— Ах, Сцяпан, Сцяпан, у вёсцы столькі ўдоў, маладых, прыгожых.
— А я цябе прыгледзеў, калі яшчэ з лесу прыходзіў. Такая ты была салодкая ягадка-малінка.
— Дай мне падумаць. Хоць месяц, два.
Сцяпан грымнуў кулаком па стале і крыкнуў:
— У гэтым доме думаць і вырашаць буду я! Калі ты хочаш выжыць і выгадаваць дзяцей, дык рабі тое, што я сказаў.
Дзіця, якое да гэтага ціха сядзела на запечку, спалоханае крыкам, заплакала. Надзя кінулася да яго, узяла на рукі, стала суцяшаць. Сцяпан падняўся з-за стала, падышоў да запечка, лёг на пасцель, не разуваючыся.
«Госпадзі, за што ты мяне караеш? Грэшная я, вінаватая перад Серафімам. Адкуль мне было ведаць у юнацтве, што аднойчы сустрэну Эрыха і аднаго яго пакахаю? Няўжо маё каханне — вялікі грэх? Шчаслівай я была толькі з Эрыхам. Даруй, Божа, не ведаю, што ў цябе прасіць, жыцця ці смерці. Каб не дзеці, засілілася б зараз у клуні. Але ж на каго дзяцей пакіну? Загінуць яны сярод чужых, — горка падумала Надзя. — Госпадзі, воля твая, што ты мне пасылаеш, тое і мушу прыняць. Дай мне мудрасці зразумець, дзе кара твая, а дзе ўзнагарода.»
Раздзел трэці
Сустрэчы і развітанні
1
Ноччу нехта ціха пастукаў у шыбу. Зося спалохана кінулася да акна, прыжмурыла блізарукія вочы, узіраючыся ў цемру, але нічога не здолела разгледзець, спытала дрыготкім голасам:
— Хто там?
— Адчыні, — пачулася з надворку.
— Гэта ж Гардзей! — радасна ўскрыкнула Паўліна, якая пазнала братаў голас. — Гардзей вярнуўся!
Яна выбегла ў сенцы, а праз хвіліну ўпусціла ў хату худога, зарослага шчэццю мужчыну, з запалымі і стомленымі вачамі. Зосі спатрэбілася добра прыгледзецца, каб пазнаць мужа. Яна кінулася да яго, апантаная радасцю. А ён адхінуўся і сказаў:
— Я брудны, трэба памыцца, пасля разам парадуемся...
— Зараз, зараз. Вада цёплая ў печы. А можа, спярша паясі? — замітусілася Паўліна.
— Паем. Толькі трохі. Шмат мяне не карміце. У мяне цэлы тыдзень крошкі ў роце не было.
Гардзей скінуў ватоўку, павесіў яе на крук каля дзвярэй, спаласнуў рукі над цэбрыкам.
— Дзе ж ты быў, Гардзей? Столькі часу мінула! Хоць бы напісаў, ці што? — з прыхаваным дакорам у голасе спытала Зося.
— Не мог я. Пасля ўсё раскажу.
— Мы не ведалі, што і думаць. Паўліна колькі разоў і аплаквала цябе як мёртвага, а я верыла, што ты жывы. Па-мойму і выйшла. Але ўсялякае прыходзіла ў галаву. Думалі, можа, цябе партызаны забілі ці яшчэ што...
— Малайчына, што не пахавала мяне раней часу ды замуж не выйшла. Як наш сын?
— Спіць вось як пшаніцу прадаўшы, у школу ходзіць, жывём неяк, — з ціхай радасцю адказала Зося.
Гардзей сеў за стол, выпіў кубак малака з хлебам і сказаў:
— Досыць. Цяпер пайду ў сенцы памыюся. Паўліна, налі мне вады ў балею і падрыхтуй бялізну.
— Я памыю табе спіну, — прапанавала Зося.
— Не трэба, — катэгарычна адказаў Гардзей, вочы ягоныя здаліся Зосі чужымі. — Кладзіцеся спаць. Мне пасцяліце на лаве. Я і так вам усю ноч перакалаціў.
— Мулка на лаве. Кладзіся на запечку, хоць адпачнеш з дарогі, — прапанавала Паўліна.
— А ведаеце што, дзеўкі, пасцяліце мне на печы, хоць адагрэюся, бо спаць мне даводзілася ў асноўным у стагах сена.
— Вой, Божухна... — цяжка ўздыхнула Паўліна, рыхтуючы пасцель брату на печы. — Не было табе шчасця і спакою ў маленстве ды ў маладосці, няма — і ў сталасці.
— Нічога, галоўнае, што я дайшоў, вярнуўся. Адасплюся, ад’емся і будзем неяк жыць. Спіце.
Гардзей узяў газнічку, пайшоў у сенцы. У хаце ўсталявалася цемра. Зося легла на запечку, заплюшчыла вочы. Ёй згадаліся даўнія, у маладыя гады, сустрэчы з мужам, калі яны абое палалі жарсцю, згаралі ў сумесным агні жаданняў, наталяліся пяшчотаю. Чаму ж цяпер ён такі чужы і абыякавы? Няўжо Бог пакараў іх за тыя маладыя грахі, за ненароджаных дзяцей, за пакуты і праклёны, за няўменне саўладаць са сваімі пачуццямі і жарсцю? Няўжо нічога не засталося ад іхняга кахання? Толькі яскравыя згадкі, як знічкі, падаюць у душу і выпальваюць яе датла. Тады здавалася: няхай толькі ён будзе побач — і шчасце запануе ў лёсе і ў хаце. А ён побач — чужы і непадступны. Што рабіць? Як жыць? Што сказаць яму, каб ён зразумеў, што ёй немагчыма жыць без ягонага кахання, пяшчоты, ласкі? Хоць бы слова якое добрае сказаў! Яна ж гіне, як той вазон, які забыліся паліваць! А сам ён чым замяняе патрэбу ў каханні і пяшчоце? Няўжо атручэнне і хвароба вынішчылі ў ім гэтыя чалавечыя пачуцці? Так, ён хворы. Невядома, што ён перажыў за гады разлукі. Можа, каб выжыць, яму патрэбна былі толькі якая-небудзь ежа ды адпачынак?.. Вельмі ж схуднелы і страшны ён вярнуўся...