Выбрать главу

Усе з жахам глядзелі на мёртвую пачарнелую руку, і натоўп аж завыў, рынуўшыся да княжых сяней:

— Дай коней і мячоў! Самі абаронім сябе!

Дзецкія з дружыны Ізяслава хацелі стрымаць гэты ярасны напор, перагарадзілі ўзыход, лесвіцу, што вяла на другі ярус палаца, на сені. Але іх стапталі, знявечылі, шпурнулі пашкуматаныя трупы ўніз, на халодны пясок. Сотні людзей уварваліся на сені. Усе шукалі Ізяслава, але яго нідзе не было. Шукалі ваяводу Каснячку, ды той таксама знік. Тады ў вялікім шаленстве пачалі зрываць са сцен, крышыць аб падлогу, таптаць нагамі срэбныя падсвечнікі, старадаўнія кальчугі, шлемы і шчыты. Вывалаклі са схованкі княжых кухараў, паставілі на калені, білі па шчоках, а потым надзелі ім на галовы катлы.

— Сам уцёк, а нас пакінуў! — крычаў злюцелы ад злосці натоўп. Жанчыны хапалі з падлогі рэшткі падсвечнікаў, разбівалі імі вокны. Мужчыны ламалі дубовыя лавы, сталы. Скінулі драўляныя аскабалкі ў велізарную кучу, падпалілі, і густы агонь, змешаны з дымам, растапырыў ва ўсе бакі свае драпежныя крылы. Некаторыя з жанчын, пабраўшыся за рукі, пачалі танцаваць каля гэтага кастра, і ўсё ж болынасць людзей, убачыўшы, адчуўшы Ірозны агонь там, дзе зусім нядаўна было чалавечае жытло, адразу сцішыліся, як бы сцяліся. Але гнеў браў сваё, і зноў стогалоса і страшна завыў натоўп:

— Дзе ваявода Каснячка?! Гэта ён паклаў на Альце ўсю дружыну! Смерць яму!

Адразу ж каля тысячы чалавек, узброіўшыся ўсім, што трапіла ў руку, рынуліся туды, дзе жыў Каснячка. Яго б разарвалі на шматкі, але прадбачлівы ваявода не сустрэў натоўпу. I тут людзі, большасць людзей, пачалі задумвацца, і думкі іхнія былі не дужа вясёлыя. Ніхто, ні Хрыстос, ні князь, не адмяняў заўтрашні дзень, гэты дзень абавязкова наступіць, і ў тым заўтрашнім дні будзе разбураны спалены палац, будуць мёртвыя дзецкія з велікакняжай дружыны. Непапраўнае здарылася, яго не абыдзеш, не забудзешся пра яго, бо зямля не вяртае крыві, а неба не вяртае дыму пажараў. Да гэтага часу людзі былі натоўпам, які крышыў, паліў, руйнаваў, помсціў, бег, абганяючы свой крык, у якога былі рукі, ногі, сэрца, ды раптам аказалася, што маецца галава, і гэтая галава, працверазеўшы, супакоіўшыся, моцна задумалася: што рабіць далей? Невядома, хто назваў першы імя полацкага князя Усяслава, некаторыя пазней успаміналі, што імя гэта выгукнуў невысокі тоўсценькі, юркі чалавечак з вялікай лысінаю, які ўвесь час круціўся на велікакняжым двары разам з сінявокім русавалосым і дзябёлым дзецюком.

— Князя Усяслава вызвалім з поруба! — прарэзліва закрычаў чалавечак. — Князь Усяслаў абароніць нас!

— Малайчына, Ядрэйка, — усміхнуўся чалавечку русавалосы дзяцюк і таксама крыкнуў: — Вызвалім Усяслава Полацкага.

Народ нібы чакаў гэтага крыку. Загрымела, пакацілася наўкол:

— Волю князю Усяславу!

— Чарадзей заступіцца за нас!

I ўжо ўсім было ясна, што трэба рабіць. Людзі пабеглі да поруба. Штурхалі адзін аднаго, спатыкаліся, беглі. Як вогненная бліскавіца, як гарачае жалеза падае з навальнічнага неба, так упала ў натоўп гэтае слова, гэтае імя: Усяслаў. Ён сам пакутнік, ён зразумее людскую пакуту, абароніць, навучыць.

— Усяслаў! Усяслаў!

Цяжкі голас натоўпу не ўздымаўся над зямлёй, а як бы каціўся па зямной паверхні, змятаючы ўсё, што траплялася насустрач.

— Усяслаў! Усяслаў!

Ён абароніць, бо ведае таямніцы старых часоў і старых багоў, бо харобры, як леў, бо можа ператварацца ў ранішні туман, у воблака.

— Усяслаў!

У гэты самы час ля поруба кіпела гарачая сеча. Ваявода Каснячка, аказваецца, не быў палахліўцам. Узяўшы верных дружыннікаў, узяўшы баяр Чудзіна і Тукы, ён з велікакняжага палаца накіраваўся проста да поруба, каб забіць полацкага князя і ягоных сыноў. Ён цвёрда быў перакананы, што, ударыўшы мячом па выі князя-чараўніка, рассячэ агідную павуціну мяцяжу і ўсе смерды і халопы адразу ж разбягуцца па сваіх шчылінах. Агаліўшы меч, ваявода борзда падышоў да поруба, задыхана крыкнуў:

— Усяслаў!

— Я, — пачулася з поруба, з-пад зямлі.

— Падыдзі да акна!

Павісла маўчанне. Хакалі ратамі разагрэтыя дружыннікі. Тоўсты белавалосы Тукы, моршчачыся, выціраў з мяккіх шчокаў пот.

— Лепш ты прыйдзі да мяне, Каснячка, — нарэшце даляцела з поруба. — Я князь, а ты халоп, хоць і носіш ваяводскую барвяніцу.

— Я заб'ю цябе, полацкі ваўкалак! — шалёна выгукнуў Каснячка.

— Ідзі сюды і забі, — спакойна адказаў Усяслаў. — Ідзі, калі маеш лішняе вока і лішняе сэрца. I ў гэта імгненне пачуўся баявы кліч:

— Рубон!

Так, добра ведаў Каснячка, крьгааць толькі палачане. Сотні маладых ярасных глотак дружна крыкнулі гэта слова, і невядомы атрад напаў знянацку на ваяводу і ягоных людзей. Амаль адразу ж упаў баярын Тукы. Меч рассек яго ад левай ключыцы да правага падпашша. Чудзін стаў над трупам брата, разгублена махаў баявой сякерай. Твар яго быў белы ад страху. На Чудзіна ўжо імчаўся вершнік, абвіты доўгай бліскучай кальчугай, з чырвоным шчытом у руцэ.