Разгарэўся дзень. Пайшлі да поруба людзі. Паміж імі былі і сябры і ворагі. Усяслаў успамінаў старую з яе балотнай жабай, з яе ядавітай злосцю і ўжо з асцярогаю пазіраў на акенца. А сыны радаваліся кожнаму чалавечаму твару.
Недзе пасля абеду сеў ля акенца, узяўшыся рукамі за грудзі, сумны чалавек з пастрыжанай галавой. Памаўчаў, потым няўпэўнена гукнуў:
— Князь! Князь Усяслаў!
— Хто ты і што табе трэба? — падаў голас Усяслаў.
— Падыдзі бліжэй, стань на святло, каб я цябе ўбачыў.
Усяслаў выйшаў са змроку поруба на болыы віднае месца. У чалавека радасна ўспыхнуў твар. Ён шырока перахрысціўся, сказаў:
— Дзякуй Богу, што я цябе ўбачыў. Цяпер і паміраць можна. Я сёння памру. Чуеш князь? Я сённяпамру.
— Хто ты? — спытаў Усяслаў.
— Залатар Дзяніс. Жыў у Менску, у тваім горадзе, князь Усяслаў. А сёння я — чорны раб рамея Тарханіёта.
— Чаму ты кажаш, залатар, што сёння памрэш? Толькі самагубцам дадзена ведаць часіну сваёй смерці. Але як полацкі князь, як твой князь, я забараняю табе накладваць на сябе рукі. Чуеш, залатар? Жыві. Той, хто жыве, заўсёды спадзяецца на лепшае.
Дзяніс горка засмяяўся.
— Я памру непадалёку ад твайго поруба. Яшчэ ўчора я быў здаровым чалавекам, яшчэ сёння раніцой. Ды, пэўна, рамеі накармілі мяне атрутай. Але я не баюся смерці. Навошта жыццё рабу?
— Жыццё дае Боц і толькі ён забірае яго з чалавечага цела, — загаварыў Усяслаў, але Дзяніс перапыніў яго:
— Ты не быў рабом, князь, хоць і сядзіш у цямніцы. Ты — князь. Як і ўсе князі, ты жывеш на небе, а я, раб, жыву пад зямлёй. Скажы мне, князь Усяслаў, чаму ляжыць у дыме і попеле Полацкая зямля? Чаму зруйнавалі Менск, а мяне, як і многіх, пагналі з палонам, сюды загналі?
— Таму, што Яраславічы перамаглі мяне і маю дружыну, — ціха адказаў Усяслаў. — Павер, я не хацеў зла крыўскай зямлі, але яны адолелі мяне.
— Ты не хацеў зла сваёй зямлі. Я веру. Але навошта ўсё сваё жыццё ты ваюеш? Навошта льюць кроў дружыннікі і смерды? Скажы, навошта?
— Я хачу, каб Полацк быў моцны, — цвёрда вымавіў Усяслаў. — Я хачу ўзяць у свае рукі дняпроўскія і дзвінскія волакі.
— Навошта так шмат крыві? — зноў перапыніў князя Дзяніс. — Зямля хоча спакою. Войскі конь топча жыта, і дзеці смердаў паміраюць з голаду. Сцены гарадоў не паспяваюць узняцца, вырасці, як іх зноў пажырае агонь. Рамеснікаў, усіх рукадзельных людзей гоняць у палон. А ты, князь, хочаш узяць волакі, хочаш дзвюх сарок у руцэ ўтрымаць. Падумай і спыніся.
— А што даецца лёгка? — спытаў Усяслаў. — Не для лёгкага жыцця прывёў нас Бог на гэту зямлю. Для барацьбы, для працы. Чуецца мне, залатар, голас Рагнеды. I кажа яна: «Змагайся, князь».
— Цябе не перагаворыш, — сумна сказаў Дзяніс. — Што ж... Кожны з нас дзве торбы носіць: адну перад сабою, другую — за плячамі. У пярэднюю складваем чужыя памылкі, у заднюю — свае. Цяжкая пад старасць будзе ў цябе задняя, заплечная торба, князь Усяслаў. Але не я табе суддзя, а Бог.
Залатар пабляднеў, моцна прыціснуў да грудзей рукі. Яго павяло ўбок, нейкая сіла пачала выкручваць, як бы ламаць суставы. 3 рота палілася чорная сліна.
— Бывай, князь, — прахрыпеў Дзяніс, выхапіў з-за пазухі маленькі васковы шарык і кінуў яго ў акенца. Затым, пахістваючыся, узняўся на ногі і з мокрай галавою, бо раптоўна абліўся халодным потам, пайшоў, пашіёўся ад поруба. На кожным кроку ён спатыкаўся, галава абвісла на грудзі. Вой-ахоўнік падбег да яго, хацеў даведацца, што за чалавек, але не паспеў вымавіць ні слова, бо Дзяніс, шырока хакнуўшы ротам, пляснуўся на зямлю каля ягоных ног, спусціў дух.
— Хто гэта быў? — спытаў у бацькі Барыс.
— Чалавек, — адказаў Усяслаў. — Чалавек... Ён падняў васковы шарык, пакруціў у руках, потым, здагадаўшыся, моцнымі пальцамі расціснуў, разламаў яго. Ядвабную стужку, скручаную ў камячок, знайшоў ён усярэдзіне шарыка, падышоў бліжэй да святла. Усяслаў трымаў яе асцярожна, кончыкамі пальцаў, бо стужка магла быць атручаная. На стужцы ён прачытаў: «Базілеўс Раман Дыяген, зямны Усётрымацель, Уладар Візантыі і цёплых мораў, шле парфіраноснае прывітанне табе, полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч. Чуў я, што ты жывеш у смутку, у цямніцы. Але лепш добраахвотна сумаваць, чым змушана, пад бізуном, радавацца. Помні пра Візантыю, і Візантыя заўсёды будзе помніць пра цябе. Чакай змен. Гэта пасланне спалі. Арсеній».
Усяслаў задумліва ўзняў галаву ўверх, да акенца, адкуль прыляцеў шарык. Хто такі Арсеній? Чаго хочуць ад яго, полацкага князя, рамеі? Чаго хоча Раман Дыяген? А можа, гэта хітрыкі Ізяслава?