Усяслаў, прыгінаючыся, выйшаў з пячоры.
Раздзел чацвёрты
Белавалода з Ульяніцай і Ядрэйку выратаваў ад рахманаў Раман. Са сваёй дружынаю ён прабіраўся лясной глухаманню ад Полацка да Менска. У Менску да яго павінны былі прыйсці з дзесятак надзейных вояў, і ў Менску ж смалілі, рыхтавалі ў далёкую дарогу лоддзі. Кірунак быў адзін: па Свіслачы ў Дняпро, а там — у Кіеў, каб вызваліць з поруба Усяслава.
Ядрэйка адразу бухнуўся на калені перад Раманавым канём, натхнёна загаварыў:
— Дзякуй вам, баяры вы мае дарагія! Карачун чакаў нас, тлен, магільны чарвяк, і за што? За тое, што хацелі, каб яшчэ адной чалавечай душою было болей на свеце. А-я-яй, якіх жахаў мы нацярпеліся, якіх страхоццяў набачыліся. Кожны мой валасок яшчэ і зараз трымціць. Ды асабліва было шкода нашу прыгажуню, нашу Ульяніцу. Але ж Бог ведае, што робіць, і, напэўна, мы заслужылі такога вялікага страху, бо нездарма кажуць людзі: хто рыбку хоча, у таго хвост у вадзе.
Раман з недаўменнем пазіраў на нізенькага тоўсценькага гаваруна з лысай галавою, з вясёлымі чорнымі вочкамі. Сам ён быў маўклівым чалавекам, ашчаджаў словы, сказаць лішняе слова ддя яго было, што курыцы знесці залатое яйка. Рыбалоў жа, якога шчасліва абмінула смяртэльная страла, вёў сваё:
— Яшчэ раз дзякуй вам у ногі, баяры вы мае дарагія. Выбавілі нас, нанова на белы свет нарадзілі. Думаеце, я стары, дык мне ахвота паміраць? Стары ці малады — смерць у зубы не глядзіць. Але ж пажыць ахвота, ой ахвота, зялёную травіцу ўбачыць, птушку лясную пачуць, каля бабскага цёплага пляча паспаць. У поле выйсці, каб вятрэц, вясновы, свежы, пашчыкатаў.
— Годзе, — не вытрымаў Раман. — Спыніся. Ты, як млын — круціш і круціш. Хто ты?
— Ядрэйка. Хрысціянін. Менскі рыбалоў — весела стаў на ногі, абтрос калені Ядрэйка. — А гэта...
— А іх я сам спытаю, — Раман строга паглядзеў на Белавалода і Ульяніцу. — Хто вы?
— Я залатар з Менска, — разгублена сказаў Белавалод. — Яна мая жонка, Ульяніцаю клічуць.
Белавалода ўсё яшчэ трэсла ад нядаўняга страху і страху не за сябе, а за Ульяніцу, за тое новае жыццё, якое яна, калі Бог злітаваўся, носіць у сабе. Ён стаяў побач з жонкаю, пазіраў на незнаёмых вояў, што выязджалі з лесу.
— Хто на вас напаў? — запытаў Раман. — 3-за чаго напалі? Вунь пад кустом адзін забіты ляжыць, астатнія ўцяклі. Што гэта за людзі?
— Баяры вы мае дарагія, — зноў ублытаўся ў гаворку Ядрэйка, — а з-за чаго авадзень, сляпіца паганая на гавяду нападае, кароў і валоў джаліць? А хто напаў, не ведаем. Той, што пад кустом валяецца, ужо не скажа.
Белавалоду спадабалася, што Ядрэйка рашыў не расказваць, нічога не гаварыць пра лясных людзей рахманаў. Тыя рахманы, якія хацелі забіць іх, былі, ён не сумняваўся, людзьмі Гнеўнага, і была іх усяго жменька. Але няхай незнаёмыя чужыя людзі не ведаюць пра вялікую лясную абшчыну, пра Добрага, няхай не перашкодзяць ім жыць удалечыні ад гарадоў і весяў, жыць сваім жыццём.
— Пэўна, на іх напаў Іван Вогненная Рука, — сказаў Раману Гняздзіла, які, пакінуўшы баярыча Гвая, з радасцю зрабіўся служкам у княжага дружынніка.
— Во-во, гэты мог напасці, — узбуджана загаварыў Ядрэйка, але Раман, нават не зірнуўшы на рыбалова, спытаўся ў Гняздзілы:
— Адкуль табе вядома такое?
— Ды ўсе смерды, усе купцы, што ездзяць і плаваюць з таварам, праклінаюць яго. Таць ненажэрны. Як грак — сам малы, а рот вялікі.
— Ты бачыў Вогненную Руку?
— Даводзілася, хай яго чэрці ў пекле бачаць.
— I я Івана бачыў, — не ўцярпеў Ядрэйка. — Як вас бачу, баяры вы мае дарагія.
Але Раман, які чамусьці адразу ж не ўпадабаў Ядрэйку, не даў яму дагаварыць, сказаў Белавалоду:
— Плывіце на сваім чоўне, а я з дружынай берагам пайду. У Менску, дасць Бог, сустрэнемся.
Белавалод, Ульяніца і Ядрэйка зноў селі ў дубоўку, накіраваліся ўверх па Свіслачы. Іхнія збавіцелі на чале з Раманам, б'ючы здарожаных коней нагайкамі, зніклі між дрэў.