Выбрать главу

— Зноў, — зморшчыўшыся, пабляднеўшы, сказаў вялікі князь.

— Зноў, — як рэха, паўтарыў ваявода.

Нейкае імгненне яны маўчалі. Ізяслаў прыпамінаў рэкі, якія ўпадалі ў левае плячо Дняпра: Вараскол, Псёл, Сула... Стэпнякі ўжо, напэўна, падкочваюцца да Псёла. Ён быццам убачыў імклівую чорную хмару конніцы. Недзе там гараць весі і парубежныя крэпасці, чарназём чырванее ад крыві. «Ненажэрная саранча», — падумаў вялікі князь.

— У Кіеве пра гэта ведаюць? — асцярожна спытаў ён.

— Падол кіпіць, як мурашнік, у які ўваткнулі галавешку, — сказаў ваявода.

Ізяслаў зірнуў на яго, хацеў раззлавацца, гнеўным словам укалоць Каснячку, але стрымаўся. Адной вяроўкаю звязаны яны і зараз, калі смяртэльная навала пагражае Кіеву, павінны быць шшчо ў плячо, стрэмя ў стрэмя.

— Кліч старшых баяр, хто не ў сваіх вотчынах, на сені, — сказаў ён Каснячку. Той моўчкі выйшаў. Вялікі князь абхапіў твар гарачымі рукамі, задумаўся. Не шанцуе яму апошнім часам. Бяда б'е з усіх бакоў. «Ты да жыцця з дабром, а яно да цябе рабром», — успомнілася яму. Няўжо Русь і Кіеў рухнуць пад ударамі Стэпу? Няўжо давядзецца паўтарыць лёс караля саксаў Гарольда? Два сонцавароты назад нарманы пераплылі мора, ушчэнт разбілі войска саксаў каля Гастынгса і падзялілі іх між сабою, як рабочую жывёлу. Няўжо нейкі ап'янелы ад крыві хан зробіць сваім рабом княжыча Святаполка, пацягне на аркане ў стэп? Ізяслаў аж застагнаў, аж заскрыгатаў зубамі ад такіх думак. «А ці радуецца полацкі князь Усяслаў гэтаму нашэсцю? — раптам падумаў ён. — Пэўна ж, ужо даведаўся ці хутка даведаецца ў порубе пра новую бяду Кіева». Вялікую сілу над душамі шмат каго з кіян мае полацкі князь. Ходзяць людзі да яго поруба, гавораць з ім, і не забароніш, бо назавуць мсцівым чалавекам, а такіх ніхто не любіць — ні смерды, ні баяры. У малачасным зямным жыцці трэба мець надзейнае апірышча. Апірышча ж гэта — хрысціянская вера і хрысціянскі люд. Каб захаваць уладу і дзяржаву для сябе і для сваіх сыноў, неабходна іншы раз і перад галыцьбой з Падола княжую шапку ў пыл скінуць. Магутная дзяржава Русь, увесь Божы свет ведае пра яе, але нават у дубовым камлі бываюць трэшчыны. А што чакае дзяржаву праз сонцаварот, праз два? Раптам вялікаму князю ўспомнілася нядаўняе паляванне. 3 баярамі і з чэляддзю насіўся ён тады на легканогім кані па аксамітных лугах і павуцінных барах. Шмат важнецкай дзічыны звалілі, шмат мяса, поўсці і рогу займелі. Ды пад вечар неўпрыкмет адбіўся вялікі князь ад шумнага натоўпу лоўчых і застаўся адзін у нейкім змрочным хваёвым гусцяжы. Далёка-далёка екаталі сабакі. Шэры павук марудна калыхаўся на сваёй павуціне. Наўкол былі бязлюддзе і безгалоссе. Ён саскочьіў з каня, сеў на зваленае бурай дрэва. Карэнні, як велізарныя скукарэчаныя пальцы лесавіка, пагрозна вытыркаліся з вільготнага цёмнага долу. Адразу кінулася ў вочы, што ўся зямля наўкол як бы ўзараная, уздзёртая. Мох, трава, ігліца, маладыя кволыя хвойкі — усё было скручана ў адзін клубок. Ён, Ізяслаў, уважліва кінуў позірк туды-сюды і заўважыў непадалёку мёртвага тура. Толькі рэбры, капыты, рагаты чэрап і шматкі цёмна-рудой поўсці засталіся ад ляснога ўладара. Пэўна, нехта моцна параніў звера, і тур прыбег сюды, знясілеў, упаў і, ужо канаючы, поўзаў, круціўся ў хвойнічку, жыватом выворваў мяккую лясную зямлю. Вялікі князь падышоў бліжэй. Нешта гуло ў цёмных пукатых рэбрах, і раптам агідны рой сініх мух вырваўся адтуль, узвіўся ўверх. Ізяслаў аж адхіснуўся, закрыў вочы рукою. Той, што быў калісьці самой сілаю і самой ярасцю, не мог шавяльнуць хвастом, ляжаў грудком нерухомых мёртвых касцей. I кіеўскаму князю падумалася тады, што вось так, безгалоса і бездапаможна, будзе ляжаць некалі ягоная дзяржава, а гудлівыя мухі ўявіліся яму паганцамі-пяруннікамі, якія раз'ядаюць знутры гэтую дзяржаву. . .

На сенях Ізяслава ўжо чакалі баяры. Вялікі князь строга зірнуў на іх, сеў. Баяры, усхвалявана перагаворваючыся, расселіся на дубовых лавах.

— Чулі? Ведаеце? — спытаў Ізяслаў.

— Ведаем, — адказаў Чудзін.

— Што ж рабіць будзем, баяры?

Вялікі князь адчуў, што голас ягоны нечакана ўздрыгнуў. Зрабілася прыкра ад сваёй слабасці. Ён злосна ўдарыў рукою па касцяным падлакотніку крэсла, аж пальцы забалелі. Баяры глядзелі на Ізяслава і маўчалі. Гэта здзівіла яго. Гаваруны, пустабрэхі, а тут ні слоўца, быццам раты гарачым воскам залілі.

— Садзі на коней дружыну, князь Ізяслаў, і вядзі насустрач бязбожнікам, — рашуча сказаў ваявода Каснячка. — Пяткі ў іх крывыя, каб Русь пад сваю шаблю ўзяць.

Нарэшце прарэзаўся голас і ў баяр.

— Да братоў сваіх, да князёў Святаслава і Усевалада шлі ганцоў.