— Лыжку я паўз рот ніколі не праношу, — ідучы да вады, падміргнуў дружыннікам Ядрэйка.
Пакрысе канчаўся летні сонцапал. Ужо не так ярка зіхцелі дняпроўскія хвалі. Чароды хмар закрывалі неба, халаднеў вецер, вішчэў, залятаючы ў гнёзды стрыжоў, што густа ляпіліся на рачных стромах. Часам ніткі дажджу прашывалі небасхіл. Першая жоўтая павуціна ўблыталася ў зялёную бараду лясоў.
На Падоле пабольшала людзей. 3 князевых і баярскіх вотчын везлі халопы ў горад плады зямныя. Торжышча шумела, прадавала і купляла, спрачалася, смяялася на поўныя грудзі, да слёз, адразала лусту хлеба з шэраю соллю калікам вандроўным, што з усіх бакоў спяшаліся да яго, як спяшаюцца начныя матылі да агню. Белы сыр, іскрыста-жоўты мёд у сотах, велізарныя вусатыя самы, што яшчэ раніцою драмалі ў цемры прахалодных віроў, але паквапіліся на параны гарох і апынуліся на рыпучым пяску торжышча, грыбы і арэхі, ягады, яблыкі, вазы з хрумсткай сакавітай рэпаю, гладышы і гладышачкі, карчагі і браціны для віна, выразаныя з мяккай ліпы хлебавыя лапаты, лыжкі, гліняныя свістулькі, пацеркі і бранзалеты для прыгажунь, льняное палатно, ядваб і аксаміт, кавалкі праменнага бурштыну з Варажскага мора, брусы цёмнага крьганага жалеза, нажы і мячы, сярпы і сякеры, паляўнічью сокалы і сабакі, звонкагалосыя птушачкі ў клетках з чароту... Чаго толькі не было тут!
Чалавек, які гандлюе і які купляе, у нечым не зусім звычайны чалавек. Адам жыў у райскіх кушчах і яшчэ не ведаў гандлю. Але ўжо ягоная Ева, сарваўшы яблык, захацела набыць рэч, захацела мець рэч у сваім уладанні. Купецкія караваны ідуць па гарачых вятрыстых пустынях, плывуць па бурных морах, начуюць пад святлом зорак, пад крылом дажджу. Фінікійцы і яўрэі, арабы і нарманы, русы і ляхі, не будзе вам спыну ў вашай вечнай дарозе. Бог падарожжаў і гандлю Гермес у крылатых сандалях, у запыленым плашчы, з жазлом у руцэ глядзіць на вас з нябёсаў.
Аднойчы Раман паслаў на торжышча Гнеўнага, Ядрэйку з Белавалодам, наказаўшы купіць мяса і гароху. Гнеўны ўжо ўвайшоў у поўны давер да Кацеры і лічыўся старшым кухарам. Пад рукою ў яго былі стары Сцяпан, нямая Грыпіна і па чарзе адзін-два дружыннікі. Гнеўны не галіў галаву, як у падзямеллі, і чорныя пругкія валасы клаліся прыгожымі колцамі на смуглы лоб. Ён быў апрануты ў багаты плашч, падпяразаны чырвоным шнуром. На шнуры ў скураным мяшэчку ляжалі ключы і срэбра. Шчасліва выбавіўшыся з няволі, Гнеўны рабіў выгляд, што не ведае Ядрэйку і Белавалода, што ўпершыню ўбачыў іх у Кіеве. Гэта дужа злавала Ядрэйку, і сёння ён рашыў расквітацца.
— Дык як расце твой дуб, Яфрэм? — запытаў ён.
— Які дуб?
Рука Гнеўнага цвёрда ляжала на скураным мяшэчку.
— Срэбны дуб. Той, што над ракой Свіслаччу расце. У ім — памятаеш? — ёсць вялікае дупло.
— Ну і што? — не міргнуў вокам Гнеўны.
— Калі ж мы срэбра будзем дзяліць на тры часткі?
— Якое срэбра?
— Адбіў табе нехта памяць, Яфрэм, — уздыхнуў Ядрэйка. — Ты ж, як вялі цябе прадаваць рамейскім купцам, на ўсё горла крычаў, што дужа шмат срэбра маеш.
— У вялікім страху быў я, у гарачцы, — спакойна сказаў Гнеўны. — Калі б цябе, чалавеча, за кадык узялі, і ты б залатыя грры абяцаў.
— Я — Ядрэйка. Хіба ты не помніш? Я ў лес да цябе прыходзіў.
— Мудрэйка? Першы раз такога бачу. А лясоў у Бога шмат.
— Не выкручвайся, як вуж, — не стрываў Белавалод. — Усё ты ведаеш, усё помніш. Добры за цябе, крата падземнага, у рабства пайшоў.
— I цябе я не ведаю, — уважліва зірнуў на Белавалода Гнеўны.
Пры гэтых словах Белавалод учапіўся яму ў глотку. Яны ўпалі на пясок. У Гнеўнага было вёрткае, жылістае цела, але слабыя рукі, і, каб не Ядрэйка, Белавалод у шаленстве прыкончыў бы яго. Калі ўзняліся на ногі, твар у Гнеўнага быў у крыві.
— Мая кроў? — здзіўлена сказаў Гнеўны, асцярожна дакрануўшыся да шчакі і пазіраючы на чырвоныя пальцы. — Упершыню бачу сваю кроў. Чужой я шмат бачыў. Ну што ж, з гэтага дня ты мой даўжнік. А даўгі я прывык збіраць спраўна. Клянуся Богам, я адпомшчу табе.
— Не збаюся, — выгукнуў Белавалод. — Рады буду сустрэцца з табою на вузкай сцежцы. Зло нясеш ты людзям, падман і разруху душы чалавечай. Не чакай літасці, калі я дабяруся да цябе.
Як мячы, скрыжаваліся іхнія позіркі, і Белавалод не адвёў убок вочы, вытрымаў шалёны пякучы позірк Гнеўнага.
Раздзел пяты