Гіргень, скамянеўшы ад дзікага болю, ад гарачыні і лютых мух, з найвялікшай напругаю адкрыў вочы, убачыў пакуты няшчаснага пардуса. «Хоць бы звера пашкадавалі, — падумалася яму. — Хіба звер віновен?» Потым ён убачыў сусліка, шэры палахлівы слупок. «Падбяжы бліжэй, — у думках умольваў ён звярка. — Свісні, праспявай мне на развітанне песню стэпаў». Але суслік маўчаў, а праз нейкі міг разануў вушы і сэрца перадсмяротны віск пардуса. «Бывай, — развітаўся з ім Гіргень. — Я чалавек, і таму павінен даўжэй жьіць і даўжэй пакутаваць, чым ты, звер». Ён памёр праз ноч, на світанні...
Зноў Стэп ішоў на Ніву, Кібітка на Хату, Аркан на Плуг. Усё дняпроўскае левабярэжжа заслаў едкі дым. Полаўцы вялікімі коннымі масамі напалі знянацку. На поўнач ад ракі Вараскол, дзе спрадвеку стаяць селішчы русічаў, рассекла белы дзень на чорнае ашмоцце крывавая шабля. Смерды з сем'ямі ратаваліся хто як мог. Да Кіева або да Рымава ці Пераяслава бегчы было далёка, і людзі, як стэпавыя дрофы, разам са сваімі дзецьмі зашываліся ў траву. Але на ўзмыленым кані ўзвіваўся над схованкаю полавец, і мужчын чакала шабля, а жанчын і дзяцей — аркан. Некаторыя беглі да стэпавых рачулак, лезлі ў чарот, у ваду, толькі нідзе не было збавення. У імгненне рабілася попелам тое, што чалавек цяжкой працаю здабываў усё сваё жыццё. Палонных жанчын і дзяцей зганялі, як жывёлу, у статкі. Потым самых прыгожых дзяўчат пачыналі гвалціць на вачах ва ўсіх. Дзяўчат не хапала, і прапахлыя потам, дымам і крывёю стэпнякі гвалцілі жанчын навідавоку ў іхніх дзяцей. Жонкі полаўцаў цярпліва чакалі ва ўмоўленых месцах у стэпе палон, дзялілі новых рабынь і малалетніх рабоў, нагружалі іх, як вярблюдаў ці коней, дабром, гналі да сваіх вежаў. Калі ж па той ці іншай прьгаыне нельга было забраць з сабою згвалчаных дзяўчат і жанчын, полаўцы іх адразу ж забівалі, бо некаторыя маглі ў будучым зацяжарыць, пусціць на белы свет дзяцей, а закон стэпаў не дазваляе, каб сярод чужога народа жылі людзі, целам і душою падобныя на полаўцаў.
Усе парубежныя гарадкі-крэпасці русічаў былі ўзяты ў аблогу. Без вады і ежы, пад градам палавецкіх стрэл і камянёў мужна адбіваліся нешматлікія іхнія гарнізоны. 3 наваколля пад ахову земляных валаў і дубовых забаролаў збегліся тысячы людзей. Плакалідзеці. Галасілі жанчыны. Некаторью з жанчын, гледзячы зверху на раз'юшанае мора стэпнякоў, што вось-вось павінна было хлынуць у пашчапаныя, зламаныя брамы, не вытрымлівалі, пачыналі істэрычна смяяцца, распускалі валасы, здзіралі з сябе адзенне і голыя скакалі з валаў проста ў рукі полаўцаў.
Вестку аб тым, што Стэп зноў пайшоў на Кіеў, прынёс вялікаму князю Ізяславу ваявода Каснячка. Ізяслаў, седзячы ў ціхай святліцы, разам з сынам Святаполкам чытаў стары рамейскі пергамен. Лагода была на душы. Чыталі «Пчалу» — словы і думкі з Евангелля, словы святых айцоў, словы славутых любамудраў.
— Як каню ржанне, і псу гаўканне, і валу мычанне, і барсу рычанне дадзена, і гэта іхняя прыкмета, так і чалавеку слова, і гэта прыкмета ягоная, і сіла ягоная, і зброя, апірышча і агароджа, — раздумліва чытаў цёмна-русы Святаполк. Ізяслаў пагладзіў яго па галаве, прамовіў:
— Мудра сказана, сын.
— А вось што пішуць рамеі пра маўчанне і тайну, — чытаў далей Святаполк. — Калі Сакрата спыталі, хто тайну можа захаваць, ён адказаў: «Той, хто гарачы вугаль утрымаць на языку здолее». Калі ж нехта злаваўся, што ў яго, Сакрата, пагана смярдзіць з рота, Сакрат сказаў: «Мноства тайнаў згніло ў горле маім».
Святаполк хацеў чытаць яшчэ, але ў гэты час увайшоў усхваляваны Каснячка, і па ягоных вачах, па разгубленым твары Ізяслаў зразумеў, што здарылася нешта дужа непрыемнае.
— Адпачні, сын мой, — асцярожна адсунуў ён убок пергамен. Незадаволены Святаполк хуценька выйшаў са святліцы, і вялікі князь, шкадуючы, што які ўжо раз не ўдалося пабыць з сынам, раздражнёна спытаў у ваяводы:
— Што ты скажаш мне?
— Полаўцы перайшлі раку Вараскол, — выдыхнуў Каснячка. Загарэлым вялізным кулаком ён змахнуў з броваў пот.