Выбрать главу

У Кіеве спыніліся на Брачыслававым падвор'і. Спрадвеку тут начавалі-сталаваліся купцы з Полацка і Менска. Сцяпан баярскім срэбрам разлічыўся з карабельшчыкамі, пачаў закупляць харч, свечкі, паліва. Кацера ж з Хадоскаю адразу пайшлі да Сафіі.

Трынаццаць купалоў узлятала ў сонечнае смуглае кіеўскае неба. Велізарны храм быў абпаясаны з паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў адкрытымі аркамі галерэй. Такімі маленькімі і мізэрнымі адчулі сябе дзве юныя палачанкі ля падножжа прыгожай гордай царквы. Ды самае ашаламляльнае і дзівоснае чакала іх унутры. Быццам на казачны луг ступілі яны. Падлога ў храме была высцелена яркімі рознакаляровымі каменьчыкамі. Гэтыя каменьчыкі спляталіся ў цудоўныя зіхоткія ўзоры, хацелася глядзець і глядзець на іх. Але ўладная сіла ўзняла іхнія позіркі ўгору, і яны ўбачылі круглыя зялёнага шкла вокны, а на слупах і на сценах шматлікія фігуры святых, золата і срэбра абразоў і царкоўных сасудаў. Недзе тут, у храме, у мармуравай рацы спаў вечным сном будаўнік Сафіі князь Яраслаў Мудры. Ён жа, трымаючы ў руках мадэль храма, чэпка пазіраў з фрэскі, што палымнела над заходняй трайной аркай, насупраць сярэдняга алтара. Князевы сямейнікі, мужчыны і жанчыны, з двух бакоў спяшаліся да яго. Жывапісец намаляваў іх высокімі, хударлявымі, са строгімі вачамі на цёмных тварах.

Кацера адчула нясцерпнае хваляванне. Колькі людзей прайшло па гэтых плітах, пад гэтым высозным купалам, з якога, калі ўзнімеш вочы, льецца святло. Яшчэ больш людзей марыць пабываць тут, спіць і бачыць у снах святы храм, а яны, Кацера з Хадоскай, стаяць у Сафіі, стаяць і баяцца дыхнуць.

«Дапамажы мне, Сафія, — думала Кацера. — Звядзі мяне з тым, каго я кахаю. Я прашу ў цябе, бо ведаю, што ты абараняеш каханне».

Вярнуліся з Сафіі на Брачыславава падвор'е, і стары Сцяпан пачаў пачціва, як гэта дазволена вернаму халопу, папікаць Кацеру, што дужа доўга яна з Хадоскай хадзіла па горадзе, а дарога ў яе павінна быць толькі адна — да царквы і назад, бо неспакойна, трывожна ў Кіеве.

— Не вучы мяне, раб, — гнеўна сказала Кацера. Сцяпан пабляднеў, пракаўтнуў сухі камяк у горле і, набраўшыся смеласці, зноў загаварыў:

— Хочаш карай мяне, баярышня, хочаш плюй на мяне, валасы дзяры з маёй лысіны, але я на святых абразах пакляўся твайму бацьку, баярыну Аляксею, што ўберагу цябе ад злой рукі і злога вока. Ці ведаеш ты, што робіцца ў горадзе і вакольных весях? Мерцвякоў з магіл крадуць, Божыя крыжы сякуць, нейкія д'ябальскія знакі на сценах крывавай фарбаю малююць. Вялікае хваляванне ў сэрцах чалавечых кіпіць. Абаронцы Перуна, што ў пупічах і чаратах сядзелі, на белы свет выходзяць, са стэпу алахі [Алахі — полаўцы] на конях і на гарбатых вярблюдах Божым цэрквам пагражаюць.

Стары стаў на калені, тройчы стукнуўся лбом аб падлогу, слёзна папрасіў:

— Слухайся мяне, птушачка залатапёрая, баярышня дарагая. Калі ж не ўсачу за табой, калі злыбяда з табой здарыцца, кіне мяне баярын на корм дворным псам.

Кацера паабяцала халопу быць асцярожнаю, без асаблівай патрэбы не выходзіць з падвор'я. Сцяпан супакоіўся, пачаў разам з Хадоскай гатаваць абед. Елі духмяны сушаны сыр, жаўтабокія салодкія грушы.

— Розных плямёнаў купцы і рукадзельныя людзі ў Кіеве жывуць, — расказваў палагаднелы Сцяпан, — рамеі, армянцы, ляхі, яўрэі, тэўтоны. Збор з усяго свету. I кожны сваёй моваю гаворыць, паспрабуй іх зразумей.

— Я тут і нашу гаворку чула, — сказала Хадоска.

— А дзе нашага люду няма? Полацк і Менск ведаюць усюды.

Над Кіевам пырскаў дробны краплісты дождж. Дні тры, не меней, трэба яму ісці, каб адмыць неба ад дыму. Вялікі дым апошнім часам наплываў са стэпу. На левабярэжжы Дняпра палалі пажары. Хан Шарукан зашавяліўся там са сваёй ардою.

Кацера доўга не магла заснуць. Недзе ў гэтым велізарным горадзе быў Раман. Як знайсці яго, як убачыць? У моры людзей зрабіць такое, бадай, немагчыма, адна надзея на Бога. I яна малілася ў начной цішыні. А ўва сне перад ёю Раман, усмешлівы, прыгожы, пакланіўся і сказаў: «Каля поруба мяне шукай, дзе князь Усяслаў сядзіць». Яна прачнулася і ўсё не магла зразумець, хто сказаў гэтыя словы, але яны яшчэ гучалі ўвушшу: «Каля поруба мяне шукай...»

Назаўтра Кацера з Хадоскай зноў пайшлі да Сафіі, памаліліся, а на зваротнай дарозе маладая баярышня выпытала ў кіян, дзе знаходзіцца поруб з полацкім князем. Аказваецца, быў ён непадалёку ад Брачыслававага падвор'я. Адразу ж подбегам накіраваліся туды. Але нічога незвычайнага не ўбачылі — тырчала з зямлі некалькі вянцоў дубовых тоўстых бярвенняў з плоскім, таксама бярвеністым дахам, воі-ахоўнікі сумавалі, абапёршыся на коп'і, і ўсё. Нясмела падышлі яны да вузенькага акенца, у якім быў змрок.