— Не слухайце яго, вольныя куманы! — выхапіў шаблю Калатан. — Не слухайце гэтага сляпога чалавека! Дыханне ягонае толькі ў ноздрах ягоных, і ён не чуе, як шуміць у стэпе вецер вечнасці!
Іскры поту гарэлі на шчоках у Калатана. У смуглым кулаку ён сціскаў эфес шаблі, і нават гэты кулак (заўважыў Гіргень) быў мокры ад поту. «Баіцца і пацее ад страху», — падумаў стары хан.
— Шкадую я цябе, Калатан, — уздыхнуў Пргень. — Ты такі малады, моцны, прыгожы, але памрэш рана, дужа рана. Не насіць табе сівой барады.
Пры гэтых словах Калатан пабялеў, шабля ў руцэ задрыжала. Ён азірнуўся на арду, пэўна, там былі ягоныя аднамыснікі, ды ніхто з іх не падаў ні знаку, ні голасу, чакалі, што будзе далей, і Калатан, шалеючы ад бяссілля і нянавісці, сказаў:
— Ты хітры, як змей, Гіргень. Але нават ты не можаш бачыць наперад людскі лёс. У цябе не сямёра вачэй.
— Не сямёра, — згадзіўся стары хан. — Толькі я ўпэўнены, што неўзабаве твая шыя зломіцца. Ведаеш, як ломіцца сухі бадыльнік?
— Мая шыя цвёрдая, — рашуча выдыхнуў Калатан. — I рукі ў мяне цвёрдыя.
— А ханская шапка, якую ты так прагнеш надзець, вельмі цяжкая, і яна зломіць табе шыю,— усміхнуўся Гіргень.
— Не палохай! — закрьгааў Калатан. — Босага мяне на лёд не ўзгоніш!
У гневе ў яго быў надзіва непрыгожы твар. Морда нейкага звера ўбачылася ўсім.
— Ты хочаш весці арду, — міралюбна сказаў Гіргень. — У твае гады і я хацеў. I кожны мужчына, калі толькі ён мужчына, марыць стаць ханам. Але для гэтага трэба быць мацнейшым, разумнейшым і адважнейшым. Ты кажаш, што ў мяне не сямёра вачэй, і ты ўпэўнены, што тыя вочы, якія я маю, старыя і сляпыя. Давай страляць з лукаў. Хто патрапіць у цэль, той і хан.
Арда зашумела, захвалявалася. Ніхто не чакаў ад старога Гіргеня такой прапановы. Сябрукі Калатана, схаваўшыся ў натоўпе, крычалі адтуль, праўда, змяніўшы свае галасы:
— Згаджайся, Калатан! У цябе вочы, як у беркута! Ты пераможаш сляпога Гіргеня!
Калатан заружавеўся ад радасці. Нарэшце наступіў ягоны міг! Зараз уся арда ўбачыць, які ён спрытны і вастравокі. Калатан рэзкім рыўком выцягауў з-за спіны лук, намацаў рукою апярэнне стралы. Сэрца калацілася ў грудзях.
— Будзем страляць у конскі чэрап. Аднясіце чэрап у стэп на тры сотні крокаў, — сказаў Гіргень. — Чыя страла трапіць у чэрап або ляжа бліжэй да яго, той і перамог. Пачынай. Ты павінен страляць першы, бо стаць ханам хочаш ты.
Малюсенькай бела-жоўтай кропкаю ледзьве бачыўся ў зялёным разліве стэпавай травы чэрап. Калатан, затойваючы дыханне, нацягнуў дрогкую цеціву, пальцамі ног націснуў на страмёны, прыўзняўся з сядла, папрасіў у думках удачы ва ўсіх стэпавых багоў. Страла свіснула, паляцела. Следам за ёю, не, не следам, а на яе вострай дзюбе, паляцела душа Калатана.
Гіргень усміхнуўся, потым сцёр з твару ўсмешку, узяў у рукі лук. Бяскроўная нітачка ханскіх вуснаў бачылася ўсім, хто быў непадалёку. Гіргень лёгка спусціў цеціву, кінуў стралу ўверх, на сонца.
Усе ўзнялі галовы, і пякучае сонца ўдарыла ў вочы, выбіваючы цёплыя слёзы. У яркім блакіце ляцела ханская страла. Верхавыя, хвошчучы коней плёткамі, рынуліся ў стэп. Калатан хацеў памчацца разам з усімі, але ўбачыў, як нетаропка і паважна заторквае лук за спіну Гіргень, і прытрымаў каня. Яны паехалі побач, стары хан і ягоны малады вораг. А верхавыя ўжо даляцелі да чэрапа, ужо саскочылі з коней.
— Ханская страла! — пачулася адтуль. — Ханская страла перамагла!
Калатан уздрыгнуў прыкусіў губу. Гіргень усміхаўся.
Страла старога Гіргеня ўпілася ў конскі чэрап, крыху вышэй дзіркі, дзе калісьці было вока. Страла Калатана ляжала ў траве крокі за чатыры ад чэрапа. На Калатана шкада было глядзець. Ён калаціўся, як у ліхаманцы. Дзікая ўсмешка крывіла рот. Ён саскочыў з каня, упаў тварам у калючыя сцябліны.
— Слава хану Гіргеню! — крычала арда.
— Вось бачыш, Калатан, — спакойна, смакуючы словы, сказаў Гіргень. — Бог абраў мяне, накіраваў маю стралу туды, куды трэба было. Значыць, я хан па Божаму праву. А ты вучыся страляць з лука. Можа, да сівой барады і навучышся.
Ад такой страшэннай прылюднай абразы Калатан змярцвеў здавалася, ператварыўся ў шэры стэпавы камень. Ён гатовы быў забіць сам сябе, вырваць свае вочы, каб не бачылі яны людскіх насмешлівых твараў. Бяссільна ляжаў ён у траве, па целе прабягалі сутаргі, і не было ім спыну, як не было спыну тупому неадчэпнаму болю, што абклаў з усіх бакоў сэрца.