— Строгі, — сказаў пра Рамана Ядрэйка. — I гарачы, як жар у печы. Люблю такіх людзей.
Белавалод з Ульяніцаю маўчалі. Змоўк нарэшце і Ядрэйка. Летні дзень убіраўся ў самую сілу. Пякло сонца. Гусцелі хмары над ракою і над лесам. Задуха была страшэнная, і Белавалод, які напераменку з Ядрэйкам гроб вяслом, абліваўся гарачым салёным потам. Ульяніца зрабіла з бяросты кубарык, зачэрпвала ў рацэ ваду, гэтай вадою пырскала на разагрэты мужаў твар.
Гучней загаварылі, захісталіся дрэвы. Моцны вецер наляцеў з неба, шкрабануў пругкім крылом па рацэ. Палахлівыя дробныя хвалі пачалі танцаваць наўкол. Раптоўна схавалася, як правалілася, у тоўшчу хмар сонца, і трывожны змрок абрынуўся на раку і лес. Глуха ўдарыў далёкі гром. ЯІпчэ не было Ў ім ярасці і гневу, здавалася, спрасоння зароў у яловым гушчары мядзведзь. Чырвоныя промілыі маланак востра прашылі суровую і насцярожлівую трапятлівасць хмар. Гром ударыў мацней, званчэй. Ужо ў ягоным высокім і раскацістым водгуллі пачулася няўмольная пагроза, ужо сталёвыя мячы скрыжоўваліся ў нябёсах і вогненныя іскры ляцелі ва ўсе бакі ад гэтых мячоў.
Ядрэйка спалохана перахрысціўся, звузіў вочы, усклікнуў:
— Пярун прачнуўся, баяры вы мае дарагія. Лук свой шукае, зараз шчоўкне стралой па рацэ.
— Мне страшна, — прыхілілася да Белавалода Ульяніца. Кропелькі поту ззялі ў яе на смуглых скронях. Белавалод пачаў падварочваць дубоўку да берага, ды яна заўпарцілася, не слухалася вясла. Магутнейшы віхор уварваўся ў цясніну лесу, па дне якой бегла рака, паламаў, паіпчапаў некалькі дрэў, скрышыў, сцёр са ствалоў сухія галіны, уціснуў, утаптаў у ваду прыбярэжныя хмызнякі. Рака забурліла, зараўла, крутнулася ў цесных берагах і быццам раскалолася на дзве палавіны. На нейкае імгаенне на сярэдзіне ракі мільганула глеістае цёмнае дно. Гнілыя калоды, упіўшыся вострым суччам у зямлю, ляжалі на дне.
— Белавалод! — роспачна крыкнула Ульяніца. Велізарная хваля падхапіла дубоўку і шпурнула, нібы яловую шышку, на бераг. Адразу густы шыпучы дождж ударыў па рацэ, па лесе.
— Што гэта было? — высунуў галаву з куста, у які яго закінула хваляю, Ядрэйка. — Пэўна, шалёны цмок прабег па Свіслачы.
Але Белавалод не слухаў рыбалова. Ён стукнуўся галавою аб камель бярозы, і ў вачах скакалі нясцерпныя бліскаўкі, а вушы быццам былі заткнуты мохам. Ён сеў, абхапіў галаву рукамі. Ён глядзеў на раку, на лес, на бледнага Ядрэйку і не разумеў таго, што адбылося і што адбываецца, не разумеў сам сябе. Ён, хоць забі яго, не мог даўмецца, не мог успомніць, як і чаму апынуўся тут, у гэтым лесе, ля гэтай ракі. Ядрэйка нешта казаў яму, потым крычаў на самае вуха, але Белавалод сядзеў, як каменны.
— Мазгі хлопцу адбіла. А-я-яй, — прыцмокнуў языком Ядрэйка. Рыбалоў сваімі шурпатымі рукамі пачаў церці Белавалоду скроні, лёгенька цягаў яго за вушы, тармасіў. Раптам нібы нешта шчоўкнула ўвушшу, вылецеў з іх агідны мох, і адразу вярнулася памяць. Белавалод прутка ўскочыў на ногі, крыкнуў:
— Дзе Ульяніца?
Яна ляжала непадалёк, раскінуўшы рукі, і здавалася нежывою. Белавалод ірвануўся да жонкі, стаў перад ёю на калені, зазіраў у вочы, слухаў яе дыханне, потым узяў на рукі, пачаў калыхаць, як малое дзіця. Увесь час ён паўтараў:
— Ульяніца, ці чуеш ты мяне? Адкрый вочы.
Ульяніца маўчала, нават, здавалася, не дыхала, і едкі страх апаліў сэрца Белавалоду. Яму здалося, што жонка памерла. Белавалод паклаў яе на траву, апусціў у бяссіллі рукі, заплакаў. Але Ядрэйка не разгубіўся, як і Белавалоду, пачаў церці Ульяніцы скроні, пачаў лёгенька біць яе па шчоках і прыгаворваў:
— Раней смерці ў магілу не кладзіся... Раней смерці ў магілу не кладзіся...
Між тым дождж перайшоў у сапраўдны лівень, лес аж стагнаў, курчыўся пад ярасным напорам вады, што ляцела і ляцела з нябёсаў. Вогненнай касой махала над лесам маланка. Гром бухаў ва ўсе званы. Яны прамачыліся да апошняй ніткі, пакуль ачомаліся і здагадаліся перанесці Ульяніцу пад густую старую елку. Навокал на лужах і лужынках ускоквалі бліскучыя дажджавыя бурбалкі. Здавалася, мноства грыбоў высоўваюць з-пад зямлі свае галоўкі.
Нарэшце Ульяніца расплюшчыла вочы, зірнула на Белавалода і Ядрэйку. I хоць усіх траіх дождж абліў з галавы да пятак, яна ўбачыла слёзы на шчоках у Белавалода, слаба ўсміхнулася.
— Не плач... Я жывая...
— Ну і абрадавалі вы мяне, баяры вы мае дарагія, — аж падскочыў Ядрэйка. — А то я ўжо і сам не ведаў, на якім свеце жыву. Зараз мы цяпельца распалім, падсушымся. У сухасці душа весялейшаю робіцца. Я рыбалоў, я ведаю. Намочышся, бывала, як асака балотная, паўзеш дадому, і такая соль, такая брыдота душу раз'ядае, але чэкнеш крэсівам па крэмені, пададзьмеш трут і князем, вялікім баярынам робішся. Я так сабе думаю: чаму ўсе людзі агонь любяць? Таму што з агаю душа чалавечая.