Выбрать главу

— Вазьмі, мая птушачка, сабе на ўцеху, — сказаў Гіргень. Агюль схапіла кубак, прыціснула да грудзей, смуглыя шчокі паружавелі. Яна любіла багатыя падарункі.

— О, мой уладар, — прашаптала яна. Зараз, як дзіця, да самага вечара будзе яна гуляць з кубкам, цалаваць яго, гаварыць кубку пяшчотныя словы. Хан з любасцю глядзеў на красуню. Сэрца напаўнялася мёдам і п'янкім кумысам.

— Пачашы мне пяткі, — гладзячы кубак, загадала ханша рабыні і, калі тая на імгненне спазнілася выканаць загад, ударыла яе пяшчотнай ножкай, дзе на кожным пальчыку ззяў залаты пярсцёнак, у твар.

Гіргень, адразу павесялеўшы, ускочыў на свайго любімага каня, борзда выехаў на ўзлобак, адкуль добра бачылася ўсё наваколле. Ён нарадзіўся ў стэпе, жыў у ім усё жыццё і нічога лепшага, прыгажэйшага не было на свеце для старога хана. Пойма Чынгула зарасла нізкімі вербамі, ракітамі, ясакарнікам. Гэта быў не лес, а лясок. Асабліва ярка, сакавіта выглядаў ён вясною. Русічы, а яны любяць лес так, як Гіргень любіць стэп, называюць гэткія зараснікі блакітным лесам, у адрозненне ад чарналесся і чырваналесся. Не надта ўжо благое жыццё, калі ёсць стэп і ёсць у ім кавыль, праўда, лядашчы, і хаваюцца ў кавылі суслікі, байбакі, дрофы. А яшчэ ёсць кумыс, пітво багоў, і любімая прыгожая маладая Агюль.

«Не саступлю Шаруканідам», — рашуча і злосна падумаў Гіргень. I зноў на самоце пачаў ён мроіць пра бясконцасць зямных дарог, пра зменлівасць чалавечага лёсу. Колькі народаў прайшло, пракацілася па гэтым стэпе! Скіфы, хазары, угры, торкі, печанегі... Спаленая сонцам стэпавая зямля хавае іхнія магілы. Ён, Гіргень, таксама некалі памрэ. Душа паляціць на неба, а косці, якія калісьці поўніліся яраснай сілай, застануцца на зямлі, у зямлі. Стары хан узняў правую руку, сухую, загарэлую да сіняватай чарнаты, доўга глядзеў на яе. Некалі гэтая рука зробіцца прахам, шэрым бяссільным пяском. Але сёння яна яшчэ можа моцна трымаць бізун, шаблю, кубак з кумысам. «Не саступлю Шаруканідам», — скрыгатнуў зубамі Гіргень. Са злосцю і адчаем падумалася яму, што, калі не вытрымае, не дасць адпор, не захавае сваю ўладу і сваю арду, бясслаўе, здзек і зняважлівая кара чакаюць яго. Павязуць яго, як нікчэмнага раба, у горад Шарукань, і там, дубянеючы ад страху і ад холаду, будзе сядзець ён у смярдзючай яме, чакаючы, пакуль старэйшы з Шаруканідаў успомніць пра Гіргеня і загадае прывалакчы палоннага ў свой шацёр. 3 ротам, поўным сухога пылу, стане Гіргень на калені перад Шаруканам, пацалуе зямлю між ягоных ступакоў, назаве ненавіснага ворага сонцам, прахалодай сваіх вачэй і вымушаны будзе старэчымі сваімі зубамі грызці з вялікага пальца на правай назе ў Шарукана пазногаць. Ужо адрошчвае, гадуе Шарукан гэты агідны пазногаць. Значыць, трэба як мага хутчэй дзейнічаць. Слязьмі не зальеш агонь. Трэба апярэдзіць Шарукана, падмануць. Шарукан не ўсясільны. Насіў арол, панясуць і арла.

Гіргень вярнуўся ў сваю вежу, паклікаў да сябе старэйшага сына Аклана і, калі той увайшоў у шацёр, сказаў:

— Ты моцнарукі і смелавокі. Я хачу, каб на схіле маіх дзён ты бьіў ханам, каб цябе ўсе слухаліся, баяліся і паважалі. На схіле маіх дзён я буду піць кумыс, вучыць тваіх сыноў страляць з лука, а ты будзеш ахоўваць маю старасць.

Аклан у знак згоды пакланіўся бацьку. Голас у Гіргеня пазванчэў.

— Едзь ў Кіеў да вялікага рускага хана Ізяслава і скажы яму, скажы так, каб не пачула чужое вуха, што я, мудры Гіргень, хан прыморскай куманскай арды, ці палавецкай, як называюць нас русы, хачу прывесці мой народ пад ягоную бацькоўскую руку. Мы будзем союзнікамі Кіеву, гэтаксама, як торкі, берандзеі, чорныя клабукі. Шабля Гіргеня не ведае, што такое слова «здрада». Я буду верна служыць са сваёй ардой вялікаму хаііу русаў.

— Значыць, мы пакінем свой стэп? — ціха спытаў Аклан, і, падалося, сум быў у ягоным голасе.

— На правым беразе Дняпра багатыя стэпы. Там шмат вады і травы, — строга зірнуў на сына Гіргень. — Шарукан пабаіцца хадзіць на правы бераг.

Сын з вернымі целаахоўнікамі памчаўся ў Кіеў, павёз вялікаму князю Ізяславу залаты паходны кубак, які носяць, прывязаўшы да пояса. На дне кубка былі выдрапаны дзве паралельныя лініі — родавы знак прыморскіх куманаў.

Гіргень, застаўшыся адзін, загадаў прывесці да шатра паляўнічага пардуса [Пардус — гепард]. Два служкі на доўгім ланцугу ледзьве прыцягаулі мускулістую светла-рудую кошку. Пардус грозна шчоўкаў зубамі, шыпеў.