Дзеці яшчэ спалі, калі Белавалод і Ядрэйка, развітаўшыся з Настуляй, рушылі да касцерні. Ядрэйка пацалаваў дзяцей, пацалаваў жонку, сказаў ёй:
— Ты ведаеш, дзе закапаны гаршчэчак з грыўнямі. Як будзе нявыкрутка, дастань з зямлі гаршчэчак. А я да Пакроваў вярнуся.
Ля касцерні сабралася чалавек пяцьдзесят мянян, усё болей маладзенькія хлопцы, народ шумны, гарачы, які яшчэ ні разу не пакаштаваў сапраўднай сечы. Гэта былі сыны рукадзельных людзей і купцоў, баярскія дзеці. Ядрэйка між імі быў самы старэйшы.
Сонца зайграла на ўсходзе, раззалаціла зарэчныя пушчы. Вецер то лётаў пад аблокамі, то бегаў па хмызняках і вострай балотнай асацэ. У Менску брахалі сабакі, бэкалі авечкі. Пахла цёплым гаркавым дымам. Нехта, махнуўшы рукою на паходы і на сечы, кляпаў лугавую касу.
— Ваявода едзе, — раптам загаварылі ўсе і павярнулі галовы ў бок Свіслачы. Раман ехаў на кані ў суправаджэнні трох дружыннікаў. Ён надзеў баявы шлем-місюрку з кальчужнай сеткаю, апрануў лускаваты панцыр са стальных пласцін, якія былі прымацаваны да скураной кашулі. Панцыр закрываў ваяводу да сцёгнаў. На нагах у Рамана былі зялёныя мяккія боты з ласінай скуры без абцасаў. У правай руцэ ваявода трымаў доўгае бранябойнае кап'ё, у левай — круглы чырвоны шчыт з пукатаю паверхняю. Такі шчыт цяжка ўзяць варожаму мячу.
Раман цвёрдай рукою спыніў каня, гучным голасам загаварыў:
— Радасна бачыць вас, адважныя дзеці горада Менска, сыны Полацкай зямлі! Вы адгукнуліся на мой кліч, вы прыйшлі да мяне, пакінуўшы свае сем'і, сваіх бацькоў, жонак і каханак. Вы не збаяліся змяніць хатняе цяпло на холад невядомай дарогі, цішыню на грукат сечы, пяшчоту прыгожай жанчыны на ўдар варожай стралы. Дзякуй вам за гэта!
Ён нізка пакланіўся, потым шырока махнуў цяжкім кап'ём:
— У невясёлым месцы сабраў я вас.
Пры гэтых словах усе паглядзелі на касцерню. Дзюбастая чорная варона сядзела на самым верхнім бервяне.
— Тут ляжаць людскія косці, — прыцішыў голас Раман. — Косці нашых дзядоў. Калісьці магутнай сілаю поўніліся яны. Сёння яны — тлен, прах. Мы таксама з касцей, з жылаў, з гарачай крыві. Запомніце: усё на зямлі смяротнае. Памруць яшчэ ненароджаныя. Адплыве ў нябыт пакаленне за пакаленнем, як адплываюць хмары за далёкі небасхіл. Толькі любоў да маці і роднай зямлі несмяротныя. Запомніце гэта! Я павяду вас па нялёгкай і няроўнай дарозе. Я не ведаю, што чакае нас наперадзе. Аб гэтым ведае адзін Бог. Але я спадзяюся на свой і на ваш меч, на сваё і на ваша плячо, на войскіх коней, на вятрылы лоддзяў, якія панясуць нас удалячынь.
Мяняне ўважліва слухалі ваяводу. Знікла з твараў весялосць і бесклапотнасць, вочы былі сур'ёзныя, суровыя. Розныя людзі згуртаваліся, сышліся тут, рознае было і ўзбраенне. Сыны багатых баяр надзелі прыгожыя рознакаляровыя даспехі, бліскучыя вастраверхія шлемы. Хто быў бяднейшы, прыйшоў у драцяных кальчугах, у круглых жалезных шапках, з драўлянымі невялікімі шчытамі, абцягнутымі бычынай скурай. Некаторыя замест коп'яў і мячоў трымалі ў руках рогвіцы, з якімі ходзяць на ловы.
Ядрэйка і Белавалод стаялі побач. Белавалода пякла віна перад Ядрэйчыхай і яе дзецьмі, ад якіх ён звёў бацьку. Але сам рыбалоў быў, як заўсёды, вясёлы, рухавы, гаваркі. Ён горда стаяў у кляпанай кальчузе па самыя калені, з доўгім мячом. Раман заўважыў яго, здзівіўся, спытаў:
— I ты прыйшоў, гаварун?
— Прыйшоў, — узрадаваўшыся, як малое дзіця, што яго пазнаў Раман, адказаў Ядрэйка. — Дзе ж мне быць? Люблю між людзьмі круціцца, разумных людзей слухаць. Для мяне гэта ўсё роўна як добрую рыбную юху хлябтаць.
— Ты і сам умееш пагаварыць, — скупа ўсміхнуўся Раман.
— Умею. А навошта чалавеку язык дадзены? Каб зубы падпіраць? Не, ваявода. На гэтай зямлі трэба паспець нагаварыцца, каб на нябёсах цэлы век анёльскія спевы слухаць.
— А мячом ты ўмееш гаварыць? — строга звёў бровы Раман.
— Не так, як ты. Махаць трошкі ўмею, і ўсё. Але я табе спатрэблюся. Сам я рыбалоў, з вады жыву...
Ядрэйка пачаў корпацца ў невялікай палатнянай торбе, што вісела ў яго на левым плечуку, даставаў і паказваў Раману рыбалоўныя кручкі, вялікія і маленькія, жалезныя і касцяныя.
— Вось мая зброя, ваявода. Голад жа таксама люты вораг. Як нападзе ён у дарозе на тваю дружыну, закіну я кручкі ў раку і разаб'ю гэтага ворага.
Усе, хто стаяў побач з Ядрэйкам, засмяяліся. Засмяяўся і Раман, ды адразу ж спахмурнеў, бо лічыў, што ў паходзе трэба трымаць дружыну ў строгасці, паслушэнстве. Не зубаскальствам ваююць, а дзідай і мячом. Неўзабаве яму давялося ўсім паказаць сваю строгасць. Пакуль іпша размова з дружынаю, з горада панабегла шмат дзяўчат, некалькі маладзіц-віслен [Віслена — жанчыналёгкіх паводзін]. Спачатку яны хаваліся дзе хто, але як толькі ваявода скончыў гаварыць, рынуліся з віскам і плачам да дружыннікаў. Так веснавая вада ўрываецца з высокага пагорка ў лагчыну. Наўкол крычалі, плакалі, смяяліся, цалаваліся... Некаторыя парачкі неўпрыкметку пачалі падавацца ў бок лесу, дзе была дужа мяккая трава. Да Ядрэйкі падскочыла жвавая чарнавокая маладзіца з пунсовымі ад бураковага соку шчокамі, павісла ў яго на шыі, зашчабятала: