— Каля Кіева плыве? — Кацера ўзняла заплаканы твар, кулачком выцерла вочы. — Эх, братка, зрабіцца б мне птушкай крылатай, адразу б за ім услед паляцела.
— Кахаеш яго, — раздумліва прамовіў Гвай. — Такога ёсць за што пакахаць. Такіх вояў няшмат знойдзецца і на Русі, і на Літве, і ў ляхаў. Ён як той Раланд, што ваяваў з сарацынамі. Ая...
Гвай махнуў рукою, цяжка ўздыхнуў і выйшаў са святліцы, каб скруціць у агародзе апошнія макавыя галоўкі. Цішыня абрынулася на Кацеру, перахапіла як пятлёй-удаўкай дыханне. I адразу ж патаемная струна прачнулася, заспявала ў душы, вярнулася песня. Гэта было як збавенне. Кацера ўскочыла з одра, падбегла да слюдзянога акенца. Шырокі свет быў за акном, ззяла сонца, сінела неба, цёпла шумелі зялёныя дрэвы. Сцяжынка вілася між травы і недзе за небасхілам у зваблівай смузе рабілася торнай дарогай, вольнай ракой. Там плылі стругі і лоддзі, там чырвоная зара клалася на вятрылы, там быўРаман...
Назаўгра Кацера аб'явіла бацьку, што збіраецца на багамолле ў Кіеў. Баярын Аляксей якраз грыз печаную на вуголлях свіную ножку і ледзьве вус не адкусіў ад нечаканасці і здзіўлення.
— Куды? — выкругліў вочы ён.
— У Кіеў. У святыя месцы, — рашуча адказала Кацера.
— Табе сонца галаву напякло, ці што? — пачаў злосна чырванець баярын.
— Сон мне бачыўся, — сціпла апусціла вочы Кацера. — Быццам стаю я каля ракі, і раптам у небе нада мною загараецца светлы крыж і нечы голас абвяшчае: «Ідзі ў Кіеў на маленне».
— Голас? — баярын Аляксей адваліў ніжнюю губу ад такіх дзівосаў, падышоў да дачкі, паклаў цяжкую руку ёй на плячо. — «Што з ёю? — напружана думаў ён. — Няўжо і сапраўды чула нешта?» — Сам ён за ўсё сваё жыццё чуў толькі зямныя галасы, чуў, як гавораць людзі, як іржуць коні і брэшуць сабакі, як гудуць пчолы ў борцях. «Няўжо ў чаканні жаніха затуманіўся розум яе?» — пахаладзеў ад жаху баярын. Але вочы ў дачкі былі чыстыя, разумныя і смелыя.
— Дык едзь у Полацк, у Сафію, — радуючыся, выгукнуў баярын.
— Голас быў, каб я ў Кіеў ішла, — ціха, але цвёрда сказала Кацера.
Тады баярын кінуўся да жонкі, усхвалявана пераказаў ёй сваю размову з дачкой і ўпершыню за доўгае сумеснае жыццё хацеў параіцца з жонкаю.
— Хай едзе, — стомленым голасам прашаптала баярыня Вольга. — Хай за дом і род наш памоліцца, замаё здароўе...
Яна зняможана заплюшчылася, і ў млявым руху яе павекаў было нешта ад курыцы, калі тая зацягвае вока бледна-чырвонай плёнкай.
— Каму трэба тваё здароўе?! — закрычаў баярын. — Ляжыш і ляжы. Цьфу ты!
Ён ляпнуў дзвярыма, панёс гаеў свой і злосць да чэлядзі, а баярыня ціха заплакала. 3 кутка апачывальні, з вузенькай шчылінкі раптам выбегла шэрая мышка, стала на заднія лапкі, бліскучымі зярняткамі вачэй паглядзела на баярыню. Баярыня таксама зірнула на сваю госцю, пакрысе супакоілася. Не першы дзень і нават не першы сонцаварот удалечыні ад людзей глядзелі яны адно на аднаго — невылечна хворая баярыня і шэрая асцярожная мышка.
Зашумела, захвалявалася баярская сядзіба. Збіралі Кацеру ў далёкую дарогу, прадумваючы кожную дробязь. У скураную торбу і ў палатняныя мяшэчкі клалі хлеб і соль, іголку і люстэрка, зёлкі і пучкі духмяных траў. 3 бацькавай студні зачэрпвалі халоднай вады і налілі поўную карчагу. Глынуўшы гэтай вады, успомніць Кацера ў няблізкай дарозе свой дом, сваю зямлю.
Падручнымі людзьмі для маладой баярышні баярын Аляксей выбраў чалядзінку Хадоску і надворнага халопа Сцяпана. Хоць Сцяпан быў стары, як з'едзены жукамі-караедамі пень, і слабавата стаяў на нагах, але ён з вялікай радасцю згадзіўся, пакляўшыся баярыну Аляксею на святых абразах, што ні адзін волас не ўпадзе з галавы ў Кацеры. Даўно марыў ён, праўда, глыбока хаваючы сваю мару ад усіх, дабрацца да святой зямлі, да Палесціны, шчыра памаліцца там Богу і ў знак таго, што быў там, што піў ваду з ракі Іардань, прынесці адтуль пальмавы ліст. Паломнікамі завуць такіх людзей. I вось на схіле жыцця не ў Палесціну, дык у Кіеў выпраўляецца ён. Шчасцем ззялі мутна-шэрыя старэчыя вочы.
Кацера з твару была спакойная, раздумлівая, ды каб хто здолеў глянуць ёй у сэрца, убачыў бы там яркі іскрысты агеньчык. Яна едзе ў Кіеў! Яна памоліцца ў мітрапольнай Сафіі, у Пячэрскім манастыры! Яна знойдзе там Рамана! Яна не сумнявалася, што абавязкова знойдзе, сустрэне ў вірлівым людскім мурашніку маладога прыгожага воя. Баярскія і купецкія дочкі сядзяць, чахнуць у святліцах, чакаючы нарачоных, а Кацера сама пойдзе насустрач свайму лёсу, свайму шчасцю. Жыццё між лугоў і лясоў навучыла яе быць рашучай і самастойнай.
Перад далёкай дарогай Кацера пайшла развітвацца са сваімі любімымі дрэвамі, з валунамі і ручаямі, ля якіх так хораша думалася-марылася ў маладыя дні. Яны пазнавалі яе — радасна шумелі дрэвы, званчэй булькаталі ручаі. Толькі вялізныя бела-шэрыя валуны, затканыя мяккім зялёным мохам, былі безгалосыя. Але і яны па-свойму віталі яе — срэбракрылыя стракозы і меднавокія яіпчаркі, якія драмалі на іх, прыгрэтыя сонечнымі праменнямі, не ўцякалі хто куды, а даверліва заставаліся на сваіх месцах. Кацера спынялася пад якой-небудзь танклявай бярозкай, пяшчотна гладзіла свежую вільготную кару, прыпадала Іпчакой да ствала, і чулася ёй у лясным нямоўчным гудзе: «Шчасця табе, Кацера... Плыві і вярніся назад...» Звінелі пчолы, танцавалі матылькі, бясконцымі цёмна-рыжымі ніткамі мурашоў была прашыта лясная зямля, пырхалі і спявалі птушкі, лётаў бяссонны вецер. 3 густой травы неспадзявана выскачыў зайчык, сеў, глянуў на Кацеру, смешна зламаў адно доўгае вуха, весела бліснуў касым вокам.