— Я ўжо прывыкла да цябе. Куды ж мне падацца? Да Мані ці да Дашы?
— Не ведаю. Схадзі, пагутары з сёстрамі, а я буду сухары сушыць.
— Вой, галубка мая, няшчасныя мы з табою, — загаласіла Паўліна і абняла Зосю. — Не даў Бог нам долі! Не даў шчасця! Мала таго, што асірацелі рана, жылі як трава пад плотам, дык і цяпер разлучаюць нас, раскідваюць па свеце на пакуту і згубу... Браточак мой родны, браточак мой адзіны! Калі ж яшчэ цябе пабачу?...
Яны сядзелі на лаве і плакалі, адчуваючы, як са слязьмі сплываюць няўпэўненасць і разгубленасць, стома і страх. Зося паднялася з лавы першай, ціха сказала:
— Годзе плакаць. Трэба жыць! Трэба працаваць! Мы з табою, Паўліна, дасць Бог, перажывём усіх нашых ворагаў. Мы ж ім зла не рабілі. А яны за ўсё адкажуць!
3
Зосю з Орастам нкусаўцы забралі праз год, у канцы красавіка, пасадзілі на палутарку, загадалі ўзяць з сабою сеннікі, коўдры, дзве міскі, два кубкі, дзве лыжкі. Зося прыхапіла яшчэ з сабою адзенне і сувойчык палатна. Іх павезлі ў Жабінку на чыгуначную станцыю. Там было шмат гэтакіх жа знядоленых сем’яў. Людзі сядзелі ў памяшканні вакзала на клунках, збалелымі і трывожнымі вачамі ўзіраліся ў абыякавыя твары ахоўнікаў. Кожная сям’я пакінула абжытую хату, гаспадарку, маёмасць, якая набывалася вялікаю працаю — людзей бязлітасна вырвалі з роднага гнязда, абрынулі ў страшную невядомасць. Па сорак чалавек арыштаваных пасадзілі ў таварныя вагоны пад аховаю вайскоўцаў. Зося знайшла вольнае месца каля высокага акенца, кінула рэчы на падлогу, суцешыла сына:
— Нічога не бойся. Людзі скрозь жывуць.
— Ды я нічога. Мне нават цікава, — адказваў Ораст і пры гэтым ціха радаваўся, што больш не будзе бачыць ненавісную піянерважатую і знерваваную настаўніцу, не будзе хадзіць у школу, а проста ехаць у цягніку і глядзець у акно, назіраць за тым, што адбываецца навокал. — А куды нас павязуць?
— Не ведаю, сынок. Як прыедзем, дык і дазнаемся.
Хоць акно было высока пад столлю, Ораст пракалупаў сцізорыкам дзірачку ў драўлянай абшыўцы вагона і ўвесь час назіраў за тым, як праехалі Беларусь, як пачалася Расія. Мільгалі нячутыя ім ніколі назвы станцый і гарадоў, мяняліся краявіды. Гэта было значна цікавей за чорна-белае кіно, якое аднойчы паказвалі ў школе. Каб ведалі хлопцы, колькі ён усяго пабачыў! Некалі сустрэнуцца, пра ўсё раскажа ён ім! Яны ж далей Крачак не былі...
Ехалі доўга, цэлы месяц, цягнік часта стаяў, прапускаючы іншыя больш важныя пасажырскія ці хуткія цягнікі. Раз у суткі прыносілі паесці чаго-небудзь гарачага. Людзі запасаліся вадою. У каго былі сухары, той так-сяк перажываў голад. Нарэшце іх высадзілі на забытай Богам станцыі сярод стэпу, дзе белая зямля іскрылася, быццам пакрытая снегам. Гэта былі саланчакі. На машынах іх прывезлі ў калгас, дзе людзі жылі ў гліняных хатках. Было тут некалькі зямлянак. Адну з іх аддалі Зосі і Орасту. Непадалёку цягнуўся канал з зялёнай, непрыдатнай для піцця вадою, удоўж яго раслі стромкія дрэвы, мусіць, таполі. Да далягляду распасціраліся палі, засаджаныя бавоўнай і кукурузай. Марыва калыхалася над стэпам, ажно ў вачах міргалі мурашкі. Сляпучае паўднёвае сонца яшчэ з вясны выпаліла тут усё да апошняй травінкі. Здавалася дзівам, як яшчэ выжыла гэтая бавоўна. Суцяшала тое, што ў гэтае, забытае Богам селішча, яшчэ раней былі выселены некалькі сем’яў грэкаў, грузінаў, немцаў. Гэтыя людзі сустрэлі папаўненне, расказалі трохі пра сваё жыццё-быццё, пра тое, з якой цяжкасцю здолелі прыстасавацца. Спачатку гінула шмат дзяцей ад дызентэрыі з-за непрыдатнай для піцця вады; паміралі жанчыны, якім не падыходзіў клімат, аднак большасць высланых выжывала.
— Вось тут мы і будзем туліцца, — сказала Зося, азіраючы зямлянку, якую ёй выдзелілі пад жытло.
— Колькі? — спытаў Ораст.
— Нейкі начальнік казаў, што нас выслалі на дваццаць гадоў.
— Вой-ё-ёй! Дваццаць гадоў? — здзіўлена перапытаў Ораст.
— Нічога, сынок, можа, над намі злітуюцца і мы здолеем вярнуцца раней.
На першым часе калгас даў перасяленцам у доўг трохі кукурузы і арэхавага алею, з умоваю, што яны адпрацуюць. І Зося пачала працаваць, ні ад якой справы не адмаўлялася.
Хоць дужая была Зося і звыклая да цяжкай працы, але дрэннае аднастайнае харчаванне і туга па радзіме кепска адбіліся на яе здароўі. Аднойчы запякло на карку, памацала і адчула пад пальцамі невялікую пухліну, якая праз тры дні непамерна вырасла. Паднялася тэмпература. Зося спалохалася, раптам з ёю нешта здарыцца нядобрае, як жа сын застанецца адзін? Хто яго дагледзіць? Няўжо так і рассеецца іхняя сям’я па свеце? Загадала Орасту паклікаць доктара Селіванава. Трэба было ратавацца.