Ён змоўк, лізнуў чырвоным языком сухія абсівераныя губы.
— Сам з жывых людзей скуру здзіраў? — грозна спытаў Раман, і ўся дружына аж на пальчыкі ўстала, каб пачуць адказ.
— Не. У вір кідаў, на дрэвы падвешваў, але скуру не чапаў, — спакойна прамовіў Іван Вогаенная Рука і пасля кароткага маўчання папрасіў у Рамана: — Забі мяне, добры чалавек.
Вочы ўсіх скіраваліся на Рамана. Ваявода падумаў, пакамечыў пальцамі бараду, глуха сказаў:
— Я не Бог, каб караць цябе страшным судом. Рыбалоў, — паклікаў ён Ядрэйку, — ты вісеў на бярозе?
— Вісеў, — адказаў Ядрэйка.
— Тады аддаю таця табе. Адпомсці яму. Можаш забіць яго. Бяры меч і забі галаўніка.
Цяпер усе глядзелі на Ядрэйку. Нехта падаў рыбалову меч. Ядрэйка ўзяў меч, няўпэўнена круціў яго ў руках. Іван Вогненная Рука чакаў, стаяў побач. Усе расступіліся, каб даць прастору мячу.
— Кат цябе бяры, — сярдзіта плюнуў Ядрэйка, усадзіў лязо ў пясок і, адышоўшы на рачную строму, гукнуў адтуль: — Вазьму я свае рыбалоўныя кручкі і лепш налаўлю табе, ваявода, рыбы.
Шумела рака. Шумеў лясны вецер. Усе маўчалі.
— Дай, ваявода, я яму галаву здыму, — сказаў раптам адзін з дружыннікаў, таўставаты бледнатвары хлопец. Агеньчыкі гарэлі ў шэрых вачах.
— Ты ведаеш Вогненную Руку? — уважліва зірнуў на яго Раман.
— Першы раз бачу, — адказаў дружыннік. Раман памаўчаў, потым цвёрда прамовіў:
— Збіраемся ў дарогу. Ты, — паказаў ён на бледнатварага дружынніка, — возьмеш вясло, а побач з табою прыкуем ланцугом да вясла Івана Вогненную Руку. Хай грабе да самага Кіева. Там паглядзім, што з ім рабіць.
Зноў паплылі па Бярозе. Рака няспынна бегла на поўдзень. Бліжэй да берага, у тонкай доўгай траве, насцярожана стаялі шэра-сінія шчупакі, чакалі здабычу. Калі якая-небудзь рыбная малеча, загуляўшыся ў вясёлых булькатлівых струменях, падплывала да іх, раскрываўся і шчоўкаў вялізны вастразубы рот.
Івана Вогненную Руку прыкавалі, як і загадаў Раман, да цяжкога вясла. Былы галаўнік сядзеў з мёртвым тварам. Раманавы дружыннікі ўпотай кідалі на яго цікаўныя позіркі. Усе хацелі б зараз даведацца, аб чым думае галаўнік, раскаянне ці халодная злосць ваўка, што трапіў у лоўчую яму, жыве ў ім. А ён, адчуваючы на руках цяжар ланцугоў, успамінаў, што ўжо аднойчы ў Друцеску быў скаваны, у ашыйніку, у наножніках і наручніках сядзеў ля ўвахода ў мясцовую царкву. Куніцай называецца такое месца і такое пакаранне. Кожны, хто хацеў, мог плюнуць тады на яго або хвастаць вяроўкай ад царкоўнага звона, што вісела побач на круку.
Наступны начлег чакаў іх на тым месцы, дзе з левага боку ўлівалася ў Бярозу нешырокая, але бруістая і гаманкая рэчка. Калі прывязвалі лодцзі да камянёў, што густа ляжалі на беразе, з хмызняку выйшаў русявы чалавек з лукам за спінаю. За вушы чалавек трымаў тлустага зайца, якога, пэўна, толькі што ўпаляваў. Смела пакіраваўся ён да незнаёмых вояў, пакланіўся ім.
— Як рэчка завецца? — спытаў яго Раман.
— Вольсай рэчку людзі завуць, — адказаў высакарослы паляўнічы, сеў каля вогнішча, якое распальвалі Ядрэйка з Белавалодам, дастаў з палатнянай торбы цёмнага жалеза нож у касцяных тронках, пачаў свежаваць зайца.
— А пад якім князем жывяце? — слязістым ад гарачыні вокам зірнуў на яго Ядрэйка.
— Полацкая зямля ў нас і князь полацкі, — прамовіў усміхнуўшыся Ядрэйку, паляўнічы, а сам займаўся звычнай справаю. Спрытна і хутка ўспароў зайцу жывот, адсек лапкі, сцягваў, дапамагаючы сабе нажом, мяккую шэрую шкурку.
— Шмат я гэтай жыўнасці са свету звёў, — гаварыў ён. Зайцоў, вавёрак, лісіц і куніц... Не злічыш... Аж страхоцце бярэ, як падумаю, што ў мяне адна жывая душа, чалавечая, а я загубіў тысячы звярыных душ. Яны хоць і маленькія, і цёмныя, гэтыя звярыныя лясныя душы, але ж Бог і пра іх памятае на небе і, калі пакліча ўсіх на свой суд, скажа мне: «Чаму ты, Крыванос, так шмат жыццяў патушыў, якія я на белы свет прывёў?» Што адказаць Богу?
Белавалод са здзіўленнем глядзеў на Крываноса. Ніколі не даводзілася яму чуць такіх слоў. Б'е чалавек звера, б'е, каб карміць дзяцей сваіх, і шкадуе яго. Як зразумець такога чалавека?
У гэты час шум і крыкі даляцелі з лоддзі, на якой сядзеў Іван Вогненная Рука. Галаўніку прынеслі паесці, прынёс той самы бледнатвары дружыннік, які падахвочваўся забіць яго. Вогненная Рука глядзеў на дружынніка, на бераг, дзе Крыванос лупіў зайца, і раптам, калі дружыннік нахіліўся зусім нізка, падаючы хлеб і мяса, правай рукой выхапіў у яго з похваў меч, ударыў дружынніка ў горла і з аднаго маху адсек сабе левую руку, якою быў прыкаваны да дубовай лаўкі лоддзі. Потым, бляднеючы, заціскаючы кульцю здаровай рукою, ступіў на борт, скокнуў у раку, пабег да берага. Страла дагнала яго на пясчанай строме, прашыла спіну. Калі ўсе стоўпіліся над ім, Іван Вогненная Рука ўжо не дыхаў.