— Выкупі мяне, добры чалавек. Я не хачу плыць за мора і да самай смерці быць там рабом. Я вельмі багаты, але ўсё маё срэбра ляжыць у дупле старрга дуба над ракой Свіслаччу. Калі ты мяне выкупіш, выратуеш ад няволі, я з ног да галавы абсыплю цябе срэбрам.
— Няшчасны Гнеўны, — ціха сказаў Добры. — Ён звар'яцеў. Усім сустрэчным гаворыць пра нейкае срэбра, усім абяцае вялікае багацце. Адкуль у нас, бедных рахманаў, срэбра? Адкуль магло быць срэбра ў яго? Ён жа ўвесь час жыў пад зямлёю. А я памятаю цябе. Ці нарадзіла табе жонка сына?
— Мая жонка памерла, — з тугою глянуў на Добрага Белавалод. — I нікога ў мяне няма.
Нечаканая сустрэча вельмі ўсхвалявала Белавалода. Ён успомніў пушчу над Свіслаччу, працавітых маўклівых рахманаў. Ён успомніў Ульяніцу, якая бегла да яго праз густы змрок трывожнай летняй ночы. Як змянілася ўсё з таго часу! Няма і ніколі не будзе Ульяніцы, а Добрага з Гнеўным гоняць у рабства.
— Такі ўжо наш лёс, — пакорліва ўздыхнуў Добры. — Збавіцеля ўкрыжавалі за нас, грэшных, а шчасця ўсё роўна няма. Мы хацелі схавацца ад злога свету, мы ўцяклі ў лясную глухмень, але і там бяда адшукала нас.
Ён з горкім смехам узняў скаваныя рукі.
— Выкупі мяне, — горача загаварьіў Гнеўны, — і я пакажу табе дуб, дзе схавана маё срэбра. Мы адразу ж паплывём на Свіслач, я пакажу дуб, і ты зробішся багацей самога князя кіеўскага.
— Памаўчы, брат. Пацярпі, — з вялікім спачуваннем сказаў Гнеўнаму Добры, але Гнеўны штурхнуў яго ў грудзі, плюнуў на яго, закрычаў:
— Адкусі язык, пёс! Гэта з-за цябе загінула абшчына. Гэта ты ўсім верыў, усіх любіў і шкадаваў. I чаго ты дасягнуў? Прыйшла ў пушчу князева дружына, узяла нас, як бараноў. Ты заўсёды зайздросціў мне. Ад зайздрасці ў цябе сліна з рота вяроўкай вілася.
— Памаўчы, брат, — нізка ўгнуў галаву Добры. — Ніхто з нас не віновен, што гоняць рахманаў у падняволю, у рабства. Эх, брат...
Ён у горкай скрусе, жалобе махнуў рукой, цяжкой ад ланцугоў.
— Выкупі мяне, і я буду тваім рабом, — зноў умольна глянуў на Белавалода Гнеўны. — Я буду мыць табе ногі, рабіць усё, што ты загадаеш. Але я не хачу, каб мяне везлі за мора!
— Што гэта за людзі? — запытала Кацера ў Белавалода.
— Гэта рахманы. Я быў у іх у пушчы. Яны жылі мірна. Нікога не крыўдзілі, нікому дарогу не заступалі. Ды вось палавілі іх князевы грьвдні і прадаюць рамейскім купцам. Калі б я меў торбу грыўняў, я б усё аддаў, каб вызваліць іх.
— Няшчасныя, — толькі і прамовіла Кацера.
— Выкупі мяне, добрая душа, — ужо да яе памкнуўся ўсім целам Гнеўны. У гэты час пад'ехаў вой-ахоўнік, шлегануў бізуном яму па спіне. Гнеўны зморшчыўся ад болю, слёзы накруціліся на вочы.
— У мяне загінула чалядзінка, — раптам сказала Кацера. — За яе хачу я прынесці трэбу Хрысту і магу даць волю аднаму чалавеку. Але каго з іх выкупіць? — павярнулася яна да Белавалода.
Нявольнікі ажылі пасля такіх слоў, з надзеяй пазіралі на Кацеру і Белавалода.
— Выкупі, баярышня, вось гэтага, — паклаў руку на плячо Добраму Белавалод. — Ён жыў па божаму пісанню, нікому вока не запарушыў.
Усе астатнія рахманы, і Гнеўны ў іх ліку, аггусцілі галовы. Толькі Добры бліскучымі ад хвалявання вачамі глядзеў то на Кацеру, то на Белавалода.
— Даю за яго пяць грыўняў, — сказала Кацера ахоўніку. Той незадаволена прыкусіў вус:
— Мала. Рамеі за кожнага дадуць больш.
— Але ж па ўставах князёў Яраславічаў жыццё радовіча, смерда і халопа ацэньваецца ў пяць грыўняў срэбра.
— Які ж гэта халоп? — рукаяццю бізуна ўзняў Добраму падбароддзе ахоўнік. — Бач, якія вочы ў яго, якая пастава. Самае меншае купцом некалі быў. Адказвай, быў? — грозна запытаў ён у Добрага. Той маўчаў.
— Я дам за яго, як за ратайнага старасту, дванаццаць грыўняў, — трохі падумаўшы, сказала Кацера.
— Дамовіліся, — згадзіўся ахоўнік і крыкнуў сваім напарнікам: — Нясіце кавадла, малаток і рубіла!
Тыя прыбеглі з кавальскім струмантам, і тады ахоўнік, дастаўшы з футарала, што вісеў у яго на поясе, дарожную вагу з гіркамі, звярнуўся да Кацеры:
— Давай срэбра, баярышня.
Кацера загадала Сцяпану адважыць дванаццаць грыўняў. Сцяпан зморшчыўся, засоп старэчым носам, але выцягнуў са скураной торбы ладнаваты скрутак срэбнага дроту. На кавадде адсеклі доўгі кавалак дроту, узважылі, і ахоўнік даў знак раскоўваць Добрага. Калі падышлі да Добрага, каб вызваліць з ланцугоў, ён узняў галаву, прасветленым позіркам слізгануў вышэй людскіх галоў, потым зірнуў на неба, на бела-ружовыя воблакі ў сакавітым блакіце. Твар быў велічны і спакойны. Добры.шаптаў малітву, і воі стаялі побач, разгублена чакалі.
— Ну што ж ты? Хутчэй радуйся, — сказаў ахоўнік Добраму і ўтапіў у кішэні плашча кавалак срэбнага дроту. — Табе пашанцавала.