Выбрать главу

У порубе Усяслаў востра адчуваў вялікую сілу і неабдымнасць жыцця - Майскі жук, які так узрадаваў яго і сыноў, быў не адзінай жывой істотай у гэтым паўзмроку. Каля акенца раскінуў срабрыстую павуціну павук. Так прыгожа, так хітра плёў ён свае смертаносныя карункі, што князь і княжычы любаваліся ім. I яшчэ адны госці, дзёрзкія, небяспечныя, наведаліся аднойчы ў поруб. Якраз быў Вялікдзень, і праз акенца вой-ахоўнік спусціў кошычак з чырвонымі яйкамі. Усяслаў і сыны пахрыстосаваліся, з'елі па яйку, астатнія пакінулі на заўтра. Вось, калі пад вечар усіх змарыў сон, Усяслаў пачуў няўлоўны шорах, такі слабы, што на яго можна было і не звярнуць увагі. Але ён асцярожна расплюшчыў вочы і, ніводным рухам не выдаючы, што не спіць, пачаў пільна ўзірацца ў змрок. Па сцяне поруба да кошыка з яйкамі бясшумна падкрадваліся два пацукі. Агідныя доўгія хвасты, вострыя зубастыя пысы... Яны баяліся сваіх смяртэльных ворагаў, людзей, і ўсёткі ішлі па здабычу туды, дзе жывуць людзі, а Усяслаў, адважны князь, баяўся іх. Ён нават хацеў пляснуць рукой па саломе, але чамусьці перадумаў, пачаў назіраць, што будзе далей. Пацукі падкраліся да кошыка, пачалі абнюхваць яйкі. Гэта была іхняя любімая ежа, але як узяць яе? Яны ціхутка перакулілі кошычак, высыпалі яйкі, і адзін лёг на спіну, чатырма лапкамі моцна абшчаперыўшы вялізнае яйка. Другі пацук зубамі асцярожна ўзяў напарніка за хвост і пацягнуў яго разам з яйкам. Усяслаў знямеў ад здзіўлення.

Варта каля поруба стаяла строгая, маўклівая. Усяслаў напачатку спрабаваў разгаварыць вояў, ды яны, пачуўшы князеў голас, адыходзілі далей ад акенца. Так цягнулася некалькі месяцаў, і вельмі здзівіўся князь, калі адзін з ахоўнікаў сам загаварыў з ім, праўда, штохвілінна азіраючыся. Усяслаў зразумеў: варта падкуплена! Значыць, у Кіеве і ў Полацку не забыліся пра яго. Гэта адразу надало такую сілу, так ускрыліла душу, што князь захлынуўся ад радасці. Не ўсё страчана! Ён яшчэ сядзе на каня, ён яшчэ возьме меч.

3 таго дня, калі вой-ахоўнік упершыню асмеліўся загаварыць з полацкім князем, да акенца патрохі пачалі падпускаць людзей. Гэта незвычайна абрадавала палонных княжьгааў. Кладучыся спаць, яны ўжо нецяргоііва думалі пра заўтрашнюю раніцу, меркавалі, хто першы падыдзе да акенца. Найбольш падабалася ім, калі ў адведкі да поруба прыходзілі палачане і чулася крывіцкая гаворка. Твары ў княжычаў святлелі. Усяслаў з радасцю глядзеў на сыноў, бо не хацеў, каб сум і крыўда на лёс грызлі іхнія сэрцы. «Маладое сэрца павінна жыць у весялосці, — думаў Усяслаў. — Не ад віна гэта веся-лосць, не ад гуляў-скокаў. Ад моцнага пляча, ад разумнай галавы і відушчай душы».

Пакуль яшчэ спалі сыны, ён стаяў у цемры і кожнай клетачкай цела адчуваў нараджэнне новага дня. Ён быццам бачыў, як залаціцца неба, як густы малочна-белы туман залівае Дняпро ва ўсёй яго шырыні. Спіць Гара, спіць Падол, а ўжо сонца, магутны Ярыла, сын Дажджбога і Лады, ахоўнік мужчынскай сілы, пачынае нацягваць свой залаты лук, пускае вогненныя стрэлы. Высокагаловая Сафія першая сустракае палёт гэтых стрэл, радуецца ім, бо адступае пераможаны змрок, бо, злосна скрыгатнуўшы зубамі, хаваецца за чорную хмару Абіда, багіня смерці і няшчасцяў. Хмара гэта сплывае з кіеўскага неба, ляціць за раку Сулу, за Харол і Вараскол, туды, дзе гудзе ад конскіх капытоў, дыміцца начнымі бяссоннымі вогнішчамі Палавецкая зямля, Дэшті-Кыпчак. Там вострыць шаблі тысячаротная галодная арда. Там на сухіх стэпавых узлобках стаяць пласкатварыя каменныя бабы, нямыя і загадкавыя, як вечнасць. Што за народ паставіў іх? Дзеля чаго? А можа, яны ўпалі, зваліліся калісьці з неба, бо неба, як і зямля, напоўнена камянямі, праўда, не халоднымі, а гарачымі. Два сонцавароты назад вісела над зямлёй, гарэла ў начным небе хвастатая, крывававаласатая зорка, якраз тады, калі ішоў Усяслаў браць Ноўгарад. Гэта было кепскім знакам, такім кепскім, што некаторыя воі затыкалі вушы і заплюіпчвалі вочы. Тады разліўся, разбух ад вялікай вады Волхаў, а маланкі ў час навальніцы былі падобныя на карэнні вырваных бурай дрэў. Усяслаў адолеў страх, узяў Ноўгарад, зняў з цэркваў званы, радаваўся, але радасць закончылася крывавай Нямігай, цёмным порубам. Смяротны чалавек не можа змагацца з вечным небам. Неба мацнейшае ўжр тым, што высока ўзнята над чалавечай галавой і кожнае імгненне можа ўдарыць па гэтай галаве Перуновай стралой або гарачым каменем. Але хочацца, ой як хочацца паспрачацца з небам, перахітрыць яго. Нездарма ў грэкаў былі тытаны, быў Праметэй. Усяслаў стаяў у цемры, думаў пра ўсё гэта, чуйна прыслухоўваючыся да наваколля і да самога сябе.