Да акенца падыходзілі розныя людзі. Былі нядобразычліўцы, якія радаваліся ягонаму гору і прыніжэнню. Аднойчы падклыпала бабулька з кіёчкам, пагукала сухім чорным ротам:
— Князёк, дзе ты? Пакажыся, князёк. Ён паказаўся, убачыў добры жаўтаваты тварык, васільковыя, надзіва яркія вочкі.
— Што табе, маці? — лагодна запытаўся ў бабулькі Усяслаў.
I раптам старая з вузельчыка, які трымала ў левай руцэ, шпурнула проста ў твар палоннаму князю добрую жменю балотнага бруду разам з вялізнай белапузай жабаю.
— З'еш! — радасна заверашчала старая. — З'еш, антыхрыст, жабку! Гэта табе за паганства тваё! За чары твае лясныя-балотныя!
— Ведзьма! — крыкнуў Усяслаў, махнуўшы цяжкім кулаком.
Але гэта не дужа каб узбунтавала ці расхвалявала яго. За сваё ўжо немалое бурнае жыццё (якніяк, трыццаць дзевяць сонцаваротаў [Трыццаць дзевяць сонцаваротаў ... Па нашых падліках, Усяслаў мог нарадзіцца ў 1029 годзе. Чаму? Ёсць вядомая быліна пра Волха Усяславіча. Многія вучоныя, у тым ліку Д. Ліхачоў, А. Шахматаў, перакананы, што ў ёй ідзе размова пра Усяслава Полацкага. У быліне чытаем: «Збіраў Волх дружыну ў пятнаццаць год...» Дружыну, як вядома, мог збіраць князь, а кнлзем полацкім Усяслаў стаў у 1044 годзе пасля смерці свайго бацькі Брачыслава Ізяславіча. Такім чынам, Усяслаў пражыў 72 гады (1029 - 1101 гг.).] жыў на зямлі) ён пабачыў мноства людзей, цэлае мора людзей. Рознай вышыні і чысціні бываюць хвалі на моры. Гэтак жа сама і сярод людзей.
Яшчэ ў юнацтве, калі не быў полацкім князем, ён часта думаў: «Няўжо людзі, усе жывыя людзі, што ходзяць пад сонцам, не могуць сабрацца аднойчы на веча і дамовіцца між сабою рабіць адзін аднаму толькі дабро. Няма ж такіх людзей, якія хочуць, якія жадаюць, каб ім прычынялі боль». Пажыўшы, паваяваўшы, паглядзеўшы на свет, Усяслаў зразумеў, што толькі дзівакі могуць марыць пра такое, бо чалавецтва, на жаль, не можа адначасова задумацца. Нехта думае, нехта пакутуе, а нехта смяецца або п'е віно, нехта плача, а нехта спакойна спіць.
У порубе ён адчуў голад па напісанаму слову. Ён заўсёды любіў чытаць і збіраў, дзе толькі мог, старыя пергамены, Святыя пісанні, рамейскія, балгарскія, кіеўскія... Ён і сыноў прывучаў да чытання, і ў Полацку ўсе разам яны заседжваліся над пергаменамі да глыбокай ночы. У порубе, вядома, было не да гэтага, але калі яго дапытвалі манахі, ён папрасіў, і яны прынеслі пажоўклы скрутак — пісанне грэка Плутарха. Тры ночы ён чытаў, а потым ляжаў у цемры, думаў, нібы размаўляў з далёкімі людзьмі, што жылі за тысячагоддзі да яго. Іхнія жыцці ён прымерваў да свайго жыцця, як прымерваюць старую, але моцную кальчугу. Шмат падобнага было ў яго з тымі людзьмі. Яны даўно памерлі, але дзякуючы летапісу атрымалі вечнае жыццё. Ён вучыўся ў іх цярпенню, чаканню свайго дня, свайго часу. Прайшла першая гарачка палону, калі ён, як дзікі звер, кідаўся на сцены поруба, грукаў у іх кулакамі, клікаў Яраславічаў, у гаеве спальваў сваю душу, траціў сілу. Зараз ён — ціхі, асцярожны, памяркоўны і радуецца, што ворагі не ўбачылі апечаны слязьмі ягоны твар, не ўбачылі рабскага прыніжэння ў ягоным позірку.
Усяслаў стаяў у цемры, прыслухоўваўся. Была цішыня. У такой цішыні ён пачуў нават кроплю, што там, наверсе, сарвалася з лісцяў маладой таполі, якая расла побач з порубам. Ён быццам бачыў гэтую кроплю, маленькую, зіхоткую, падобную на срэбную гарошынку. Усю ноч яна спала на далоні цёплага ліста, але ранішні вецер прыляцеў з-за Дняпра, шкуматнуў тонкую таполю, і кропля не ўтрымалася, слізганула з ліста, упала на ніжэйшы, ды і там не змагла ні за што зачапіцца і паляцела ўніз. Лісты хацелі схапіць яе, перашкаджалі ўпасці, але яны былі дрогкія, вецер не даваў ім супакоіцца, і, прабіўіны гушчар лісцяў, кропля гучна пляснулася на пясок.
У порубе ў полацкага князя з'явіўся надзіва чуйны слых. Мала гукаў далятала ў падзямелле, ды і тыя, што прарываліся сюды, былі слабыя, кволыя, але ён хутка навучыўся ўгадваць тупат каня, кашаль воядазорца, грукатанне грому, рокат званоў на Сафіі. Кожны гук быў радасцю, напамінам пра тое, што жыццё не знікла, жыццё ідзе і чакае яго, князя.