Выбрать главу

— І лісты ад сястры? — удакладніў першы ў цывільным.

— Там жа ўсё напісана, адрас, прозвішча, — сказала ўсхвалявана Зося.

— Добра, будзем разбірацца.

Пакуль нкусаўцы рабілі вобыск, маўклівая Паўліна па даўняй звычцы сабрала ў дарогу Гардзею торбу з ежаю і бялізнаю. Леванюк, які з цікавасцю назіраў за тым, што адбываецца ў хаце, сказаў ёй:

— Што ты, Паўліна, турбуешся? Цяпер дзяржава пра твайго брата будзе клапаціцца. Абуе, апране і накорміць...

— І табе таго жадаю, — спакойна адказала Паўліна і адвярнулася.

— Бач ты, якая аса, — абурыўся Леванюк. — Нездарма цябе ніхто замуж не ўзяў!

— Чым ісці за такога, як ты, дык лепш век дзеўкаю звекаваць, — адрэзала Паўліна.

— Маўчаць! — сказаў сухарлявы, сеў за стол і пачаў нешта пісаць.

У хаце ўсталявалася напружаная цішыня. Калі ж нарэшце ўсе фармальнасці былі выкананы, нкусаўцы павялі Гардзея на вуліцу, пасадзілі ў газік, машына кранулася з месца. Зося ішла ўслед за ёю, пакуль тая не знікла з поля зроку яе блізарукіх вачэй. Яна думала, што скажа сыну, калі той вернецца са школы. Шкода ёй было і сябе, і Гардзея. Чаму такі незразумелы і жорсткі лёс? Яна столькі марыла, каб жыць побач з Гардзеем, клапаціцца пра яго, ствараць разам сям’ю. А калі яны аказаліся побач, дык шчасце абыходзіць іх дзясятымі дарогамі. Нейкія людзі і падзеі ўвесь час разлучаюць іх. Зося выцерла слёзы. Агледзелася. Лёгкі туман слаўся над поплавам. Раніца выдалася змрочная і па-змоўніцку ціхая. Быццам зямля замерла ў цяжкім прадчуванні нечага страшнага.

Зося пайшла па дарозе пад старыя ліпы. Ёй згадаўся той даўні вечар, калі яны з Кацяй збіралі грошы для рэвалюцыянераў. Як задаволены быў яе дзейнасцю Гардзей. Той вечар іх вельмі зблізіў. Яна адчула сябе не проста дзяўчынаю, якая кахае, але ягонаю паплечніцаю і сяброўкаю.

Ліпы стаялі, маўкліва ўзняўшы голае голле ўгору. Яшчэ быў толькі красавік. Да першай зялёнай лістоты заставаўся цэлы месяц, але пад карою ўжо рухаўся сок, абуджаў пупышкі, наталяў смагу заспанага дрэва. «Калі ж абуджуся і ажыву я? — спытала ў сябе Зося. — Ці так і засохну сухадрэвінаю, не зведаўшы ні цяпла, ні ласкі. Усе няшчасці аднойчы канчаюцца. Скончацца і мае беды, калі толькі Гардзей выжыве, выстаіць у тых выпрабаваннях, якія выпалі на ягоную долю.»

Пад павевамі лёгкага ветру хмары на небе трохі рассунуліся, з-за іх насцярожана выглянула сонца. Зося, цяжка ўздыхнуўшы, рушыла ў зваротны шлях. Яна ішла задуменная і не заўважыла скуль раптам узяўся перад ёю Леванюк. Ён сядзеў вярхом на кані, звысоку паглядзеў на Зосю і сказаў:

— Я загадаю перакапаць гэтую дарогу, каб па ёй не хадзіла жонка ворага народа.

— Па гэтай дарозе ходзіць мой сын у школу! — абурылася Зося. — Ты і яму будзеш дарогі перакопваць? Ты падумай пра сябе! Пра сваіх дзяцей! На каго ты падобны зараз? Падумай!

— Ты чаго на мяне ўз’елася, гніда. Адно маё слова — і цябе тут няма!

— Кажы, пішы свае словы, але ведай, што за ўсё давядзецца адказваць! — Зося ўзнесла руку ўгору. — Ты думаеш, за што тваіх дзяцей зажыва спалілі? Ды за тое, што ты людзей пасылаў на катаргу і на смерць!

— Забабоны ўсё гэта! Чаму ж мне нічога.

— А цябе пакінулі, каб ты жыў і пакутаваў, дакараючы сябе да смерці за грахі свае страшныя.

— Маўчы, дурная баба, бо зараз сперажу пугаю. Не доўга табе тут хадзіць засталося.

— Едзь міма, разумнік. Пажывём-пабачым, хто каго перажыве.

Зося абмінула Леванюка і паспяшала да сваёй хаты. Здавалася, спакойна размаўляла са сваім ворагам, а яе ўсю ажно калаціла ад гневу. З апошняй фразы, сказанай Леванюком, яна зразумела, што хутка прыйдуць па яе. Трэба падрыхтавацца, насушыць паболей сухароў, сабраць усё неабходнае для сябе і сына, што спатрэбіцца ў доўгай дарозе, бо знянацку, як заявяцца прыхадні, дык і не ўспомніш, што патрэбна ўзяць.

Паўліна сустрэла яе воклічам:

— Дзе ты швэндаешся? Уся работа стаіць.

— Якая работа, Паўліна? Леванюк сказаў, што хутка прыйдуць і па мяне. Каб не трапіць са мною ў адну кампанію, раю табе перасяліцца да якой з сясцёр.

— Навошта ты слухаеш гэтага балабона? Яму абы языком мянташыць!

— Я жонка ворага народа. І гэтым усё сказана.

— Няўжо гэта праўда, Зося? — не даючы веры пачутаму, спытала Паўліна.

— Нам трэба быць гатовымі да ўсяго. Ты ж бачыш, мы — хутаранцы. Сельсаветчыкам нават гэта муляе. У іх адна мэта — выселіць нас, забраць нашы бедныя пажыткі, а поле прыараць да дзяржаўнага. Зямлі ім мала! На могілках усім зямлі хопіць! Колькі таго жыцця і тое атруцяць!