Выбрать главу

— Голад цялесны быў у нашай абіцелі, плакалі чарняцы, выграбаючы апошнюю жменьку мукі з сусекаў але ты, хрысталюбец, успомніў пра нас, сірых і бедных. Келар [Келар — загадчык манастырскай гаспадаркі], молячыся за цябе, наварыў ддя браццяў пшаніцы з мёдам. Ты не з тых, што з'ядаюць сваіх дзяцей замест хлеба. Жыві ж і слаўся, вялікі князь!

Ізяславу было прыемна слухаць такія словы. Ён пасадзіў Феадосія побач з сабою, пачаў шчодра частаваць. Але ігумен, строга звёўшы суровыя бровы, адмовіўся. Ізяслаў піў і еў адзін і, калі хмельнае віно зрабіла сэрца празрыста-лёгкім, пажаліўся ігумену:

— Адзін раз жывём на гэтай зямлі, святы ойча. Пойдзем некалі адсюль. Будзем жыць у раі, на небе... А сюды не вернемся, ніколі не вернемся. Траву зямную не ўбачым...

Феадосій здзіўлена зірнуў на вялікага князя.

— Рабі добрае, — сказаў ён, — і такія думкі не будуць засмучаць цябе. Трава зямная — тлен. Апошняя каза можа згрызці яе. Думай пра небясны вечны эфір. Зямное жыццё — падрыхтоўка да жыцця нябеснага.

— А як рабіць добрае? — запытаўся Ізяслаў. — I што такое добрае? Калі я забіваю свайго ворага — добра мне, але дрэнна яму, ягонай жонцы і дзецям.

— Бог — адзіны суддзя, — перахрысціўся ігумен. — Вышэйшы суд на небе.

Ізяслаў таксама перахрысціўся, ціха вымавіў:

— Не магу рашыць, што мне рабіць з Усяславам.

— 3 полацкім князем, які сядзіць у порубе? — выцер вусны ядвабнай вышыванай хустачкай Феадосій.

— 3 ім. Парай, святы ойча.

На нейкі міг павісла маўчанне. Промень сонца ўляцеў праз каляровае шкло акна, і, здалося, успыхнула віно ў высокіх срэбных кубках.

— Ты спазніўся, — сказаў нарэшце ігумен і растлумачыў: — Яго трэба было забіць на Дняпры, каля Ршы, трэба было забіць учора, а сёння ўжо позна. Пра яго ведае ўвесь Кіеў. Калі ты яго заб'еш, заб'еш у порубе, ён зробіцца пакутнікам у вачах усіх, і Русь не даруе табе.

— Што ж рабіць? — пазмрачнеў Ізяслаў. — Выпускаць яго нельга, бо ён адразу схопіць меч і сядзе на каня.

— Я з ахвотаю ўзяў бы яго чарняцом у сваю абіцель.

— Чарняцом? Усяслава? — аж прыўзняўся з мяккай венецыянскай канапы вялікі князь. — Хіба такія ідуць у манастыр? Ды ў яго душа з агню, а не з воску. Нездарма кажуць, што ён пярэварацень, ваўкалак. Ручным ён ніколі не будзе. Ніколі.

Апошнія словы Ізяслаў амаль выкрыкнуў. Феадосій жа быў спакойны. Узняўся, падышоў да акна, пагладжваючы сухімі цёмнымі пальцамі вялікі залаты крыж на грудзях. Потым павярнуўся да вялікага князя:

— Ёсць у мяне ў абіцелі чарнец Мяфодзій. Ужо семнаццаць сонцаваротаў сядзіць у сваёй келлі. Святы праведнік, а праведнасць, як вядома, лучыць чалавека з усім, што над зямлёй, на зямлі і пад ёю. Лучыць людзей з Богам і між сабой. Гэты Мяфодзій, як і Усяслаў, родам з Полацкай зямлі і, як прызнаўся на споведзі, у маленстве сябраваў з князем Усяславам, бо быў у ягонага бацькі Брачыслава сядзельнічым. I называлі яго тады не Мяфодзіем, а Ярунам.

— Пра яго твае чарняцы Арцемій і Улеб мне гаварылі, — перапыніў Феадосія Ізяслаў.

— Гаварылі, — задаволена ўсміхнуўся ігумен. — I яшчэ яны гаварылі табе, вялікі князь, што ў гады маладосці і сілы гэты Мяфодзій быў агідным паганцам, ворагам Хрыста. У глухіх лясах, у ямах і на балотах маліўся са сваімі хаўруснікамі Перуну. I княжыча Усяслава павёў за сабою да ідалаў, хацеў зрабіць паганцам. Так атруціў дуіпу княжычу, што той як сшалеў — кожны дзень бегаў з горада ў дрыгву Перуну маліцца. Веру ў Хрыста, у Святую Тройцу называў ён казкай, якую прыдумалі прыблудныя рамейскія чарнарызцы. Цяжка было з ім князю Брачыславу. Баяры пачалі гаварыць, што сын-паганец у полацкага князя расце, што вялікая бяда будзе, калі гэты няверац сталец возьме. Плакала княгіня, лютаваў стары Брачыслаў. Але ні лаза, ні пакаянныя пасты і малітвы не дапамагалі, і раптам цуд адбыўся — паказаў Усяслаў князю-бацьку і ягонай дружыне патаемнае лясное логвішча полацкіх паганцаў. Там адных ідалаў з сотню было. Усіх пасеклі дружыннікі, у агонь і ў багну пакідалі. Многіх стараверцаў узялі за кадык і забілі. I вось я думаю: што перамяніла тады Усяслава?

— Хрысціянская вера душу асвяціла, — сказаў Ізяслаў.

— Гэта так. Ваісціну справядлівыя словы твае, вялікі князь, — перахрысціўся Феадосій. — Але кожны новы дзень пачынаецца з самага першага сонечнага праменьчыка. Што было тым праменьчыкам?