15
Людзі памянулі Серафіма за бедным сталом, дзе ўсяго і страў было, што куцця, бульба, смажаная капуста з грыбамі ды гуркі, і пачалі паступова разыходзіцца. Надзя паслала старэйшага сына сустрэць карову са статка, а малога пасадзіла на запечку, прыбірала са стала посуд, зносіла на прыпечак. У хаце ўсё яшчэ сядзеў за сталом Леванюк, нешта жаваў, з-пад ілба назіраў за жанчынаю.
«Сядзіць і сядзіць, быццам на лаўцы смаляной, — нязлосна падумала Надзя. — Што яму тут трэба? Няхай бы ішоў з Богам. І так на душы цяжка, а ён вісне над сталом, як крук над падлай. Напэўна, яшчэ выпіць хоча. А дзе я яму вазьму? І так у людзей пазычыла пяць пляшак. Гэта ж не вяселле, а памінкі. Ах, Серафім, Серафім. Лепш бы я цябе не ведала. Як жыць? Як дзяцей гадаваць?»
— Не бядуй, Надзька, — раптам азваўся Леванюк, быццам пачуў яе думкі. — Савецкая ўлада цябе ў бядзе не пакіне. Дзяцей выгадуем. І ты ў мяне будзеш першая прыгажуня на сяле.
— Ай, ахвота табе, Сцяпан, казаць абы-што. Якая мне трэба прыгажосць? Тут хоць бы выжыць ды дзяцей на ногі паставіць.
— Надзя, ведай, ты не адна. Я з табою.
— Добра, Сцяпан, дзякую за падтрымку, але ідзі ўжо дахаты. Мне трэба ўпраўляцца.
Леванюк прыўстаў з-за стала, схапіў Надзю за руку, пасадзіў побач з сабою:
— Не мітусіся, пагутарыць трэба.
Надзя паглядзела ў п’яныя вадзяністыя вочкі Леванюка і сказала:
— Ішоў бы ты, Сцяпанка, адпачываць. Такі цяжкі дзень выдаўся.
Леванюк заскрыгатаў зубамі. Грымнуў кулаком па стале і крыкнуў:
— Маўчы! Я застаюся ў цябе.
— А Божачкі! Ты што гэта прыдумаў на п’яную галаву? Людзей пасаромеўся б! Што ты тут будзеш рабіць? Навошта мне гэта?
— Што буду рабіць, пытаеш? Спаць з табою! — ён моцна сціснуў Надзю за плечы.
Жанчына адштурхнула яго, ускочыла з-за стала, абурана закрычала:
— Звар’яцеў зусім! Апошні розум прапіў. Я ў жалобе мушу год хадзіць пасля пахавання! Людзі засмяюць!
— Забабоны гэта ўсё. Няхай толькі паспрабуюць! Я ім хутка раты пазатыкаю.
— Госпадзі, што ты такое кажаш! — жахнулася Надзя. — Жыві, як чалавек. У цябе ёсць жонка, вяртайся да яе. Пакінь мяне ў спакоі.
Надзя села на лаву і ціха заплакала, выціраючы куточкі вачэй ражкамі чорнай хусткі. У чорным адзенні яна здавалася Сцяпану яшчэ больш прывабнай. На бледным твары свяціліся вялізныя сінія вочы. Нават слёзы не маглі замуціць іхняй чысціні і хараства. Уся Надзіна пастава была такая вабная, што яму хацелася хутчэй садраць з яе ўсё адзенне і ўбачыць, нарэшце, яе аголеную.
— Жонкі ў мяне няма, — сказаў ён. — Яна не ўпільнавала дзяцей, значыць, загінула разам з імі. А ты, між іншым, галубка мая, з немцам спала, шчанюка з ім прыжыла. Ты, атрымліваецца, класавы вораг! Вораг вялікага савецкага народа! Ты падумала пра гэта?
— Мне ўжо ўсё роўна. Я нічога не чакаю ад жыцця. Абы толькі дзяцей падгадаваць.
Сцяпан шмыгнуў носам, выцерся даланёю і здзекліва пасміхнуўся:
— А ты ведаеш, што чакае цябе і тваіх дзетак, калі нехта з нашых вяскоўцаў напіша куды трэба, хто ты ёсць, як жыла ў вайну? Не здагадваешся? Дык я табе скажу! Дарога дальняя ў казённы дом! А дзяцей у лепшым выпадку — у прытулак! А старэйшага могуць таксама — на катаргу. І ты ніколі больш не пабачыш іх, ні жывых, ні мёртвых.
— Ну, у чым жа я вінаватая? Хіба я каму зрабіла зло? Жыла, як магла. Серафіма ратавала. А тое, што дзіця нарадзіла. Мой грэх, за яго перад Богам буду адказваць.
Надзя зноў заплакала, затуліўшы твар рукамі. Увайшоў старэйшы сын, даўганосенькі, цыбаты, вельмі падобны да Серафіма, ціха сказаў:
— Я прыгнаў карову, яна ў хляве.
— Ідзі і падаі яе, — прыкрыкнуў на хлопца Сцяпан. — Бачыш, маці спакутавалася зусім.
Хлопец узяў вядро і выйшаў.
— Ён жа не ўмее, — заступілася за сына Надзя.
— Няхай вучыцца. Ну, хадзі да мяне, чаго ты ўцякла? Будзем жыць адной сям’ёй. Пакуль ты будзеш са мной, ніхто цябе не кране. Са мной ты жонка баявога чырвонага партызана, узнагароджанага ордэнам і медалямі, старшыні сельсавета, а без мяне ты хто, падумай? Нямецкая падсцілка! Якую трэба садзіць у турму.
Надзя цяжка ўздыхнула, падышла да стала і сказала, гледзячы Сцяпану проста ў вочы:
— Прабач, Сцяпан, я ніколі не здолею цябе пакахаць.
— Мне тваё каханне і не трэба. Адно мне трэба, каб ты спала са мною і нараджала мне дзяцей! Я хачу, каб да мяне вярнуліся мае страчаныя дзеці.