.
— Не ўсіх. На патаемных лясных капішчах я загадаў пакінуць выявы Перуна і Дажджбога.
— Я так і ведала. Ты, князь, паганец. Аглушальны смех, не гром, а смех чуецца зверху. Усяслаў бачыць, як ад гэтага смеху ўздрыгваюць каменныя калені Сафіі. Праходзіць страх, і злосць апякае душу.
— Чаго ты смяешся? — дзёрзка ўздымае галаву Усяслаў. — Ты не смяяцца павінна, а плакаць.
— ГІлакаць? — здзіўляецца Сафія.
— Так. Як ты плакала шмат стагоддзяў назад, калі першых хрысціян распіналі на крыжах, варылі ў смале, кідалі ў пашчу дзікім звярам. Ты ж тады плакала?
— Плакала.
— Навошта ж сёння прымушаеш плакаць іншых, тых, хто не верыць табе? Няўжо бачыць слёзы і пакуты асалода?
— Але ж яны не вераць Хрысту, не вераць мне!
— А хіба твая вера і твая праўда адзіная! Ёсць жа Буда, Іегова, Магамет. Быў і ёсць Пярун, бог-Ірамавік.