Выбрать главу

Ён выбіў з крэсіва іскру, запаліў кароценькі аплывачак свечкі, паднёс ядвабную стужку да агню. У любым выпадку стужку трэба спаліць, бо не выключана, што варта можа адшукаць поруб, ператрэсці ўсё, і калі воі знойдуць гэта пасланне, яму і сынам пагражае смяртэльная небяспека. Той, хто напісаў загадкавае пісьмо, можа, і хоча, каб меч выпрабаваў моц князевай выі.

Візантыя магутная, дакладней, была магутнай. На шмат стагоддзяў перажыла яна сваю сястру заходнюю Рымскую імперыю. Страшны ўдар нанеслі Рыму вестготы, а потым прыйшоў Адаакр, варвар-наёмнік з германскіх лясоў, і скінуў апошняга рымскага імператара Ромула Аўгустула. Візантыя засталася збоку, ацалела. Базілеўс Юсцініян, сялянскі сын, уліў у яе новую сілу, пабудаваў крэпасці на Дунаі, умацаваў войска. Але даўно няма Юсцініяна, і паступова з залатога сасуда імперыя ператварылася ў шчарбаты гліняны гаршчок. Праўда, яна яшчэ трымаецца на нагах, захапіла балгараў. Ды ідуць з усходу і поўдня ваяўнічыя плямёны, б'юць і б'юць у візантыйскую сцяну...

Усяслаў у глыбокім одуме стаяў насупраць акенца. Сцішыліся, засумавалі сыны і нават не ўспомнілі пра свой любімы занятак — гульню ў косці. Хоць яны не ведалі, што было напісана на ядвабнай стужцы, яны бачылі, як усхваляваўся бацька, і хваляваліся, перажывалі разам з ім.

Чаго хоча Візантыя ад яго, палоннага князя, ад яго, ізгоя? Рамеі ніколі не пачынаюць справу, якая не дае ім нейкай карысці. Гэта Усяслаў добра ведаў. Хітрасці на Палатыі, у пакоях парфіраносных базілеўсаў, заўсёды хапала. На стужцы напісана, што чакаюцца змены. Якія змены? Пэўна, вялікі князь Ізяслаў пасварыўся з Візантыяй, і рамеі хочуць скінуць яго, пасадзіць на сталец новага князя. Але па кіеўскім законе гэта павінен быць адзін з Яраславічаў. Нельга прыйсці збоку, прыйсці з невядомасці, з бязроддзя і стаць вялікім князем. Гэта будзе узурпатарствам, а узурпатара веча закідае каменнямі. Хаця калі ўглядацца ў мінулыя дні, то можна ўбачыць людзей, што не знанай крывёй бацькоў, а ўласным розумам і сілай узялі залаты сталец. Быў жа ў ляхаў Пяст, звычайны смерд, які рабіў колы для фурманак, а стаў каралём. Як каму пашанцуе ў жыцці, як усміхнецца чалавеку ўдача. Удачлівы — гэта такі чалавек, што склаў сабе падмурак з тых камянёў, якімі яго напачатку закідвалі.

Пасля залатара ніхто не падыходзіў да акенца. Пэўна, варце здаўся падазроным чалавек, які нечакана для ўсіх памёр каля поруба. Некалькі дзён Усяслаў з сынамі не чулі людскога голасу. Але потым народ хлынуў зноў: рамеснікі з Падола, купцы з Брачыслававага падвор'я... Прыходзіў стары яўрэй у паношанай круглай ярмолцы. Доўгія сівыя пэйсы ляжалі на плячах. Глянуў сумным карычневым вокам, нешта сказаў па-свойму, кінуў у поруб срэбны дынарый. Дарэчы, грошы кідалі часта. Расціслаў збіраў іх у мяшэчак.

Недзе праз сядміцу пасля залатара ў шэры дажджлівы дзень асцярожна падышоў да акенца нізенькі тоўсценькі чалавек, нечым падобны на вожыка. У яго былі чорныя вясёлыя вочкі, здавалася, яму так хочацца засмяяцца, але ў такім месцы смяяцца не выпадала, і ён, аблізнуўшы сакавіта-чырвоныя губы, хуценька кінуў у поруб бяросту і знік. Усяслаў падняў бяросту, адчуў, як затахкала сэрца. Выціснутыя пісалам словы добра бачыліся ў паўзмроку на беласнежнай тонкай кары. «Князь Усяслаў Брачыслававіч, — было напісана на бяросце, — твае сыны і княгіня Крутаслава жывыя і здаровыя, моляць Бога за цябе, чакаюць цябе. Ведай, что ўся Полацкая зямля таксама моліцца за цябе і верная табе да скону, бо ты Рагвалодавіч і Рагаедзіч, крыві нашых старадаўніх князёў. Дружына чакае цябе, а я, старшы дружыннік Раман, Іпто з табою ад Нямігі да Ршы бец тут — у Кіеве, непадалёку ад поруба. Спадзявайся на лепшае. Мы памром, але вызвалім цябе. Божа, памажы рабу свайму Усяславу».

Гэта быў нібы голас з нябёсаў. Даўно чакаў Усяслаў такую бяросту, стаміўся чакаць, перастаў чакаць, падумаўшы, што ўсе адмовіліся ад яго, забыліся пра яго, і вось белая птушка надзеі скінула ў цямніцу сваё пяро.

— Сыны мае, дзеці, — усхвалявана сказаў Усяслаў, — ёсць яшчэ на зямлі добрыя верныя людзі, ёсць адважныя воі.

Расціслаў з Барысам падышлі да бацькі. Ён абняў іх, бліскаючы вачамі, гаварыў далей:

— Князь Брачыслаў, мой бацька, а ваш дзед, які далучыў да Полацка Віцебск і Усвят, перад сконам сваім паклікаў мяне і сказаў: «Сыне Усяслаў, калі Бог дасць табе мой сталец з праўдай, а не з насіллем, і калі прыйдзе да цябе смерць, загадай пакласці сябе, дзе я буду ляжаць, каля маёй труны». Думаў я, дзеці, што не суджана мне выканаць волю бацькі майго, што памру далёка ад нашай радзімы, ад светлага Полацка, што не ўбачу ніколі Дзвіну, дарагі наш Рубон. Але сілы і веру мне вярнула вось гэтая бяроста. Ёсць людзі, сыны, якія верна служаць нашаму княжацкаму дому, якіх не асляпіла і не аглушыла бяда. Яны рыхтуюцца выбавіць нас на белы свет з-пад зямлі. Памолімся ж за іх.