Выбрать главу

Добры нізка пакланіўся Кацеры, пакланіўся рахманам. Рахманы пачалі кланяцца яму ў адказ, гаварылі ціхімі галасамі:

— Вяртайся на Свіслач...

— Маліся там за нас...

— Бог па заслугах узнагародзіў цябе... Добры маўчаў.

— Чаго стаіцё? Раскоўвайце яго! — ужо сярдзіта загадаў ахоўнік.

— Не спяшайся, — строга глянуў Добры. — Гэтага раскоўвайце, — паказаў ён на Гнеўнага. — Адну душу выкупіла баярышня, і я хачу, каб раскавалі майго брата.

— А ты? — запытаў ахоўнік.

— Я пайду са сваімі братамі, каб падзяліць з імі пот, боль і кроў, — сказаў Добры і яшчэ раз пакланіўся рахманам. Ахоўнік прыкусіў вус, прыжмурыў вочы, ціскануў рукаяць бізуна.

А рахманы ўжо пакорліва і дружна станавіліся на калені перад Добрым.

— Хочаш быць рабом? Будзь. Твая воля, — нарэшце вымавіў ахоўнік. — Раскуйце таго, каго ён просіць.

Раскавалі Гнеўнага. Ён не верыў свайму шчасцю, стаяў, цёр знямелыя рукі, потым тройчы пакланіўся Добраму. Натоўп нявольнікаў крануўся з месца. Закурэў сухі пыл з-пад ног. Далёкая дарога чакала ўсіх гэтых няшчасных людзей, дарога без вяртання. Яшчэ не раз пад чужым небам успомніцца ім родная зямля.

— Чаго ты стаіш? — строга сказаў стары Сцяпан Гнеўнаму. — Ты зараз наш, ты халоп баярышні. Бяры вось гэты хатуль і ідзі за мной.

Гнеўны паслухмяна выканаў загад. Белавалод стараўся не глядзець на яго, бо помніў густы змрок падзямелля, чэпкія неадрыўныя вочы, вялікую ўладу і сілу гэтага чалавека, помніў спалох Ульяніцы.

— Як цябе завуць? — спыталася Кацера ў свайго новага халопа.

— Яфрэм, — адказаў Гнеўны.

Яны прыйшлі да сядзібы Варлама, і Белавалод, адшукаўшы Ядрэйку, расказаў пра нечаканую сустрэчу з Гнеўным. Рыбалоў дужа здзівіўся, потым напалохаўся. Падумалася яму, што хітры цямрук можа нейкім чынам нашкодзіць ім.

— Калі ён рахманаў, лясных людзей, у кулаку трымаў, ён і тут здолее, як вуж, прапаўзці ў любую шчыліну, — раздумліва прамовіў Ядрэйка. Ёсць у ягоных вачах ліпучасць нейкая. Глянеш у такія вочы — і ўжо сам сабе не гаспадар. Адным словам, далей нам трэба ад яго трымацца і нікому не казаць, што мы ведаем яго.

Так і зрабілі. Абыходзілі Гнеўнага, стараліся не трапляць яму на вочы. А Яфрэм (так усе, акрамя Белавалода і Ядрэйкі, звалі Гнеўнага) і сапраўды вельмі хутка з бруду і пылу ўзняўся, стаў правай рукою Кацеры, патрохі пачаў на старога Сцяпана крычаць, а аднойчы спрытна падтрымаў залачонае стрэмя, калі Раман садзіўся на каня.

— Добрага ў няволю пагналі, а гэты цямрук раскашуе, як крапіва пад плотам, — пачухаў патыліцу Белавалод. — Чаму ўсё так робіцца, Ядрэйка?

— Кожнаму дразду па свайму гнязду, — адказаў рыбалоў. — Даўно заўважыў я, баяры вы мае дарагія, што мякчэйшыя людзі на мулкіх палатках спяць або ў чыстым полі, камень пад голаў падклаўшы, начуюць. А той, у каго сэрца з валуна высечана, на пухавіках, на ядвабе свае белыя костачкі песціць.

У вольныя часіны Раман вучыў усіх сваіх людзей рукапашнаму бою. На лоддзі плылі на пустынны пясчаны востраў, надзявалі кальчугі, шлемы, бралі ў рукі шчыты, мячы, дзіды і сякеры. Кожнага выпрабоўваў Раман моцным сакрушальным ударам. Часта ад такога ўдару падаў у пясок шчыт, а няўдаліца-дружыннік стаяў агламошаны, разгублена лыпаў вачамі.

Укапалі калаўрот з высокім дубовым калом усярэдзіне, прывязалі да кала бічоўкамі цяжкія жалезныя гіры і камяні. Калі раскручвалі калаўрот, гіры і камяні са свістам рассякалі паветра. Трэба было па Раманавым знаку адважна стаць побач з калаўротам і толькі паспяваць нахіляць галаву, каб камяні і гіры не разбілі яе, быццам курынае яйка.

Белавалоду падабалася ўсё гэта. Ён адчуваў, як наліваюцца сілай рукі і ногі, як цяжэе і шырэе плячо, а бязлітаснае сонца высмоктвае з цела лішнюю ваду. Праз некалькі дзён густы загар лёг на лоб і на шчокі, валасы былі святлей, чым скура. «Ульяніца б не пазнала мяне», — думаў ён.

Ядрэйка ж хітраваў, смяшыў усіх. Часцяком ён прасіў Рамана:

— Бі цішэй, ваявода, а то ад твайго ўдару я да Кіева далячу.

Калі надышла ягоная чарга стаць ля калаўрота, ён падысці падышоў, але адразу ж сеў на гарачы пясок, растлумачыў:

— Хай гэтыя булдавешкі далей ад галавы лётаюць. У мяне шыя не гнецца ім кланяцца. Раман разлютаваўся, загадаў:

— Ідзі лаві рыбу.

— Во гэта па мне, — борзда ўскочыў на ногі Ядрэйка. — Будзеш ты сёння, ваявода, з добраю юшкаю.

Дружыннікі засмяяліся. Усміхнуўся і Раман. Потым сцёр загарэлым кулаком з ілба пот, сказаў:

— Трэба, каб кожны валодаў мячом, як лыжкаю. Ад гэтага жыццё ваша будзе залежаць і жыццё паплечнікаў вашых.