— Не хачу, — хуценька адказвала Кацера. Яна, каб хоць як супакоіцца, пачала глядзець на раку. Тут, дзе Пачайна ўлівалася ў Дняпро, была карабельная прыстань. Мноства яркіх ветразяў надзімаў вецер-свяжак. Мітусіліся грузчыкі і купцы. На вялізную лоддзю заганялі чараду авечак. Баран з шурпатымі гнутымі рагамі ганарыста ішоў па сходнях наперадзе сваіх смяртэльна перапалоханых сябровак. Неўзабавае ён зробіцца воўнаю, смажаным мясам, косці ягоныя расцягнуць сабакі, але пакуль што важак ішоў паважна і няспешна, з вялікай годнасцю, быццам усё на белым свеце — і магутная шырокая рака, і караблі, і карабелынчыкі — было створана толькі для таго, каб у самай сарцавіне гэтага тлуму і мітусні быў ён — тоўсты тлусты баран.
— Нашы ідуць, — радасна выгукнуў Ядрэйка. Сэрца ў Кацеры, здалося, успыхнула ў грудзях. Яна ўбачыла купку людзей, чалавек дзесяць — пятнаццаць, у сціплай апратцы, якая рабіла іх падобнымі на грузчыкаў або ганчароў ці кавалёў з Падола. Па-перадзе крочыў Раман, высокі, цёмнавалосы, з густа загарэлым на шчодрым кіеўскім сонцы тварам. Ён лёгка ўзбег па рыплівых сходнях, падышоў да Кацеры, усміхнуўся, сказаў:
— Дабрыдзень, баярышня-крывічанка. Які добры вецер прынёс цябе?
— Дабрыдзень, харобры вой, — засвяціўшыся, прамовіла Кацера.
Яны глянулі адно аднаму ў вочы, усё зразумелі, аб усім здагадаліся, і добра было ім стаяць паміж гаманкога люду і маўчаць. «3-за цябе я пайшла на край свету», — казалі шчаслівыя вочы Кацеры. «Я помніў цябе, я думаў пра цябе», — адказвалі Раманавы вочы. «Я пайду за табой да скону свайго жыцця», — крычалі вочы Кацеры. «Небяспечны і суровы чакае Ішшх, але нам лёгка будзе ісці разам», — радасна блішчалі Раманавы вочы.
— А я рыбкі налавіў, баяры вы мае дарагія, — пахваліўся Ядрэйка.
— Каб ты яе яшчэ зварыў, было б зусім добра, — усміхнуўся Белавалод. — А можа, яна тут вараная ў рацэ плавае?
— У рацэ не ў руцэ, — адказаў Ядрэйка. — Разам і варыць і есці будзем.
Частка Раманавай дружыны жыла на дзвюх лоддзях, астатнія атабарыліся на сядзібе багатага ганчара Варлама, находніка з Полацкай зямлі. Зброю, кальчугі і шчыты хавалі. Збоку здавалася, што гэта арцель землякопаў ці каменясечцаў. Стольны Кіеў будаваўся, рос ушыркі, перавальваўся цераз сцены, і шмат было ў горадзе работнага люду, асабліва цяпер, калі, ратуючыся ад полаўцаў, хлынулі на кіеўскія вуліцы і гоіошчы смерды з вакольных весяў.
Раман кінуў у поруб князю Усяславу бяросту, абнадзеіў князя. Але як вызваліць яго з цямніцы, пакуль што не ведаў. 3 раніцы і да ночы сачыў ён разам са сваімі людзьмі за порубам. Апошнім часам варта ўзмацнілася, кіян пачалі адганяць ад поруба, і Раман зразумеў, што вялікі князь Ізяслаў нервуецца. Пасля таго як ваявода Каснячка пасек і патаптаў коньмі смердаў і рукадзельных людзей, увесь горад жыў прадчуваннем нядобрых крывавых падзей. Вешчуны і скамарохі прыходзілі з пушчаў і балот, гаварылі, асабліва не хаваючыся, пра блізкі канец свету, пра пажар і галодны мор, якія чакаюць Кіеў. Каснячка схапіў некалькі дзесяткаў крыкуноў, зачыніў у падзямеллі, пасадзіў на ланцуг. Але горад не сціхаў. Густа падалі з неба халаднаватыя серпеньскія [Серпень — жнівень] зоркі.
Кацера толькі на другі дзень успомніла пра свайго старога халопа Сцяпана. Радасць затуманіла ёй галаву, адзін Раман быў у думках. Яна знайшла тое, што шукала, і ў цэлым свеце не было душы шчаслівейшай за яе. Раман сказаў адразу пасля сустрэчы:
— Я кахаю цябе. Бог звёў нас на гэтай зямлі, і ніхто, апроч яго, нас не разлучыць. Але ты ведаеш, якой небяспечнай справе адцаю я ўсе дні свае?
— Ведаю. Ты хочаш выбавіць на белы свет з цёмнага поруба князя Усяслава, — ціха прамовіла Кацера.
— Я пакляўся ў полацкай Сафіі, што зраблю гэта, — хвалюючыся, усклікнуў Раман. — Ды суровымі сцежкамі водзіць людзей Бог. Мяне могуць схапіць, могуць забіць... Ты падумала пра гэта, Кацера?
— Падумала, — адказала яна. — Затулены мне свет Божы без цябе, Раман. Дазволь, як чайцы, паляцець з табою. Дазволь ад непагадзі, ад лютай маланкі пад тваім моцным крылом схавацца. Вернай буду табе да скону.
Яна нізка пакланілася Раману. Ён абняў яе, прыгарнуў да сябе, тройчы пацалаваў.
Сказалі яны адно аднаму, што як толькі выйдзе князь Усяслаў з поруба, возьмуць шлюб, а пакуль што будуць для ўсіх старонніх людзей як брат з сястрою. Ганчар Варлам выдзеліў для Кацеры невялічкую свяцёлку ў сваім доме, і пачала яна разам з нямой служкай ганчара Грыпінай варыць ддя дружыннікаў кулеш з салам. Толькі тады і ўспомніла пра свайго вернага халопа Сцяпана. Пэўна, дужа кепска пачувае сябе стары на Брачыслававым падвор'і. Адзін. Кацера і Хадоска не вярнуліся з малебна. Звар'яцець можна ад такой неспадзяванкі. Кляўся баярыну, што ўберажэ ягоную дачку, а баярышня знікла.