Выбрать главу

— Ах ты, вожык мой кругленькі. Што ты прывязеш мне? Прывязі падвескі-лунніцы, якія баярыні носяць.

Ядрэйка не разгубіўся, схапіў чарнавокую ў абдымкі. У рыбалова, хоць і цягаў ён усё жыццё невад у халоднай вадзе, была гарачая кроў.

Раман пацямнеў ад гневу, крыкнуў сваім воям:

— Сячыце бярозавыя дубцы і арэхавыя кіі! Ганіце прэч віслен!

Тым такія загады былі не ўпершыню. Весела саскочылі яны з коней, мячамі насеклі дубцоў і кіёў.

— Ратуйся, бабская дружына! — у чатыры пальцы свіснуў Ядрэйка. Віслен як віхор змёў. Але некаторыя з дружыннікаў абаранілі сваіх дзяўчат, сказаўшы, што гэта іхнія нявесты і што яны прыйшлі развітацца. Такіх Раман загадаў не чапаць.

— У каханкі смаляныя лаўкі, — рагатаў Ядрэйка. — Глядзі, ваявода, прыліпнуць хлопцы да гэтых лавак і не аддзярэш іх. Не будзе з кім у паход ісці.

Але развітваліся, цалаваліся, адыходзілі, махаючы ў апошні раз пяшчотнымі дзявочымі рукамі. Не адна сляза скацілася з вачэй. Белавалод з сумам глядзеў на горад, у якім сустрэліся яму самае вялікае шчасце і самая пякучая бяда. У гэтым горадзе вечным сном спала Ульяніца, без якой чорным было ўсё. «Паеду, паплыву, куды дарога завядзе, — думаў Белавалод. — Нельга мне тут жыць». Па Свіслачы паплылі ўвечары на трох лоддзях-насадах. На сярэднюю пагрузілі коней, цяжкія даспехі, ежу і пітво. Лоддзі былі выдзеўблены са ствалоў таўшчэзных асін, да якіх нарасцілі барты з дубовых дошак. На носе грозна шчэрылася доўгімі чырвонымі зубамі галава страшыдлы, выразаная з дубовага камля, на карме на тоўсты кол быў набіты чэрап тура. Вострыя бязлітасныя рогі пранізвалі рачны туман. Уздоўж бартоў пукаціліся жалезныя шчыты. Кожная лоддзя мела сем пар вёслаў. Вятрыла было з моцнага шчыльнага палатна, і на тым палатне ў сінім крузе трапятала пад ветрам галава святога Юрыя — ахоўніка Полацкай зямлі.

Белавалод з Ядрэйкам разам са сваімі супаходнікамі адразу селі за вёслы, бо вецер быў кволы, ледзь чутны. Вёслы цяжка рэзалі тоўшчу цёмнай рачной вады. У змроку ржаў спалоханы конь, і малады вой угаворваў яго, шкадаваў:

— Цішэй, косю... Не бойся, дурненькі...

Конь пераставаў іржаць, але гусцеў вечар, ляцела насустрач у кашлатых лясных берагах рака, і ён зноў фыркаў, хроп, шкроб днішча лоддзі капытом.

На дзвюх лоддзях плыло па пяцьдзесят вояў, на той, дзе былі коні, дваццаць. Стырнавы Ішрэдняй лоддзі час ад часу трубіў у сурму, асабліва на рачных паваротах, каб не стукнуцца лоб у лоб з тым, хто мог плыць насустрач.

Нарэшце Раман загадаў прыстаць да берага. Скінулі дашчаныя сходні, сышлі з лоддзяў і звялі коней, бо ім таксама трэба адчуць пад нагамі цвердую зямлю. Запалалі вогнішчы. Зашыпела на ражнах мяса. Пушча насоўвалася з трох бакоў чорнай злавеснай мядзведзіцай. Толькі з чацвёртага боку выбельвалася з цемры палоса ракі, і ўсе — людзі і коні — ціснуліся да яе. Ноч прайшла спакойна. Плескатала ў Свіслачы вялікая рыба ды з ляснога змроку крычаў касцяным голасам пугач.

Праз два дні ўвайшлі ў Бярозу. Шырэйшаю і глыбейшаю была тут вада, і можна было адпачыць ад цяжкіх вёслаў, якія адрывалі рукі, бо ўзняўся моцны роўны вецер, панёс лоддзі на поўдзень.

Чырвоныя сасоннікі, белыя бярэзнікі і чорныя ельнікі глядзелі з берагоў. Вялікае мноства звяроў і птушак жыло тут. А яшчэ жылі тут лютыя гадзюкі, неадчэпныя камары, бязлітасныя авадні. Коней у дзённую спёку давялося пакрываць скуранымі апонамі, бо хмары аваднёў рынуліся на іх.

У некаторых месцах лес трохі адступаў ад ракі, адбягаўся ўбок, і на такіх пакрытых зялёнай аксамітнай травой прагалах раслі сем'і дубоў. Побач стаялі высачэзныя, абпаленыя маланкамі дубы-таўстуны і іх маленькія дзеткі, зграбныя, кучаравыя. У дубняку і рашылі перачакаць ноч. Зноў загаманілі вогнішчы. Коні з палёгкаю і радасцю па самыя грывы апусцілі галовы ў густую халаднаватую траву. I раптам з цемені пачуўся чалавечы крык. Усе адразу сціхлі, насцярожыліся. Крык паўтарыўся. Страх і пакута былі ў ім. Раман выцягнуў з похваў меч, наструнена ўстаў каля вогнішча.