Крык народа ўзмацніўся. Сыны Барыс і Расціслаў спалохана і шчасліва глядзелі на мяне знізу. Я ўсміхнуўся ім. «Толькі не пахіснуцца, не ўпасці», — загадваўя сам сабе, бо ногі аслабеліўпорубе. Шчыт быў вялікі, полацкі, і гэта надавала сілу. Я нібы стаяў на зямной цвердзі каля полацкай Сафіі.
— Слаўся, вялікі кіеўскі князь! — закрычаў народ. Ударылі ў царкоўныя званы. Заспявалі святыя псалмы.
3 поруба — на сонца, з рабоў — у вялікія князі! Шмат праглынуў я ў сваім жыцці горкага і салодкага, але нават ддя мяне гэта было занадта.
— Абарані! — крычаў тысячароты натоўп.
Лёс узняў мяне, першага з Рагвалодавічаў, на такую асляпляльную вяршыню. Я стаяў, моўчкі глядзеў на людзей. Раптам зноў з'явіліся ў небе буслы, быццам рабілі круг нада мною, быццам хацелі некуды паклікаць. У густым шуме плошчы я, здавалася, чуў шолах іхніх крылаў.
— Раман! — паклікаў я старшага дружынніка.
— Што, вялікі князь? — аддана зірнуў ён знізу, падтрымліваючы плячом шчыт.
— Хопіць. Апускайце шчыт. Хачу на зямлю.
Я пайшоў у апусцелы велікакняжы палац. Ізяслаў, калі верыць чуткам, уцёк у сяло Берастова, а з сяла пабег да караля ляхаў Баляслава. Ён уцякаў так хутка, што амаль нічога не паспеў узяць з сабой. Вялікае багацце бачыў я наўкол. Усё было маё. Я, што ў цёмным порубе мог трымаць у жменьцы толькі сухую павуціну, толькі пясок, апускаў руку па самае плячо ў скрыні з жэмчугам і срэбрам. Чаляднікі і халопы, якія не пабеглі разам з Ізяславам, упалі ніцма перада мною. Зараз я быў іхнім вялікім князем, іхнім богам.
— Раман! — сказаў я свайму вернаму вою. — Прынясі манаскую адзежу...
Ён адразу недзе знайшоў, прынёс грубы чорны плашч, які прыкрываў усё цела з галавою.
— Пайшлі, — сказаў я, апрануўшы плашч. Ён пакорна пашыбаваў за мною. Ён ні словам, ні рухам не выдаў свайго здзіўлення. Меч вісеў у яго на поясе, і я ведаў, што гэты полацкі меч усюды абароніць мяне.
Я ішоў, бег з Кіева ў лес. Мне патрэбна было ўпасці галавой у лясную траву, закрыць далонямі вушы, застацца на самоце. У вялізным горадзе быў крык, гвалт. На Падоле і на Гары яшчэ звінела баявое жалеза, цякла кроў. У некаторых месцах бушавалі пажары. Барыс з Расціславам засталіся ў палацы, і Барыс, я не сумняваўся, ужо наляцеў недзе, як раз'ятраны певень, на прыгожых чалядзінак. Вялікі пост у порубе надзяліў яго незвычайнай мужчынскай сілаю.
Лес, як збавенне, узяў мяне ў свае зялёныя абдымкі. Дрэвы і хмызнякі, птушкі і мурашы, мухі і павукі — усё жыло! На ўтульных палянках зямля была заліта цёплым жоўгым сонечным святлом. Я знайшоў лясное азерца, скінуў з сябе апратку, увайшоў у блакіт вады і паплыў. Я адчуваў сябе рыбінай, вольнай і шчаслівай. Вада ўжо была халаднаватая, ледзяныя іголачкі калолі скуру, але я наўмысна шукаў халаднейшыя мясціны, плаваў і ныраў там, дзе білі з дна крыніцы. Мне патрэбен быў холад, каб супакоіць душу. Я вылез на бераг, і верны Раман старанна расцёр маю спіну і ногі акрайкам шурпатай калянай тканіны. Горача пабегла, запульсавала пад скураю кроў. Мячом Раман насек ліповага і кляновага вецця, зрабіў з яго ложа. Я апрануўся, лёц заплюшчыў вочы, сказаў дружынніку:
— Пакінь мяне аднаго, але будзь непадалёку.
Ён бясшумна знік. Я застаўся адзін. Толькі зямля, неба, вада і агонь, што чуйна драмаў у камянях, у жалезе і воблаках, засталіся са мною. Наўкол быў лес, куды сякера з сахой не хадзілі. Я ляжаў і чуў шум дрэў, чуў гул каранёў пад зямлёю. «Хутка зіма, — ціха перагаворваліся карані між сабою. — Хутка снег і мароз упадуць на лес. Шчыльней сціснемся, браты, і нам будзе цёпла спаць да вясны». «Яшчэ будуць навальніцы, — гаварылі дрэвы над маёй галавою, — яшчэ будуць такія страшныя навальніцы! Некага з нас бязлітасны нябесны агонь расшчэпіць ад макаўкі да карэння. Будзе грымець, калаціцца неба, і нават дзікія звяры ў жаху будуць шукаць чалавека, пастуха, будуць ціснуцца да ягоных статкаў».
Я разумеў галасы ўсяго жьівога. I было так радасна, так добра ляжаць на зялёным пахкім вецці, слухаць зямлю і неба. Шум птушыных крылаў даляцеў да мяне. Пад воблакамі зноў плылі буслы. Не ўзнімаючы галаву, не адкрываючы вачэй, бачыў я іх. Мае любімыя птушкі, птушкі маёй радзімы былі нада мною, са мною. Я ўспрмніў Полацк, бурлівую Палату, сіняе неба над зялёным лугам. Чалавек, як птушка, таксама ўцякаў некалі ад зімы на поўдзень, плыў па рэках да цёплага мора. Але потым зачапіўся за сваю зямлю, прарос у ёй, быццам дубовы жолуд, каб у самую лютую сцюжу навекі застацца разам з ёю.
Я засынаў. Мне патрэбен быў гэты сон, сон-успамін і сон-надзея. У велікакняжым палацы чакала мяне вялікая ўлада, мяне чакалі баяры і смерды, ворагі і сябры, княгіня Крутаслава з сынамі, гарэў Кіеў, полаўцы падкочваліся да ягоных сцен, а я засынаў, засынаў...