— Сама падумай, як я магу жаніцца, пакуль не выдаў замуж трох сясцёр?
Каця з Гардзеем весела гутарылі, а Зося маўчала і пакутліва думала, як бы хутчэй дайсці да хутара, каб не чуць і не бачыць яго.
— Зося, чаго ты маўчыш як вады ў рот набрала? Раскажы, як жывеш? — спытаў Гардзей.
«Яшчэ і пытаецца, як жыву! Нахабнік!» — гняўліва падумала яна, але адказала стрымана і насмешліва:
— Лепш за ўсіх.
— Наша Зося была на заробках у Польшчы. Бацька каня купіў, — пахвалілася Каця.
Гардзей ад здзіўлення прысвіснуў і спытаў:
— Дзе ж гэта ў Польшчы можна зарабіць?
— Каля Варшавы, у маёнтку Стараволя, — зноў адказала Каця.
— Шкода, што я не ведаў. Служыў жа ў войску ў Варшаве, знайшоў бы...
Зося змоўчала, разумеючы, што гэта пустая гаворка. «За два гады ліста не напісаў, — падумала яна, — не пацікавіўся, як я, ці жывая, ці здаровая, а тут раптам такая патрэба пабачыцца... Ляці, саколік, міма...»
— Пэўна, Зоська, залётніка там завяла? — спытаў ён.
— А як жа? Хіба я горшая за іншых? — з напускным гонарам адказала Зося.
— Мо і замуж пойдзеш за пшэка?
— Пажыву — пабачу.
— Ёй жа толькі шаснаццаць. Дзіця зялёнае. Які замуж? Няхай хоць трохі пасталее. Яна ж сабе два гады прыпісала, калі ехала на працу да графа, — адказала Каця.
— Толькі шаснаццаць? — шчыра здзівіўся Гардзей. — Я думаў, старэйшая...
Снег скрыпеў пад нагамі. Неба святочна зіхцела зоркамі. Каця весела гаманіла з Гардзеем, а Зося адчувала сябе прыгнечанай, няўпэўненай, ішла з апушчанай галавой. На паваротцы яна вызваліла сваю руку з Гардзеевай, трохі адстала і пайшла з Кацінага боку. Адчула, нібыта вызвалілася ад ягонай улады, уздыхнула вальней, паглядзела ў зорнае неба. Зоркі, здавалася, былі зусім побач, бухматыя, калючыя. Мароз трымаўся нямоцны, але ўсё ж кусаў за шчокі, а душу студзіў скразняк недаверу. Так яны дайшлі да весніц. Зося адразу скіравалася ў хату, а Каця затрымалася з Гардзеем.
Калі старэйшая сястра ўвайшла ў хату, Зося ўжо ляжала на запечку, прыкінулася, што спіць. Аднак Каця памылялася. Зося зазнала ў тую ноч бяссонне, усё не магла вырашыць, як ёй жыць далей. Дзівілася хітрасці Гардзеевай: «Бач, як усё павярнуў, зрабіў выгляд, што заляцаецца да Каці, круціцца, як уюн на патэльні. Пабачым, што будзе далей. Няхай не думае, што я за ім буду бегаць. Не дачакаецца... »
З гэтай цвёрдай перакананасцю Зося заснула недзе пад ранне. Прыснілася, што зноў яна на вячорках, бачыць Гардзея з Марфай каля печы, выбягае ў цёмныя сенцы. Тут яе даганяе Гардзей і доўга-доўга цалуе...
Абудзілася задыханая, і з горыччу падумала: «І ў сне ад яго няма ратунку... »
13
Правёўшы Кірылавых дачок на хутар, Гардзей вярнуўся на «музыку», дзе было яшчэ даволі шматлюдна і шумна.
— Дзе ты быў? — спытала Марфа ў Гардзея, незадаволена і сярдзіта бліснуўшы вачамі.
— З хлопцамі пагаманіў на дварэ, пра службу распытвалі.
— Я выходзіла на вуліцу, цябе там не было.
— Стаяць холадна, дык мы трохі прайшліся...
Марфа супакоілася, папрасіла:
— Пойдзем, паскачам трохі...
— Пойдзем, — адказаў Гардзей, абдымаючы яе за стан.
Яны закружыліся ў вальсе. Марфа шчасліва ўсміхнулася. Гардзей таксама пасміхнуўся і адвёў пагляд. Не любіў ён узірацца ў дзявочыя вочы, бо яны нечага чакалі ад яго. А ён нікому нічога не хацеў абяцаць. Воля даражэй.
Марфа раптам некаму памахала рукой у знак прывітання:
— Хлопцы са Сцяблова прыйшлі, — узрадавана сказала яна, жадаючы выклікаць рэўнасць Гардзея.
— У Сцяблове, безумоўна, хлопцы лепшыя, чым у Крачках, — насмешліва адказаў Гардзей.
— Гэта ж Захар Маркевіч з сябрамі!
— Ведаю я гэтага Захара, — хмыкнуў Гардзей. -— Пасрэдным вучнем быў у школе.
— Успомніў леташні снег!
Гармонік аціх. Марфа адышла ад Гардзея да сцяблоўцаў. Захар Маркевіч узняў руку і загаварыў:
— Землякі, я прынёс вам навіны. Народ Заходняй Беларусі ўпарта змагаецца з польскімі акупантамі. Мы не дазволім запалохаць нас і ператварыць у рабоў памешчыкаў і капіталістаў.
Усе прысутныя павярнуліся тварам да прамоўцы. Маркевіч выцягнуў з кішэні паперку і пачаў чытаць:
«“Крэсы” ў агні. Разрастаецца партызанскі рух на Віленшчыне. Часта здараюцца падпалы панскіх сядзібаў. Улады праводзяць масавыя арышты, людзей кідаюць у турмы, выносяць смяротныя прысуды. Цяпер пачалі працаваць палявыя суды. Па іх прысудах расстраляны 16 партызанаў. Сяляне адмаўляюцца плаціць падаткі. <...> Трагічным з’яўляецца становішча беларускіх школ. Іх колькасць зведзена да нуля. Значная частка беларускіх настаўнікаў знаходзіцца ў канцлагерах, астатнія разагнаныя і пазбаўленыя магчымасці працягваць педагагічную дзейнасць. Беларускія школы разгромленыя ці рэквізаваныя пад польскія. Далоў ваенна-палявыя суды! Далоў акупантаў з Заходніх Беларусі і Украіны! Няхай жыве салідарная рэвалюцыя барацьбы рабочых і сялян Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Польшчы за савецкую ўладу рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў!»