— Маўчы, паганец! I ты яшчэ дзівішся, што цябе трымаюць у порубе?
— Я ўжо не дзіўлюся, — сумна кажа Усяслаў.
— Скарыся, — павучае Сафія. — Ратуй душу для вечнага жыцця, ідзі ў манастыр, адмоўся ад Полацкага княства. Яно як вярыгі на тваіх руках і нагах. Што дала табе твая гордасць? Разлуку з сям'ёй, поруб... Скарыся.
Усяслаў маўчыць. 3-пад ягоных ног цячэ ўніз па строме жоўтым ручаём пясок.
— Яраславічы перамогуць цябе. У іх больш мячоў, больш вояў.
— Не перамогуць, — блішча гнеўнымі вачамі Усяслаў. — Перамагаюць не толькі сілай, перамагаюць верай. Ці не так вучыць Хрыстос?
— Так.
— А я веру ў сваю крыўскую зямлю. Веру! Чуеш?
Ён уздымае галаву, каб з выклікам глянуць на Сафію, але яе ўжо няма. Царквы няма, а замест яе стаіць высозны дубовы Пярун, чатырохтвары, з доўгімі залатымі вусамі.
— На гэтым месцы, над полацкім Рубонам, мог бы стаяць я, — ціха і сумна говорыць ён. — Мне пакланяўся князь Рагвалод, усе твае прадзеды. Навошта ж ты аддаў мяне на згубу, кінуў у вір, у агонь, у балота?
— Я невіновен, — бляднее Усяслаў. — Палачане, як і Кіеў, і Ноўгарад, паверылі новаму Богу.
— Заморскаму Богу, чужому Богу, — ледзь варушыць драўляныя патрэсканыя вусны Пярун. — Чаму вы не верыце сваім багам? Чаму вас заўсёды вабіць тое, што не сваё? Беручы чужое, пакланяючыся чужому, вы самі прызнаяце перад усім светам, што вы цямнейшыя, слабейшыя розумам за іншых, дурнейшыя.
Усяслаў маўчыць.
— Я знайшоў вам імя, — пагрозліва ўзвышае голас Пярун. — Самаеды вы! Самажэрцы! Так жахлівы Крон пажыраў калісьці сваіх дзяцей.
— Маўчы, — ціха вымаўляе Усяслаў, і ў словах ягоных пакута. — Ты ж ведаеш, ты павінен ведаць, што я ніколі не называў цябе гнілым бервяном, я верыў і пакланяўся табе, як нашаму Богу. Але на тваіх вуснах кроў. Ты патрабаваў крывавых трэб, чалавечыхахвяр...
— Кроў, — смяецца Пярун. — Хрысціяне залілі чалавечай крывёй Еўропу, Егіпет, Іудзею. Яны ходзяць па горла ў крыві, а вы цалуеце іхні крыж. Дзе ж вашы вочы? Няўжо былі дрэнныя лясныя, лугавыя, палявыя і хатнія багі? Няўжо не прыемна было ведаць табе, нагінаючыся над крыніцай, каб глынуць халоднай вады ў нясцерпную спёку, што на рачным дне, там, адкуль б'е нястомны струменьчык, жыве добры бог з блакітнымі вачамі і срэбнай мяккай барадой?
— Я й цяпер яшчэ веру ў такіх багоў, — шчыра кажа Усяслаў.
— Заўсёды вер, сын мой, — весялее Пярун. — Той, хто лёгка адмаўляецца ад учарашняга, не варты заўтрашняга. А я сачу за табою, полацкі князь. I я ведаю, што не ўсіх старых багоў ты загадаў знішчыць. Я ведаю, што, будуючы Сафію, ты ненавідзеў яе.
— Няпраўда, — бляднее Усяслаў.
— Праўда. Калі ты спіш, я зазіраю ў тваё сэрца, слухаю голас тваёй душы. Ты будаваў храм для чужога бога, а думаў пра сваіх багоў. Ты не мог не будаваць, бо хрысціянамі рабіліся твае баяры, хрысціянамі рабіліся твае дружыннікі. Каб захаваць сваю ўладу, свой сталец, ты павінен быў стаць хрысціянінам. Я нават скажу табе большае. Хрысціянства, хацеў бы гэтага ты ці не хацеў, пераможа на нашай зямлі. Шмат багатых прыгожых цэркваў пабудуе яно. Людзі так павераць яму, што з радасцю будуць паміраць за Хрыста. Але недаўгавечная гэта перамога. Надыдзе такі час, такі век, калі людзі адмовяцца ад яго, будуць смяяцца з яго. Як чакаю я гэты дзень, лежачы ў гнілым смярдзючым балоце! Як хачу я ўбачыць слязу на Іпчацэ папа, які, смеючыся, здзекуючыся, сек на маленькія трэсачкі маіх братоў!
— Ты жорсткі, — строга кажа Усяслаў.
— Жорсткасці мяне навучылі хрысціяне. Яны яшчэ запаляць па ўсёй Еўропе свае страшныя вогнішчы, і жывое чалавечае цела зашыпіць на агні.
— Прашу, пакінь мяне, — умольна глядзіць на Перуна Усяслаў.
— Я знікаю. Я вяртаюся ў балота, — адразу цішэе Пярун. — Помні: я буду сачыць за табой.
Усяслаў прачнуўся. У порубе — цемра, цішыня... Спяць сыны. Расціслаў прыцмоквае губамі. Князю зрабілася страшна, аж сэрца затахкала ў грудзях. Ён узняўся на ногі, вобмацкам падышоў да сцяны, далонямі дакрануўся да цёплага дрэва. Гэта адразу супакоіла яго. Ён заўсёды, калі было няўтульна, нявыкрутна на душы, калі ў агідным холадзе абмірала сэрца, шукаў дрэва, не абавязкова жывое, шукаў што-небудзь драўлянае і клаў на яго далоні. I адчуваў сябе лепш, упэўненей, бо жыццятворная сіла пачынала бруіцца ва ўсім целе. Магчыма, дрэва аддавала яму тое сонца, тую цеплыню, якую дзень за днём назапашвала ў сабе, калі яшчэ расло, калі было зялёным і шумлівым.
Пасля допытаў у велікакняжым палацы, пасля доўгіх размоў з манахамі з Усяслава знялі ланцугі. Манахі казалі, што святы Феадосій папрасіў аб гэтым самога Ізяслава. I кіян пачалі падпускаць да акенца поруба. Той, хто хацеў, падыходзіў, садзіўся на кукішкі, гукаў Усяслава або ягоных сыноў і пачынаў гутарку. Болын за ўсё прыходзіла тых, хто люта ненавідзеў новую веру. Шмат прыходзіла палачан з Брачыслававага падвор'я, што было непадалёку ад поруба. «Пачакай яшчэ трошкі, князь, — сказалі яны шэптам. — Вызвалім цябе, тваіх сыноў з цямніцы, убачыш Полацк, сядзеш на полацкі сталец». Яго хвалявала адданасць усіх гэтых незнаёмых людзей, рамеснікаў і купцоў, з якімі, каб не палон, не поруб, ён, магчыма, ніколі б не сустрэўся ў Полацку або Менску. Ён пазіраў на іх знізу ўверх, станавіўся так, каб яны бачылі ягоны твар, часта станавіўся разам з сынамі, абдымаючы сыноў, і заўсёды стараўся ў час такіх гутарак быць бадзёрым, нават вясёлым.