Выбрать главу

— Ідзі, ідзі да мяне, — ціха сказала Кацера, але шэры камячок прутка падскочыў і знік.

Да Полацка ехалі на парцы коней, запрэжаных у вазок з лубяным верхам. Засталіся дома хмурыя бацькавы вочы, матчыны слёзы. Трывога сціскала сэрца: Кацера ўпершыню ў жыцці выпраўлялася ў такую дарогу і чым далей ад'язджала ад роднай сядзібы, тым усё вастрэйшая туга, здаецца, распорвала душу. Яна крадком змахнула з вачэй слязінку, пачала, каб хоць трохі развеяцца і супакоіцца, глядзець на высокае вільготнае неба, на хмарку, што плыла па гэтым небе. «Плыві за мной, хмарка», — прасіла яна ў думках, але хмарка неўзабаве адстала, а ўперадзе, на шырыню ўсяго неба, разварочваліся полчышчы воблакаў. I былі тыя воблакі суровыя, змрочныя, чужыя.

У Полацку на прыстані старшы карабельшчык весела сказаў:

— Не ведаў што ў баярына Аляксея расце такая красуня дачка. Каб сам быў баярскага роду, сватоў бы прыслаў.

— Да нас шмат хто сватоў слаў, і ўсе ні з чым ехалі назад з баярскай сядзібы, — незадаволена прамовіў стары Сцяпан, каб адразу паказаць гаваркому карабелынчыку, што ён, Сцяпан, апякуе ў няблізкім падарожжы маладую баярышню і не дазволіць лезці да яе з заляцаннямі.

Цяжка гружаныя стругі, раздзімаючы рознакаляровыя вятрылы, павольна адышлі ад полацкай прыстані. Грабцы спорна налягалі на вёслы, абліваючыся бліскучым гарачым потам. Трэба было прайсці ўверх па Дзвіне, потым — у раку Касгоію, потым, праз нялёгкія волакі — у Дняпро.

Кацера з Хадоскай і Сцяпанам размясціліся пад паветкай, сплеценай з маладой зялёнай лазы. На выпадак дажджу і моцнага ветру меўся вялізны кавалак шэрага тоўстага палатна, які ў любы час можна было нацягнуць над галавой. Плылі насустрач узгорыстыя і раўнінныя рачныя берагі, лясы, балоты. Бегла, звінела вада. Уначы ярка свяцілі зоркі. Мігцела імі чорнае маўклівае неба, і калі Кацера прачыналася, калі глядзела ў нябесную бездань, чуючы таемныя шэпты ракі, страх мяккімі савінымі крыламі халадзіў душу. Але яна гнала прэч гэты страх, смялей узіралася ў цемру, бачыла сіняваты расшіаў туману, чорны грэбень лесу. Побач мірна пасопвала носам Хадоска, крактаў ува сне Сцяпан. Калі змрок шчыльней асядаў на зямлю і рабіўся асабліва глыбокі, купцы прыставалі да берага, чакалі зары-дзянніцы.

— Чаму не спіш, красуня? — спытаў у яе аднойчы стырнавы, загарэлы чорнавалосы мужчына.

— Пра Кіеў думаю, — адказала Кацера.

— Ні разу не была там?

— Першы раз плыву.

— Пабачыш, — задумліва ўсміхнуўся стырнавы. — Усім гарадам горад. А хто ж цябе там чакае?

Ад такога пытання Кацера сумелася, хуценька прамовіла:

— Да святой Сафіі еду. Маліцца буду.

Але словы стырнавога запалі ў душу. Сапраўды, хто чакае яе ў вялікім людным Кіеве? Раман, магчыма, даўно забыўся пра яе, ды не толькі забыўся, а ніколі не хацеў думаць, не думаў пра яе. Што княжаму дружынніку дзяўчына-дзічка з лясной баярскай сядзібы? Ці адну дзяўчыну сустракаў ён на жыццёвай дарозе, зрываў нібы кветку або гронку спелых ягад, а потым раўнадушна шпурляў у пыл, нават не азірнуўшыся. Мужчыну жыць лягчэй і весялей. Добры меч, добры конь, кубак мёду, пацалунак жанчыны — вось і ўсё, што патрэбна яму. Жанчыне ж трэба болын, невымерна болын, і ці не таму так шмат на зямлі няшчасных жанчын?

Чым бліжэй падплывалі стругі да Кіева, тым гарачэйшы сум раз'ядаў душу. Хадоска як магла супакойвала баярышню. Стары Сцяпан, спалохаўшыся, што хвароба вось-вось учэпіцца ў Кацеру, не адыходзіў ад яе ні на крок.

— Маліся, — павучаў ён Кацеру. — Святая малітва як шчыт перад любой бядой. Запомні: ні адзін чалавек такі не радзіўся, каб усяму свету прыгадзіўся, толькі Божая малітва ўсяму свету патрэбна.

Кацера малілася, стаўшы на калені. Бегла абапал магутная рака, з лясамі і весямі на берагах, з аксамітна-зялёнымі астравамі, адкуль чулася густое лопанне птушыных крыл.