— Гэта ж стары дзядзька! Што ты вярзеш? — абурылася Зося.
— Паны старыя не бываюць. Хто багаты, той заўсёды малады.
— Сціхні! Бо пасварымся, — папярэдзіла Зося.
Зрэшты, Зосі было прыемна, што менавіта яна, а не хто-небудзь іншы паедзе ў горад, і ў прадчуванні цікавай вандроўкі заснула.
Раніцай шасцёра хлопцаў паселі на падводы. Запрэжаныя коні ўжо застаяліся ў чаканні, нецярпліва пераступалі з нагі на нагу. Зося выбірала, на які воз лепш сесці, вырашыла, што на першы. Але тут пад’ехаў аканом на двухколавай брычцы і запрасіў Зосю да сябе. Абоз рушыў з маёнтка па дарозе праз лес, потым пацягнулася восеньскае перааранае поле. Удалечыні павольна круціліся крылы ветрака, пэўна, ужо малолася зерне новага ўраджаю. Праехалі некалькі шэрых вёсак, дзе сустракаліся там-сям каменныя пабуды з чарапічнымі дахамі. Гарадок аказаўся недалёка, дзве гадзіны няспешнай язды. Каля завода было дзесяткі два фурманак, гэта не спадабалася аканому, але давялося чакаць.
Калі нарэшце дайшла іхняя чарга, аканом спытаў:
— Паненка пісьменная? Лічыць і пісаць умееш?
Зося згодна кіўнула галавой.
Хлопцы ставілі на вагі скрынкі з яблыкамі, аканом сачыў, каб работнік завода не памыліўся, а Зося старанна запісвала вагу. Узважаныя яблыкі высыпалі ў вялікі бункер. Потым яшчэ ўзважылі пустыя скрынкі. Аканом загадаў хлопцам вяртацца дамоў, а сам заняўся падлікамі, потым параўнаў свае лічбы з тым, што налічыў работнік завода, усё сышлося.
— Павартуй брычку, — сказаў пан Падгурскі Зосі, — а я пайду ў кантору і атрымаю грошы.
Зося села ў брычку і ганарыста паглядвала на паненак, якія праходзілі міма. Напэўна, ніхто не здагадваецца, што яна з глухой палескай вёскі, а думаюць: нейкая багачка, калі ў такой брычцы сядзіць.
Аканом вярнуўся хутка, нязграбна ўскараскаўся ў брычку, паправіў капялюш, упрыгожаны рабенькімі пёркамі, які насунуўся на самыя вочы, весела падміргнуў Зосі і сказаў:
— Паненка добра папрацавала. Мушу заплаціць. — Ён дастаў грошы, падаў Зосі. Яна пасаромелася пералічваць, але зразумела, што сума ніштаватая.
— Дзякую вам, пане Падгурскі, — адказала, моцна заціснуўшы ў руцэ грошы.
Аканом тузануў лейцы, конь весела зацокаў капытамі па брукаванцы. Аднак гаспадар хутка спыніў яго каля некалькіх крамаў.
— Я пайду куплю таго-сяго, — сказаў аканом.
— А можна мне зайсці ў гэтую краму? — паказала Зося рукою на вітрыну, дзе было вывешана жаночае адзенне.
— Зайдзі, толькі не доўга, — папярэдзіў пан Падгурскі.
Зося ўвайшла ў краму. Яе ветліва сустрэў сіваваты габрэй:
— Што паненка хоча? — спытаў ён.
Зося расціснула кулак, паклала свой скарб на прылавак і сказала:
— Мне б пінжачок са спадніцаю і блузку.
Габрэй спрактыкаваным вокам агледзеў Зосю і прынёс ёй шэры касцюмчык і белую блузку.
— Тут можна памераць, — прапанаваў габрэй і паказаў прымерачную.
Зося ведала, што ёй нельга затрымлівацца, аднак не вытрывала, каб не памераць гэтае шыкоўнае, як ёй здавалася, адзенне. Зайшла за шырмачку, паспешліва пераапранулася і з захапленнем паглядзела на сябе ў люстэрка. Шэры колер вельмі пасаваў да вачэй, а каўнерык блузкі асвяжаў, рабіў твар выразным. Яна ў гэтым адзенні выглядала не як наймічка, а як выхаваная і адукаваная шляхцянка.
Дзяўчына згарнула сваё адзенне і выйшла з прымерачнай. Стары габрэй задаволена зацмокаў языком, зняў з вітрыны белы капялюшык, упрыгожаны далікатнымі штучнымі рамонкамі, надзеў Зосі на галаву, падвёў да люстэрка, што стаяла пры сцяне.
Зося была ў захапленні ад сябе, убачанай у люстэрку. Шчыра падзякавала габрэю, зрабіла рэверанс, як вучыла выхавацелька ў прытулку, і выбегла на ганак. Аканом сядзеў у брычцы і чакаў яе.
— Прабачце, калі ласка, што затрымала вас.
— Паненка, цябе ж не пазнаць! Што гэта з табою зрабілася? — задаволена ўсміхнуўся пан Падгурскі — і мноства маршчынак разбеглася ад ягоных вачэй да скроняў.
— Дзякую вам за ўсё, — збянтэжана адказала Зося, усаджваючыся побач з панам.
Аканом шпарка пагнаў каня. Але як толькі выехаў за гарадок, звярнуў з брукаванкі на палявую дарогу.
— Куды мы едзем? — занепакоілася Зося.
— Справа тут у мяне ёсць, — буркнуў сабе пад нос Падгурскі.
За полем пацягнуўся невялікі лясок, за якім раптам адкрылася прыгожае і круглае, як сподак, азярцо. Аканом спыніў каня, прывязаў лейцы да дрэва. Конь адразу пачаў скубці траву. А пан Падгурскі разаслаў посцілку, паклаў на яе вяндліну, хлеб, цукеркі, паставіў пляшку з віном, нават дзве чаркі аднекуль узяліся.
— Сядай, паненка! Паабедаем, — запрасіў аканом. — Дарэчы, як цябе завуць?