Чалавек ідзе туды, куды кладзецца дарога. Мала праходзіць за сваё кароткае жыццё чалавек, які б ён ні быў хутканогі. Ён падобны на муху, што садзіцца на гарачы ад сонца полаг шатра, поўзае па ім, і, пэўна, уяўляецца ёй гэты полаг бясконцым сусветам. I не разумее дурная муха, што, апроч полага, ёсць бязмежны стэп, а за стэпам снежнагаловыя страшныя горы, а за імі — акіян. Чалавек ідзе і памірае ў дарозе, пакідаючы пасля сябе маўклівы курган. А народ спяшаецца далей. Куды ж ідзе народ? Што гоніць яго да напятай цецівы небасхілу? Сакавітая густая трава для авечак і коней? Глыбокія, поўныя сцюдзёнай вады калодзежы? А можа, цені продкаў? Яны падобныя на хмары, такія ж зменлівыя, загадкавыя, у вечным руху, ніколі не ведаеш — гнеў ці ласка вырвецца з таемных глыбінь. Куды ж ідзе народ куманаў? Так думаў хан Гіргень. Ягоная вежа [Вежа —стаянка] была над вузкай стэпавай рачулкай. Чынгул. Спёкай поўнілася шэрае неба. Людзям і жывёле не хапала вады.
Траву коні і авечкі аб'елі да самай зямлі. Худыя вярблюды, заплюшчыўшы вочы, стаялі, як здані, каля сцёртых дзіравых шатроў.
«Не шанцуе маёй ардзе, — спустошана і ляніва думаў хан. — Я ўжо стары, цярпліва зношваю сваё цела, хутка памру. Што ж тады будзе з куманамі? За Дняпром і Варасколам Русь у гарадах сядзіць. Аднакроўцы Шаруканіды ціснуць з поўначы і з усходу. У іх лепшыя лучнікі і лепшыя коні. Што для іх стары Гіргень? Прыйдуць і праглынуць, як кавалак печанага мяса, маю аслабелую арду. I ніхто не абароніць Гіргеня. Чорнае ў мяне жыццё, як стэп пасля пажару. А Шаруканіды ў вялікую моц увайшлі. Ёсць у іх гарады — Шарукань і Сугроў. Багатью гарады, хоць Шаруканіды пальцам не паварушылі, каб іх збудаваць сярод стэпу. Ад сарматаў, ад старадаўняга народа, кажуць людзі, засталіся гэтыя гарады. А што маю я? Пусты стэп з яшчаркамі і дрофамі, бязводную раку. I скрозь — гранітныя жылы, што востра вытыркаюцца з зямлі. Коні з вярблюдамі б'юць капыты аб непатрэбны граніт. Гора мне, старому Гіргеню».
Але тут позірк хана слізгануў па беласнежным шатры, у якім жыла ягоная любімая маладая жонка Агюль. Ханша якраз прачнулася і капрызным голасам паклікала да сябе рабыню-печанежку. Рабыня са срэбнага збана пачала мыць ёй ногі. Потым на кожны палец нагі (якія прыгожыя ў ханшы пальчыкі!) надзела залатыя пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі. Гіргень глядзеў на жонку, і кроў пачынала хутчэй і гарачэй бегаць па жылах. Жанчына заўсёды малодзіць мужчыну. Гледзячы на прыгажуню, самы стары і самы цвёрдаскуры весялее і мякчэе, робіцца юнаком, у якога наперадзе безліч дзён, як ікры ў пладавітай рачной рыбы.
— Як табе спалася, Агюль? — лагодным голасам спытаў хан.
— Дрэнна, — адказала ханша.
— Чаму?
— Таму што рэдка бачу свайго мужа і ўладара.
— Шмат у мяне клопатаў, Агюль, — падышоў, пагладзіў жонку па шчацэ Гіргень, і рабыня-печанежка, як чорная вужака, маўкліва адпаўзла ўбок. — Але ніхто не забараняе табе кожную ноч бачыць свайго мужа ўва сне.
— Сёння ўва сне я бачыла, як пачырванеў ад крыві Чынгул і людзі Шаруканідаў зганялі ў адзін гурт нашых авечак і вярблюдаў, а мяне... Паслухай, мой хан, што яны зрабілі са мной, — Агюль чорна-вішнёвымі вачамі пранізліва глянула на Гіргеня. — Мяне конюх Шаруканідаў, злы агідны чалавек з чырвоным носам, схапіў за валасы і кінуў цераз сядло.
— Што ты кажаш, Агюль? — спалохаўся, адразу як бы змізарнеў стары хан. — Не зробяць яны гэтага, ніколі не зробяць. Яны — куманы, такія, як і мы, і не ўзнімуць шаблю на свой народ. Ды і як яны змогуць на мяне напасці? Я ўбачу, пачую і павяду сваю арду на раку Вараскол, прасіць у Русі дапамогі. Папіў бы крыві камар, каб навучыўся лётаць бясшумна, а Шаруканіды не ўмеюць нападаць ціха.
Гіргень расхваляваўся, забегаў каля маладой жонкі. Ад бязводзіцы і бястраўя даўно пакутавалі ягонью статкі і ягоныя людзі. Шаруканіды выцеснілі аслабленую арду ў сухі камяністы стэп, а зараз, калі верыць сну Агюль, хочуць схапіць Гіргеня за горла. А сны ў Агюль заўсёды праўдзяцца. «Дапамажы мне, Бог куманаў, — лямантаваў у думках стары Гіргень. — Я загадаю насыпаць у твой гонар вялізны курган і на самым версе кургана, там, дзе лётаюць арлы і маланкі, пастаўлю каменнага ідала. Я зарэжу для цябе лепшых бараноў». Як ніколі хацелася яму зараз быць актыўным, дзейным, ды вельмі мала стрэл было ў тулах ягоных лучнікаў. I ўсё-ткі нешта трэба рабіць. Усё можна страціць, але толькі не Агюль. Хан хуценька пайшоў у свой шацёр, крэкчучы, дастаў з прасторнай скураной торбы кубак-курыльніцу, якую выменяў на палонных русаў у арабскіх купцоў. Формаю сваёю гэты цудоўны кубак напамінаў «дрэва жыцця», на вастрыі накрыўкі распускалася залатая кветачка. Яшчэ прыгажэй быў заморскі кубак усярэдзіне — на чарнёным срэбры спляталіся выявы быка, арла, ільва і грыфона. 3 дна кубка ўздымаўся залаты цыліндр, на яго пярэднімі лапамі абапіраўся залаты леў з агатавымі вачамі.