Выбрать главу

— Ці гарыць на Гарбатым кургане касцёр?

— Гарыць, упрыгожанне нябёсаў, — лісліва адказала рабыня.

Агюль выбегла з шатра. Касцёр, як чырвонае пранізлівае вока, глянуў з глухога змроку.

— Доўга ж ты спіш, хан Гіргень, — пачулася аднекуль зверху, Гіргеню падалося — з воблака, залатога і яркага, якое праплывала над ім. Ува сне ён бачыў сябе ў спякотна васільковым небе. Разам з Агюль ён сядзеў на маленькім іскрыстым воблачку, лунаў над бязмежнасцю стэпаў. Побач, унізе, уверсе, з бакоў бясшумна плылі белыя бухматыя воблакі. Холадам веяла ад іх. I вось з вялікага верхняга воблака пачуўся гэты нечаканы голас. Гіргень, пяшчотна абдымаючы левай рукой Агюль, правую руку працягнуў да воблака, каб падклікаць, падвабіць яго да сябе. Так у вясновым стэпе з вялізнага авечага гурту ён выклікаў даверлівых белых баранчыкаў. Ды раптам воблака выпусціла жалезную дзюбу і балюча ўдарыла ёю па руцэ. Гром-смех пракаціўся па нябёсах. Стары хан з вялікаю напругаю расплюшчыў склееныя сном павекі і ўбачыў над сабой Шарукана. Побач, злосна і пераможна ўсміхаючыся, стаяў Калатан.

— Уставай, бяззубы вярблюд, — загадаў Шарукан.

Гіргень павольна ўзняўся на ногі, пахіснуўся. Каменьчык болю, цяжкі, вастрабокі, перакочваўся ў галаве. Усё яшчэ хацелася спаць, але ён зразумеў, што гэта быў апошні ягоны зямны сон, што неўзабаве, магчыма, праз некалькі імгненняў, ён засне навекі. Страху не было. Ён шукаў вачамі Агюль. У шатры тоўпіліся шмат людзей, але Агюль між імі ён не ўбачыў.

— Ты хацеў завесці вольных куманаў у Кіеў, парадніцца з русамі, — жорстка ўсміхаючыся, сказаў Шарукан. — Ці не звар'яцеў ты?

— Я разумнейшы за цябе, — з годнасцю вымавіў Гіргень.

— Як жа ты дадумаўся да такога? Калі ты разумнейшы за ўсіх, як ты мог нашых стэпавых багоў раўняць з кіеўскім богам? Хіба можна на небе спыніць воблака? Ты ж у сваёй старэчай слепаце захацеў, каб мы, уладары стэпаў і хутканогіх коней, спыніліся на ўзбочыне дарогі, пачалі калупацца ў зямлі. Ёсць народы-грыбы, якія растуць на адным месцы. Гэта — русы, рамеі, ляхі... Але прыходзіць нехта, мудры і магутны, зразае грыб і пячэ яго на агні. Гэта мы — куманы. Такімі зрабіла нас неба. Вечны рух, вечны паход. Што знойдзецца лепшае на зямлі? Нічога няма.

Шарукан гаварыў натхнёна. Затаіўшы дыханне, яго слухалі ўсе, хто быў у шатры, слухалі і згодна ківалі галовамі:

— Так... Так... Справядліва кажа мудры Шарукан.

А хан Гіргень у перадсмяротнай тузе думаў пра Агюль. Здрадзіла, апаіла сонным зеллем, навяла ворагаў... Ды чамусьці не было гаеву на сэрцы. Ён і зараз кахаў чарнавокую прыгажуню і, калі б убачыў яе, не змог бы сказаць злое слова, толькі б глянуў з журбрю. I ўспомніўся хану цяжкі сон. Бачылася яму аднойчы ўва сне, што душыць яго чорная гадзюка. Абвілася кальцом, дыхнуць не дае. У жаху, у халодным поце прачнуўся ён тады, аж гэта Аполь абняла яго за шыю і цалуе.

— Аддай мне Гіргеня, — папрасіў у хана Шарукана Калатан. Але той быццам не пачуў Калатана, казаў Гіргеню:

— Ля чужога агаю не сагрэешся. Ты ж забыўся пра гэта, Гіргень.

I раптам прапанаваў палоннаму:

— Ты адважны, мудры. Цябе паважае народ куманаў. Давай з'яднаем нашы сілы, ударым па Кіеве, спалім горад русаў, і будзе ў нас шмат срэбра і рабоў.

Усе чакалі, што адкажа стары Гіргень.

— Мінулае не паправіш, — пасля некаторага роздуму прамовіў Гіргень. — Заўсёды мы з табой варагавалі, дык застанемся ж ворагамі да самай маёй смерці. Лоўка ты мяне ўзяў, як птушку ў гняздзе. Навука старому дурню, але няма калі вучыцца — паміраць трэба. А табе адно скажу: не ідзі з вайной на русаў, бо і сваю галаву згубіш і народ з-за цябе прападзе. Такое маё слова.

Гіргень апусціў сівую галаву, змоўк. Шарукан уважліва паглядзеў на яго, зморшчыўся, кашлянуў у загарэлы кулак.

— Аддай мне Гіргеня, — зноў папрасіў Калатан. — Я з яго жыўцом скуру спушчу.

— Не аддам, — гнеўна сказаў хан Шарукан. — Куманы будуць судзіць старога асла.

Арда, зліўшыся з войскам Шарукана, рушыла ў стэп, каб адтуль, сабраўшы грозную сілу, наваліцца на Юеў. Расталі за небасхілам апошнія кібіткі. Цішыня затрымцела наўкол. 3 норкі асцярожна вытыркнуў галоўку суслік, зірнуў туды-сюды, асмялеў, вылез на паверхню і застыў на кургане, як слупок. Раптам незразумелыя гукі пачуліся яму. Суслік на ўсялякі выпадак нырнуў кумільгом у норку, потым, счакаўшы, зноў высунуў цікаўную мордачку, якая была запэцкана пяском. На суседнім кургане паміралі двое — стары чалавек і дзіўны звер. Такіх звяроў ніколі не сустракаў суслік у родным стэпе. Чалавек і звер былі прывязаны адзін насупраць другога да доўгіх, убітых у сухую зямлю шастоў. Нехта зламаў ім хрыбетнікі, і яны каналі. Вось іхнія глухія стогны і пачуў суслік. Ён трошкі павагаўся, зноў выбраўся з норкі, бо чалавек і звер былі бездапаможныя, зусім нястрашныя. Мухі заляпілі морду зверу, лезлі ў вочы, вушы, і звер час ад часу пагрозна вішчаў. Але калі ён адкрываў для свайго слабога віску рот, мухі роем ляцелі яму ў пашчу, і ён давіўся, екатаў. Слёзы ззялі на вачах у невядомага звера.