Патроху жыццё ўсталёўвалася. Серафім з восені пайшоў працаваць на чыгунку, жыў на кватэры ў Жабінцы, наведваўся дамоў раз ці два на месяц. Каця і Зося займаліся гаспадаркаю. Кірыла мо ўпершыню адчуў сябе заспакоеным, слухаючы, як дочкі спяваюць за прадзівам, ці шэпчуцца пра нешта дзявочае, задаволена думаў, што ўжо ў іх свае сакрэты завяліся, і хмыкаў у абвіслыя вусы. Увесь вольны час сёстры цяпер пралі, бо на крамную тканіну трэба грошы. Дзе іх набрацца? Палатно сваёй работы пускалася на ўсе патрэбы сям’і: ад верхняга і сподняга адзення, да ручніка, мяшка ці якой торбачкі пад крупу. Ткаць ні Зося, ні Каця не ўмелі, але дамовіліся, што натчэ ім палатна цётка Агатэля, а за гэта яны і для яе спрадуць колькі фунтаў кудзелі, бо Гэлька адна не ўпраўляецца.
Толькі пасля каляд Каця і Зося выбраліся на вячоркі ў Крачкі. Музыка ў той вечар ладзілася ў хаце Марфы Хвясюк, бойкай дзеўкі, з тых, пра якіх кажуць: маладая ды ранняя. Каля хаты тоўпіліся курцы, яны і запрасілі дзяўчат, маўляў, заходзьце, без вас не пачыналі. Гэта, безумоўна, быў жарт. Ужо ў двары было чутно, што грае гармонік і тумкае ў такт яму бубен. Каця першай увайшла ў хату. Следам за ёю пераступіла парог Зося і аслупянела. Каля печы побач з расчырванелаю і ўзбуджанаю Марфаю стаяў Гардзей у вайсковым мундзіры. Зося зніякавела, апусціла вочы, каб не сустрэцца з ягоным позіркам, толькі бачыла блішчастыя гузікі на ягоным жаўнерскім фрэнчы. Зазыўна загучала полька. Моладзь кінулася ў скокі. Гардзей падышоў да Зосі і Каці, павітаўся.
— Як жа я вас даўно не бачыў, — сказаў Гардзей. — Якія вы прыгожыя сталі! Распранайцеся, кідайце адзенне на запечак.
Ён павёў Кацю да запечка, як бы памагаючы распрануцца. Зося пастаяла, не ведаючы, што ёй рабіць: уцякаць адсюль ці застацца. Не, лепш зрабіць выгляд, што ёй да Гардзея няма ніякае справы. Яна працікавала, як Гардзей пусціўся ў скокі з Кацяю, суняла хваляванне, скінула світку на запечак, і адразу яе падхапіў пад руку Мікола Іванюк, павёў у круг. Яны закружыліся ў віхры полькі. Ды Зося паспела заўважыць, што Гардзей, гарцуючы каля Каці, раз-пораз кідаў позіркі ў яе бок. «Паглядзі, паглядзі, каб табе вочы павылазілі, — злосна падумала Зося. — Лепш бы ты не вяртаўся! Як жа мне цяпер жыць?»
Паскакаўшы колькі полек ды сербіянак, Зося папрасіла Кацю:
— Пойдзем дахаты, позна ўжо.
Каця пагадзілася. Ёй не вельмі падабаліся танцы. Стой і чакай, пакуль цябе выберуць. Яна мо і зусім не хадзіла б на гэтыя зборышчы, але ж трэба было думаць пра замужжа, прыглядваць сабе хлопца.
Дзяўчаты апрануліся, раскапаўшы між чужымі апранахамі свае, выйшлі на вуліцу, скіраваліся ў бок хутара. Хутка ззаду пачуліся крокі. Нехта іх даганяў. Удзвюх яны не баяліся, таму і не азіраліся. Хто іх мог пакрыўдзіць?
— Дзяўчаты, вы чаго так рана пайшлі? Музыка ў самым разгары.
Гэта быў Гардзееў голас. Зося сцялася, быццам у прадчуванні бяды. Ён дагнаў іх, пайшоў паміж імі, падхапіўшы пад рукі. Дотык ягонай рукі трапяткой хваляй пракаціўся па Зосіным целе, якое помніла ягоную пяшчоту і сілу.
— Рана тым, у каго мацяркі раніцай печ топяць, а нам трэба ўсё самім рабіць, — адказала Каця.
— У мяне таксама няма маткі, — заўважыў Гардзей.
— У цябе Паўліна за матку, — пакуль ты ў войску служыў, яна за мужыка і за бабу ўпраўлялася. Што ты будзеш рабіць, як яна замуж пойдзе? — засмяялася Каця.
— Не пушчу яе замуж, а ў горшым выпадку сам ажанюся.
— Жаніцьба для цябе — горшы выпадак? — перапытала Каця.