Выбрать главу

Белавалод моўчкі глянуў на Ядрэйку, моўчкі ўзняўся, пакрочыў праз асінавую і бярозавую гушчэчу да гарадской брамы. Ядрэйка подбегам шыбаваў за ім. Яны прайішіі каля касцерні, над якой траскуча крычала вараннё. Белавалод ішоў нібы сонны.

У горадзе, там, дзе ляжалі камяні-булыгі для новай царквы, яны ўбачылі купку людзей. Вой у шлеме, у барвяным плашчы стаяў на самым вялікім камені і нешта гаварыў. Белавалод з Ядрэйкам падышлі бліжэй.

— Людзі добрыя, — казаў малады светлавалосы вой, — чорны дзень наступіў для Полацкай зямлі. У попеле, у гарачых вугалях ляжыць яна. Усюды, куды ні кінь вокам, вароп і знішчэнне. Ваўкі цягаюць з хат малых дзяцей, бо няма каму іх абараніць.

Вароны выклёўваюць вочы яшчэ жывым дзядам. Таці і галаўнікі ўжо не хаваюцца ў пушчах, а ў белы дзень выходзяць на дарогу, каб рабаваць. А наш князь Усяслаў Брачыславіч з сынамі сваімі сядзіць у Кіеве ў порубе і не можа свой меч узняць за Полацкую зямлю. Людзі добрыя! Нам вядома слава і сіла мянян, вядома, як мужна біліся вы на Нямізе. Паслужыце ж Полацкай зямлі! Аддайце ёй сваю сілу, спрыт і ўменне!

Ядрэйка навастрыў вушы, адным вокам пазіраючы на воя, другім — на Белавалода. Потым узяў залатара за руку.

— Гэта не ддя нас гаворыцца. Пойдзем адсюль. Пойдзем дахаты.

Але Белавалод вырваў руку, праціснуўся наперад, спытаў у воя:

— Скажы, добры чалавек, як я магу паслужыць Полацкай зямлі?

Вой зверху глянуў на яго, адказаў:

— Ідзі ў дружыну да ваяводы Рамана. Рукі ў цябе ёсць, вочы ёсць, адвагу ж у ваяводы пазычыш.

— Пойдзем дахаты, — як прыклеіўся да Белавалода Ядрэйка, але малады залатар бліснуў вачамі, рэзка і рашуча вымавіў:

— Дзякуй за прытулак, толькі не вярнуся я болей да цябе. Няма мне жыцця ў гэтым горадзе, бо не магу на магілу Ульяніцы глядзець. Пайду з ваяводам Раманам, куды ён павядзе. Пакідаю табе струмант свой кавальскі, а ты дай мне за яго, калі можаш, добрую дзіду, шлем і шчыт. Кальчуга і меч, хоць і старыя, ёсць у мяне свае. Бывай, Ядрэйка. Добрую ты маеш дупіу, ніколі я цябе не забуду.

— Апамятайся, Белавалод, — спалохаўся Ядрэйка. — Які з цябе вой? У першай сечы галаву згубіш, а галава ў чалавека адна.

Белавалод паклаў далонь на камень, на якім стаяў полацкі вой, і гэта азначала, што ён клянецца ў вернасці Раману, пойдзе з яго дружынаю. Ядрэйка борзда пабег дахаты, каб паклікаць на дапамогу жонку. Прыкацілася кругленькая Ядрэйчыха і разам з ёю дзеці. Гвалт усчаўся, віск. Ужо Ядрэйчыха ўгаворвала Белавалода, а сам Ядрэйка моўчкі стаяў збоку, жываток пагладжваў.

— Хто з канём, хто пешкі, збірайцеся, як сонца ўзыдзе, каля касцерні! — выгукнуў вой. — Ваявода Раман з вамі заўтра гаварыць будзе.

Да глыбокай ночы адгаворвала Ядрэйчыха Белавалода, але залатар сказаў ёй:

— Дзякуй, Настуля, за ласку тваю, за хлеб-соль, ды ўсё-ткі пайду я з дружынаю.

— А ты чаго сядзіш рот замазаўшы? — накінулася Ядрэйчыха на мужа.

— Я магу і легчы, — раздумліва прамовіў Ядрэйка. — Вялікі ад цябе, баба, гром, вялікі...

Ён узняўся з лавы, падышоў да акенца, зірнуў у яго. Ноч камянела на дварэ.

— I я не з голым жыватом, — ціха сказаў Ядрэйка. — Пайду і я.

— Куды пойдзеш? — не зразумела Настуля.

— У дружыну. Да ваяводы Рамана. Жонка на нейкі час анямела.

— Пайду і я, — ужо бадзёра казаў Ядрэйка. — У нашай радні я сама лепей з лука б'ю! Ого-го, як я б'ю!

Ён страсянуў маленькім цвёрдым кулачком.

— Сшалеў, — выдыхнула нарэшце жонка і загаласіла.

— Чаго ты равеш? — весела паляпаў яе па спіне Ядрэйка. — Лічы, што я на яцвяжскія азёры ў рыбу пайшоў. Далёка ад азёраў яцвяжскіх. Хлеб, гарох і мяса ў вас ёсць. Сядзіце і чакайце мяне. Ды перастань румзаць. Кожны сваё месца павінен ведаць. А месца ў нас такое: мужчына і сабака на двары, жанчына і кошка ў хаце.

Настуля слухала яго і плакала.

— От макравокая, — нязлосна вылаяўся Ядрэйка. — Адразу відно, што рыбакова жонка. Ну, не плач, Настулечка, не гшач. Я табе з дружыны, з паходу залаты і срэбны бранзалет прывязу.

— Спруцяней ты са сваімі бранзалетамі, — пачала хустачкаю выціраць слёзы жонка. — Навошта я пайшла за такога адарвірога? Пра дзяцей ты падумаў?

Але ў яе словах, у яе голасе ўжо чуліся лагода і пакора. Не першы год жыла яна з Ядрэйкам і добра ведала неспакойны нораў свайго мужа. Колькі разоў чакала яна яго з далёкай дарогі і прывыкла да такога пастаяннага чакання, як прывыкаюць да чорнай навальнічнай хмары.