Выбрать главу

Кацера пра ўсе свае трывогі расказала Раману, і той адразу ж паслаў яе на Брачыславава падвор'е, даўшы ў памочнікі і ахоўнікі Белавалода. Моўчкі ішлі па шумным горадзе. Белавалод крочыў трошкі ззаду, глядзеў на прыгожую баярышню, і ўспаміналася яму Ульяніца. Чаму так жорстка пакарала яго жыццё? Хіба ён не шанаваў, не любіў сваю жонку? Хіба не хацеў мець сям'ю, дзяцей?

Кацера адчувала позіркі свайго маўклівага спадарожніка, ёй было ніякавата ад такіх пільных позіркаў. Пра што думае зараз гэты вой? У яго добры светлы твар, але хмурыя халаднаватыя вочы.

Да Брачыслававага падвор'я Кацера выбрала такую дарогу, каб прайсці каля поруба. Смяшлівая Хадоска ўспаміналася ёй. Ды нічога не ўбачыла яна там. Забітых людзей падабралі і закапалі ў патаемным месцы, крывяныя шшмы засыпалі жоўтым пяском.

— Не спыняйцеся, праходзьце, — грозна сказаў ахоўнік і трасянуў кап'ём.

Нават невядома, дзе магіла Хадоскі. А гэта ж з-за яе, з-за Кацеры, загінула чалядзінка. Хіба пайшла б яна да поруба, каб не Кацера?

Моўчкі шыбавалі па шумным горадзе.

Стары Сцяпан стаяў на каленях перад абразамі. На вузкай сухой спіне праз палатняную каіпулю маленькімі гурбачкамі выпіраўся хрыбетнік.

— Сцяпан, — ціха гукнула Кацера.

Стары халоп уздрыгнуў. Нават, здалося, вушы ягоныя пабялелі. Ён азірнуўся, убачыў Кацеру, кінуўся ёй у ногі, заліўшыся слязьмі:

— Матухна мая! За што ж ты так сэрца мне пластуеш?

Ён цалаваў баярышні ногі, а яна, прыгнуўшыся, слаба адпіхвала сівую галаву рукою, казала:

— Не трэба, Сцяпан... Бачыш, я вярнулася... Я жывая... АХадоскі няма...

— Не Хадоску кляўся я баярыну пільнаваць, а цябе, — плакаў, жаліўся халоп. — Хадосак у твайго бацькі шмат, а ты, адзінакроўная дачка, адна...

— Памолімся за Хадоску, Сцяпан, — ціха прамовіла Кацера і стала побач з ім на калені.

3 Брачыслававага падвор'я пайшлі на Падол. Сцяпан ажыў, жвава тэпаў нямоглымі нагамі. Радасць віравала ў выцвілых вачах. Раз-пораз кідаў ён позірк на сваю маладую гаспадыню, нібы хацеў яшчэ раз упэўніцца, што яна знайшлася, што яна ідзе побач.

— Карай старога мухамора, але болей нікуды не адпушчу цябе, баярышня, — казаў ён Кацеры. — Заб'е мяне баярын, калі з табой што-небудзь здарыцца. Ды не баярскага гаеву я баюся, я цябе люблю, быццам ты дачка мне родная. Як не вярнуліся вы з Хадоскай, усю ноч ты мне снілася. Праўду кажуць людзі: кожнаму свая ікона сніцца.

Радасць невымерная была на сэрцы ў старога Сцяпана. Ён ішоў і гаварыў, гаварыў... Кацера ўсміхалася яму, і гэта яшчэ болей расчульвала вернага халопа.

Белавалоду пачала ўжо надакучваць балбатня старога. «Япічэ адзін Ядрэйка аб'явіўся, — думаў ён. — Пэўна, хоць вушы затыкай, калі сыдуцца яны разам». Ды даводзілася ісці побач і цярпліва слухаць.

— Дадому вяртацца нам трэба з табою, баярышня, — казаў між тым Сцяпан. — Памолімся за душу рабы Божай Хадоскі, прыстанем да полацкіх купцоў і паедзем, дадому паедзем. На чужыне і камар загіне.

Кацера пакуль што не пярэчыла старому. Няхай спадзяецца на хуткае вяртанне. Вернуцца ж яны (гэта яна канчаткова для сябе вырашыла) толькі тады, калі выйдзе з поруба князь Усяслаў з сынамі. Пра Рамана яна таксама не спяшалася расказваць халопу. Відушчы — сам усё ўбачыць і ўсё зразумее. Калі ж пачне ўпарціцца, надумае чыніць перашкоды, не пазбегнуць яму гарачай лазы, а скура ў халопаў да лазы прывычная. Пра сябе, пра свой далейшы лёс Кацера ведала толькі адно — пойдзе яна хоць на край зямлі за Раманам, а потым вернуцца яны ў бацькаву сядзібу, кінуцца баярыну-бацьку ў ногі, і благаславіць ён іхні шлюб.

На Падоле дорогу Кацеры, Сцяпану і Белавалоду перагарадзіў натоўп нявольнікаў, каля сотні змучаных маўклівых людзей, сярод якіх былі і юнакі, і дзяды-сівагрыўцы. Конныя воі гналі іх да прыстані. Павязуць гэтых няшчасных па Дняпры, а потым у Корчаў [Корчаў — Керч] або ў Візантыю і там прададуць.

Якое ж было здзіўленне Белавалода, калі паміж змардаваных, абпаленых злым сонцам нявольнікаў ён убачыў Добрага і Гнеўнага. Духоўныя бацькі, настаўнікі рахманаў, ішлі, скаваныя агульным ланцугом. Добры ішоў басанож. Яны таксама заўважылі Белавалода, пазналі яго, бо Гнеўны, палахліва азіраючыся на ахоўніка, які ехаў на кані з бізуном у руцэ, хуценька сказаў, аблізваючы сухія губы: