Яны, бацька і сыны, сталі на калені і перад маленькай кволай свечкай пачалі маліцца з усёй шчырасцю і страсцю. Потым Расціслаў папрасіў:
— Дай, бацька, патрымаць бяросту.
Узяў, пачытаў напісанае і знерухомеў. I ўбачыўся яму вясновы Рубон, сонца на хвалях, залатыя пырскі, пясчаная, абхлешчаная ветрам строма і на самым версе гэтай стромы, здаецца, у аблоках — бярозка. Маладая, зеленакосая, белацелая. Як хацелася яму дакрануцца да цёплай вільготнай кары, пачуць трывожна-радасны шум вецця, стаць пад мільготкімі кроплямі, якія градам падаюць на галаву, як толькі датыкнешся плечуком да ствала.
Барыс таксама прачытаў напісанае на бяросце, таксама ўзрадаваўся. Яго ўжо так даканалі поруб, змрок, беднае прыніжанае жыццё пасля раскошы княжацкага церама, што ён гатовы быў кінуцца ў пельку, у агонь, толькі б нешта змяніць, парушыць у сваім няшчасным лёсе. Ён быў жыццялюбам, ён любіў віно, жанчын, прыгожае адзенне, багата прыбраных коней, любіў ловы, сакалінае паляванне, смачную ежу, і яго даводзіла да шаленства думка, што ў той час, як ён жыве жыццём падземнага чарвяка, нехта карыстаецца ўсім гэтым, нехта млее ад асалоды. «Усё з-за бацькі, — думаў ён. — Мала яму было Полацка, захацеў прыбраць да рук Ноўгарад і Смаленск, быццам там мёд п'янейшы».
Усяслаў хацеў быў спаліць бяросту на свечцы, ды кволы слабы язычок полымя толькі лізаў яе, не мог адолець. Тады князь моцнымі пальцамі пачаў ламаць, разрываць бяросту на дробныя кавалачкі і закапаў у самым куце поруба, там, дзе з-пад гнілых збуцвелых дошак выглядвала палоска цёмнай халоднай зямлі. Старанна выцер гарахавіннем рукі, па-змоўніцку ўсміхнуўся сынам.
— Будзем жыць, — сказаў Усяслаў. — Хай Бог трошкі пачакае, на неба я яшчэ пакуль не спяшаюся.
Барыс уздрыгнуў ад такіх святатацкіх слоў, спалохана перахрысціўся. Расціслаў падышоў да бацькі, пацёрся, як маладзенькі козлік, галавою аб ягоныя грудзі.
Жыццё ў порубе зрабілася весялейшым, нібы ў апраметнай цемры нехта запаліў агеньчык. Нават самая мізэрная надзея дае чалавеку сілу. Адбярыце ў чалавека надзею, і ён адразу памрэ, а калі не памрэ, дык ператворыцца ў рахманага дурнога вала, які дрэмле, аблеплены пякучымі мухамі, што залазяць яму ў самыя ноздры, і перакочвае ў роце зубамі і языком сваю бясконцую жвачку.
Праз некалькі дзён вой-ахоўнік сказаў у акенца:
— Зноў загадана цябе, князь, узяць з поруба і паставіць перад светлымі вачамі вялікага князя Ізяслава Яраславіча.
— Засумаваў без мяне твой князь? — скупа ўсміхнуўся Усяслаў.
Але вой быццам не пачуў ягоных слоў, адышоўся. У акенца заляцела дажджынка.
Вялікі князь Ізяслаў не ведаў, што рабіць з палонным полацкім князем. «Дарэмна я схапіў яго каля Ршы, — думаў бяссоннымі начамі Ізяслаў. — Толькі рукі сабе звязаў... Хай бы бегаў гэты ізгой на злом галавы па балотах і пушчах, нехта б прыкончыў яго».
Баяры, асабліва Чудзін і брат яго Тукэ, раілі забіць Усяслава. Без крыві ўсё роўна не абысціся, дык чаго чакаць? Хіба мала ахоўнікаў? Няхай адзін з вояў добра стукне кап'ём, і ўсё. А княжычаў можна завезці ў манастыр.
Спачатку іх падтрымліваў і Святаслаў, але потым, седзячы ў сваім Чарнігаве, перадумаў, не захацеў браць кроў на душу.
Супраць забойства адразу ж падаў свой голас малодшы Яраславіч, Усевалад Пераяслаўскі. 3 княгіняй, маладой светласкурай рамейкай з роду Манамахаў, ён некалькі разоў прыязджаў у Кіеў і слёзна прасіў вялікага князя сцішыць гнеў, быць мудрым. «Родзічаў нам пасылае неба, сяброў жа мы выбіраем самі, — казаў ён старэйшаму брату. — Забіўшы палоннага і безабароннага, мы страцім шмат нашых сяброў. Што дасць табе гэта смерць? Братні нам па крыві Полацк ты назаўсёды адарвеш ад Кіева. Добра памаліся і добра падумай».
Ізяслаў маліўся, думаў, не спаў, змучыўся. Удача гэтым летам павярнулася да яго спінаю. 3 поўдня ціснулі полаўцы, на захадзе грымелі мячамі ўгры, і нават кароль ляхаў Баляслаў, родзіч, перабягаў цераз Буг, паліў гарады і весі. Усе, хто мог, упіваліся зубамі ў кіеўскую зямлю. Так ганчакі грызуць на ловах мядзведзя.
«Заб'ю Усяслава, — думаў, шалеючы ад свайго бяссілля, вялікі князь. — Нездарма кажуць смерды і рукадзельныя людзі, што ён ваўкалак. Гора прынёс мне полацкі князь. Заб'ю яго». Але супакойвалася сэрца, і ён разумеў, што не адважыцца забіць, бо Святаполкам Акаянным назаве яго Руская зямля. Ён жа, сягаючы думкамі ў будучае, хацеў, каб пасля смерці з любоўю ўспаміналі яго ўсе, як успамінаюць бацьку ягонага Яраслава Мудрага. Спустошаны, знясілены цяжкімі згрызотамі, павярнуў вялікі князь душу сваю і вочы свае да царквы, загадаў завезці ў Пячэрскі манастыр багатыя дарункі: тры вазы карчаг з віном і пяць вазоў з хлебам, сырам, рыбай, гарохам і мёдам. Адразу ж да князя прыехаў ігумен Феадосій, сказаў: