Выбрать главу

— Ты хацеў забіць полацкага князя і ягоных нявінных сыноў, — грозна сказаў вершнік. — Полацкая зямля помсціць табе за гэта.

Вялізнай жалезнай булавой ён ударыў Чудзіна ў скронь, а сам крыкнуў:

— Князь Усяслаў! Пачакай яшчэ трошкі, і мы вызвалім цябе!

— Гэта ты, Раман? — глуха данеслася з поруба. Голас у полацкага князя дрыжаў ад нецярпення і хвалявання.

— Я! — радасна адказаў вершнік.

Сеча зрабілася яшчэ мацнейшаю. Ваявода Каснячка пачуў словы Рамана і словы Усяслава, зразумеў, з якім ворагам сустрэўся. Літасці чакаць не выпадала, і ваявода закрычаў у перадсмяротнай тузе:

— Аспіды! Васіліскі! Пярэварацені праклятыя! Усіх вас пасяку!

Ён зваліў мячом двух ці трох палачан, але і сам атрымаў жорсткі ўдар кап'ём у левы бок, выпусціў зброю, заціснуў рукамі гарачую рану. Зямля паплыла перад вачамі, кроў паплыла між пальцамі. «Карачун мне», — млява падумаў ваявода і чырвонымі ад крыві рукамі пераламаў кап'ё, што ўпілося ў ягоную плоць. Дрэва на зломе было, як сыр, як косць.

Людзі ваяводы, убачыўшы, што Каснячка рухнуў з каня, на міг аслупянелі, бо ваявода заўсёды здаваўся ім несмяротным, а потым рынуліся хто куды. Але мячы ў палачан былі доўгія, а жыццё чалавечае кароткае, як дзіцячы пальчык.

I ў гэты час нібы мора выйшла, выкацілася з берагоў — тысячы кіян прыбеглі да поруба.

— Волю Усяславу! — грымнуў натоўп.

Раман, Белавалод з Ядрэйкам, яшчэ некалькі чалавек схапілі сякеры, з ліхаманкавай хуткасцю пачалі па бервяну раскочваць, разбіваць поруб. Трэскі сыпаліся наўкол. Пот выядаў вочы. Нецярпенне натоўпу расло. Некаторыя станавіліся на калені, хрысціліся, цалавалі пясок. Жанчыны, хоць іх было няшмат, галасілі, у позірках іхніх ззяла страшнае незямное святло. Усе чакалі, што вось-вось ударыць гром, узаўецца агонь і дым і з вогненнага яркага слупа выйдзе нехта незвычайны, непадобны на іншых, прыгожы і жахлівы гэтай сваёй непадобнасцю. Заміралі сэрцы. Пякучыя мурашкі поўзалі па скуры.

— Хутчэй! — пачаў прыспешваць Рамана і ягоных памагатых натоўп. У людзей калаціліся рукі, гарошыны слёз накочваліся на шчокі. Да поруба, да чорнай глыбокай ямы, у якую ён паступова ператварыўся, прыпаўзлі аднекуль калекі: бязногія і бязрукія, з велізарнымі гарбамі, сляпыя...

— Дай святла! — крычалі яны. — Вярні сілу! Выратуй!

Адзін з невідушчых учапіўся Белавалоду ў нагу, цалаваў яе і прыгаворваў:

— Я, як і ты, хачу стаць ваўкалакам, бегаць па лясах. Запалі святло хоць у адным маім воку.

— Я не Усяслаў, — ушчэнт разгубіўся, не ведаў, што рабіць, Белавалод. — Князь зараз выйдзе з поруба.

Смерды ж і халопы, рукадзельныя людзі і купцы з Падола крычалі:

— Дай хлеба!

— Дай справядлівы княжы суд!

— Згані полаўцаў з нашых ніў!

— Вярні з рабства дзяцей і жонак!

Чалавечы гуд і лямант рос. Так расце над небасхілам навальнічная хмара. Ужо сусед не чуў суседа. Ужо быў усюды адзіны крык, адзіны стогн:

— А-а-а...

I вось усе ўпалі на калені. I, вылезшы з поруба, стаў над змярцвелым народам бледнатвары шэравокі чалавек, стаў, як промільг маланкі, як удар грому, тройчы пакланіўся, ціха сказаў:

— Дзякуй вам, кіяне, што сыноў маіх выпусцілі з-пад зямлі пад сіняе неба...

Частка III

Якія сны бачыліся Усяславу ў восеньскім лесе

Разам з сынамі я выйшаў з падзямелля. Сыны плакалі, убачыўшы сонца. Народ крычаў здравіцу, стаяў на каленях. Цёплым восеньскім ветрыкам ударыла ў твар, пайшла кругам галава. Я сказаў:

— Дзякуй вам, кіяне, што сыноў маіх выпусцілі з-пад зямлі пад сіняе неба.

Потым я ўбачыў трупы. Мноства трупаў. Іх яшчэ не паспелі падабраць. Колькі мёртвых чалавечых целаў бачыў я за сваё жыццё, і вось зноў яны перада мной. Мяне падхапілі пад рукі, старшы дружыннік Раман аддаў мне свой меч. Лязо было ў крыві. Мяне паставілі на шчыт, узнялі над натоўпам, панеслі на велікакняжы двор. Усё гэта здавалася сном, але быў крык народа, узбуджаныя людскія твары, воблакі над Кіевам. Проста над сабой я заўважыў раптам невялікую чараду буслоў. Разразаючы стылае неба моцнымі крыламі, ляцелі гордыя прыгожью птушкі ў вырай, да гарачага сонца. Я раней думаў, што буслы ляцяць толькі ноччу і толькі парамі, а тут — чарада. Некалькі дзён назад гэтыя птушкі маглі бачыць луг над ракою Палатою.