Была цёплая зямля, і на гэтай зямлі расло дрэва, а на самым ягоным версе — была буслянка. Аднойчы прыйшоў чалавек, светла-русы, кашчавы, з вачамі, як шэрая восеньская вада, ссек у дрэва вярхушку, зацягнуў, умасціў між галінамі старое драўлянае кола, якое ад'ездзіла свой век. Тое кола пахла сухім дарожным пылам, гноем. Але залопаў чысты вясенні дожджык, адмыў кола. Сонца глянула з-за хмар залатым цёплым вокам, высушыла яго.
Было гняздо. Дзве прыгожыя птушкі. Ён і Яна, летучы над разамлелай вясенняй зямлёй, убачылі дрэва і кола на ім.
Птушкі былі буйныя, белапёрыя, толькі канцы крылляў адлівалі чарніной. Сонца гарэла на чырвоных дзюбах, на доўгіх цёмна-чырвоных нагах. У птушак, як і ў людзей, як і ва ўсяго жывога, бывае каханне. Яны пакахаліся пад высокімі воблакамі і на зялёных звонкатраўных лугах. Цёплыя белыя яйкі пакаціліся ў гняздо. Птушкі, змяняючы адно аднаго, цярпліва сядзелі на гняздзе. Халодны дождж і нават снег падаў на цёплыя спіны буслоў...
Адкуль я гэта ўсё памятаю? Не ведаю. Толькі мне здаецца, што я быў нязграбным палахлівым бусляняткам, якое чэрвеньскай роснай раніцай нарадзілася ў гэтым гняздзе. Мяне магло не быць, бо маці моцнай дзюбаю раптам выкаціла адно яйка на самы край гнязда, кінула на цвёрдую страшную зямлю. Навошта яна гэта зрабіла? У тым жа яйку пад цёплай шкарлупінай была яе плоць. Напэўна, жывыя аддавалі даніну небыццю.
Было неба. А ў мяне былі маладыя мяккія крылы, якія штодня цвярдзелі, наліваліся кіпучай сілай. I я паляцеў. Над хаткай светла-русага чалавека. Над ягоным полем, дзе вятры ламалі жыта. Над шырокай ракой, над высокай белай царквой, якую будавалі людзі.
Было неба палахлівых начных кажаноў, неба крыклівых вераб'ёў, неба траскучых сарок і ненаедных варон. Было неба буслоў. I недзе было неба ваяўнічых арлоў. Птушкі ад птушак, як і людзі ад людзей, былі аддзелены страхам.
— Чаму ты не арол?! — крыкнула мне аднойчы з лугавой травы нейкая казюрка.
— Мне падабаецца быць буслом, — з годнасцю адказаў я.
— Арлоў малююць на сваіх сцягах зямныя ўладары. Арлоў носяць на шчытах і каронах, — зноў піскнула казюрка. Я не даслухаў яе, паляцеў пад воблака. Мне падабалася быць міралюбным і моцнакрылым буслом.
Між тым халадзела неба, жаўцеў лес. I мне пачала сніцца далёкая цёплая краіна, хоць я ніколі не бачыў яе. Іам было сіняе мора з безліччу скалістых астраўкоў. Мора злавесна раўло ўначы, але раніцою аціхаў вецер, знікаў туман, і сонца шчодра залівала астраўкі. Цёмнаскурыя людзі, жанчыны і мужчыны, весела выбягалі з хатак, пакрытых не светлаза-латой саломай, як у чалавека, што жыў ля маёй буслянкі, а велізарнымі зялёнымі лісцямі нейкага дрэва. Яны спявалі, танцавалі, палілі вогнішчы, і зусім побач, у цёплым травяністым балоце, хадзілі буслы, мноства буслоў.
Мы паляцелі на поўдзень, туды, дзе ў срэбна-пенным моры пад гарачым сонцам ляжалі ўтульныя шчаслівыя астраўкі. Чалавек са скрухай глянуў на нас, перахрысціўся. Выбег на двор ягоны сынок, нешта крыкнуў услед, махнуў тонкай бледнай рукой. I мне зрабілася так сумна: ці ўбачу я іх?
Усё цяжэйшаю рабілася дарога. Я на сабе адчуў і зразумеў, што ёсць неба бясконцых чорных воблакаў, неба маланак і жахлівых ураганаў. Некаторыя з маіх сяброў знясілена падалі ўніз. Вецер ламаў іх крыллі. Град выбіваў вочы.
Мы ляцелі і ўначы, бо важак, стары мудры бусел, мой прапрадзед, умеў чытаць зорную кніжку неба. Да зорак, здавалася, было так блізка, можна было зачапіцца за іх крылом.
Сонная зямля была пад намі. У глухой маўклівай цемры спалі звяры ў норах, мурашкі ў мурашніках, людзі ў гарадах і весях. Толькі мы, буслы, ляцелі. Да скону я буду помніць ледзь чутны свіст крылляў, белыя льдзіны хмар у сіне-чорным высокім небе, жывыя і іскрыстыя вуголлі зорак.
Проста ў палёце я засынаў, і тады браты па чарадзе, тыя, што не спалі, клапатліва і асцярожна давалі мне месца ўсярэдзіне чарады. Я спаў, але не спалі мае крыллі, уздымаліся і апускаліся, уздымаліся і апускаліся, апіраючыся аб неба.
Потым нешта ўздрыгвала, шчоўкала ўва мне, са слабым трэскам раздзіралася цёмная плёнка сну, я зноў бачыў неба, зоркі, суседзяў-буслоў і асцярожна выкіроўваўся на самы край чарады, дзе гуў начны вецер. Бусел, што стаміўся, займаў маё месца.
Усё новыя бусліныя чароды прыбіваліся да нас. Неўзабаве чакалася мора, і ўсе буслы гуртаваліся ў адну велізарную чараду, каб лягчэй было адолець парывісты марскі вецер. Ужо ляцелі тысячы буслоў, бела-чырвона-чорнае воблака.
I тут з'явіліся першыя арлы. Я ніколі не бачыў арлоў і з вялікай цікавасцю глядзеў на іх.