— Пашлі ганца ў Ляхі да родзіча свайго караля Баляслава.
— Ворагі з ваяводам Тордам няхай таксама ідуць на полаўцаў.
«А самі вы, відно, не вельмі хочаце пад палавецкія стрэлы брушыну падставіць», — гняўліва падумаў Ізяслаў. Ён рэзка ўстаў, сказаў, цвёрда і ўладна:
— Русь у агні. Іскры далятаюць да стольнага Кіева. Будзем бараніць сваю зямлю. У паход, баяры.
Князь Усевалад чакаў з дружынаю ў Пераяслаўлі, прыспешваў вялікага князя, бо полаўцы ўжо наваліліся на ягоную вотчыну сваімі пярэднімі атрадамі. Праз дзень-два павінен быў падысці з Чарнігава Святаслаў. Ад кіеўскіх прыстаней да пераяслаўскіх воднай дарогаю 120 вёрстаў, а па сухому, берагам Дняпра, усяго 80. Раніцою выбраўшыся з Юева, можна на добрым кані да ночы заехаць у Пераяслаў. Але, вядома ж, гэта можна зрабіць, калі едзеш адзін. Вялізная ж аграмадзіна войска рухаецца павольней, яе стрымлівае абоз.
Увесь дзень вялікі князь правёў у зборах. Дружыннікі вастрылі мячы, коп'і, баявыя сякеры, правяралі конскую збрую, нашывалі таўсцейшыя слаі бычынай скуры на шчыты, змазвалі свіным салам і барсуковым тлушчам кальчугі. Надворныя чалядзіны і халопы напаўнялі свежай вадой дубовыя кадоўбцы, бо войская дарога вяла ў спякотны стэп, а там без вады — смерць. На вазы клалі тушы дзікоў і ласёў, груды сухіх дроў, амфары з віном і мёдам, горы вастрадзюбых стрэл, цяжкія металічныя шчыты ў рост чалавека. Зялейнікі неслі са сваіх таемных сховаў снапкі траў, грыб-трут, дымам якога глушаць боль, чысты мох, тонкую бяросту і кужэльнае палатно, каб закручваць свежыя раны. Ран чакалася шмат, бо полаўцы спрадвеку мелі бязлітасныя кіпцюры і зубы — трапныя лукі і стрэлы.
На адзін з вазоў уладкоўваўся ігумен Пячэрскага манастыра Феадосій з двума інакамі. Святыя брацці везлі з сабою вялікую выяву Хрыста і крыж, які павінен быў засланіць кіеўскае войска ад зброі бязбожных агаран. Яны спявалі святыя псалмы, крэслілі Божы крыж над кожным, хто падыходзіў да воза. Ізяслаў таксама падышоў, спытаў у Феадосія:
— Ці ўдалы будзе паход, святы ойча? Ігумен прасветлена зірнуў на яго, шырока перахрысціўся.
— Жонкам галава мужы, а мужам — князі, а князям — Бог. На Бога спадзявайся, вялікі князь. Учора інаку Фёдару відзенне было. Інак зерне меліць на жорнах у сваёй пячорцы, уначы меліць, бо такі зарок Богу даў. I вось калі ён круціў жорны, калі ўжо дайшоў да поўнай знямогі і хацеў апаласнуць твар вадою, на сцяне ў пячорцы раптам святло ўспыхнула. Незямное святло. Інак стаў на калені, пачаў маліцца і Божы голас пачуў. Сказаў Хрыстос: «Кап'ём сваім я паб'ю ворагаў». I палымянае светлае-светлае кап'ё праплыло над галавой у Фёдара. Добры гэта знак, вялікі князь Ізяслаў. Ты пераможаш паганых.
— Абвясціць усёй дружыне аб гэтым! — радасна крыкнуў Ізяслаў. Неўзабаве ўсе ведалі аб начным відзенні пячэрскага інака. Баяры і малодшая дружына адразу павесялелі, заўсміхаліся, пачалі хрысціцца. Добрая вестка даляцела да стругаў на Дняпры, у якіх плылі воі-пешнікі. Гуд Іпчаслівых галасоў пачуўся адтуль. Ды пад'ехаў на кані баярын Чудзін, ціха сказаў Ізяславу, бліскаючы льдзістымі вачамі:
— Вялікі князь, ты шукаеш ворага спераду, але чаму ты пакінуў ворага за сваёй спінай?
— Пра што ты кажаш, баярын? — не зразумеў Ізяслаў.
— Я кажу пра полацкага князя Усяслава. Яго трэба забіць.
Ізяслаў уважліва глянуў на Чудзіна, спытаў:
— А з княжычамі Барысам і Расціславам што рабіць будзем?
— Трэба, каб і яны крывёй абмыліся, памерлі, — цвёрда вымавіў Чудзін.
— Але я не хачу, каб народ назваў мяне Святаполкам Акаянным, — сказаў вялікі князь і нажыліўся, пацямнеў тварам. Халодна зрабілася яму, аж плячамі варухнуў.
— А хто скажа ці падумае, што іх забіў ты? — не адступаў Чудзін. — Яны могуць аддаць Богу душу тады, калі ты пайшоў у паход, калі цябе не было ў Кіеве. Яны могуць памерці ад выпадковага пажару...
— Ад пажару? — перапытаў Ізяслаў.
— Так. Неба гарачае, бярвенні ў порубе сухія... А кіеўскія кавалі і залатары спраўна раздзімаюць свае горны... Можа выкаціцца вугольчык...
— За што ты так не любіш Усяслава? — перапыніў Чудзіна вялікі князь.
— Ты і сам яго не любіш, — спакойна адказаў баярын. — Усяслаў — злая небяспечная сіла. На яго моляцца халопы і смерды. Ягонае імя крывёй пішуць на сваіх лясных капішчах паганцы-пяруннікі. Ён — хворы зуб у здаровым роце. Вырві атрутны зуб, калі не хочаш, каб рухнула дзяржава, каб было ссечана дрэва, якое пасадзіў твой мудры бацька.
— Вернемся з паходу і тады... — усхвалявана пачаў быў Ізяслаў.
— Не, — не даў яму дагаварыць Чудзін. — Толькі зараз. Ваявода Каснячка ўжо знайшоў надзейных людзей. Яны чакаюць велікакняжага слова.