— Кажуць, цябе вылучылі кандыдатам у дэпутаты гміны? — спытала Каця і з цікавасцю заглянула яму ў вочы.
— Так, — і на твары Гардзея адбілася ўпартасць і, як падалося Каці, ганарыстасць.
— Для цябе гэта важна?
Гардзей адказаў не адразу, памаўчаў, а потым загаварыў, узважваючы кожнае слова. Ён упарта вучыўся гаварыць нетаропка, нешматслоўна, каб слухач змог глыбока зразумець ягоную думку.
— Думаю, што гэта важна нам усім, вяскоўцам, малапісьменным ці непісьменным людзям. Мы ж не дурнейшыя за паноў і асаднікаў, якія засядаюць у гміне. Іх па пальцах можна пералічыць, а яны трымаюць у руках лейцы і кіруюць тысячамі бедных людзей, абіраючы іх да ніткі. Сялянскія дзеці не маюць магчымасці ні вучыцца, ні набываць прафесіі, бо гэта каштуе вялікіх грошай. Як людзі праваслаўныя мы не можам сякераю зганяць багацеяў з прыбытковых месцаў. Трэба спрабаваць законным шляхам браць тое, што належыць нам. З-за сваёй непісьменнасці і недасведчанасці мы ж нават не ведаем ні законаў, ні сваіх правоў. А калі паглядзець, скуль узяліся гэтыя паны ды падпанкі? Набрыдзь нейкая панаехала з Польшчы!
Гардзей пачынаў губляць раўнавагу, у голасе ягоным стаў прарывацца гнеў і нянавісць да прыхадняў:
— Асаднікі атрымалі па сорак і болей гектараў зямлі. За што? Ці бачыце, яны Польшчу баранілі! Дык няхай бы іх Польшча і ўзнагародзіла сваёй зямлёю. Не, яны нашу знайшлі!
— Я цалкам згодная з табою, Гардзей. Але ж ці ўдасца табе перамагчы, — выказала сумненне Каця.
Гардзей засмяяўся нервовым смехам.
— А гэта, даражэнькая, ужо залежыць ад вас, выбаршчыкаў. Прагаласуеце за мяне ці мо аддасце перавагу асадніку...
— Безумоўна, за цябе, — адказала Каця.
— Ну, вось і выдатна, я магу разлічваць на поспех, — прамовіў Гардзей, спрабуючы абняць Кацю, але яна выслізнула з-пад яго рукі.
— Гэта цяпер для цябе галоўнае? — спытала яна.
«Яе так проста не прыгорнеш. Ёй, напэўна, спярша трэба прынесці клятву на вернасць», — незадаволена падумаў Гардзей. Хаваючы прыкрасць у душы, ён напусціў на сябе сур’ёзнасць і адказаў:
— Галоўныя для мяне цяпер маці-радзіма і бацька-народ, а яшчэ вера ў Бога, бо толькі на ягоную дапамогу я магу разлічваць у жыццёвых нягодах. Можа здарыцца, што і радзіма адвернецца, і народ не зразумее, а Бог прыме кожнага. Гаворыцца ж у Бібліі, што «Ідзе Гасподзь выкрыць усіх нячыстых ва ўсіх жорсткіх словах, якія прамаўлялі на яго бессаромныя грэшнікі».
— Усё наша вернецца нам па справах нашых, — згадзілася Каця.
Гардзей здзіўлена зірнуў на дзяўчыну і сказаў:
— А ведаеш, ніколі яшчэ ў жыцці не сустракаўся мне чалавек, які б так разумеў мяне.
— Часам і я чытаю Біблію.
— А я думаў, што цябе цікавяць толькі любоўныя раманы.
— Раманы, між іншым, я больш люблю гістарычныя, але і любоўныя — таксама. А цікавасць да Бібліі ў маёй душы абудзіў ты. Я спрабую зразумець цябе, твае парыванні.
— О, калі сказаць папраўдзе, дык я і сам сябе далёка не заўсёды разумею.
— Я гатова табе дапамагчы, — сказала Каця, і хітры агеньчык мільгануў у яе вачах.
— Паспрабуй. Як ты гэта зробіш?
Гардзей апантана ўцягваўся ў гульню, якую прапанавала яму дзяўчына. Зрэшты, абаім абрыдла сур’ёзная гутарка. Хіба для гэтага даюцца цёплыя і ціхія вечары?
— Калі ты збіраешся жаніцца? — спытала Каця.
— Не ведаю. Мне спачатку трэба пааддаваць замуж сясцёр, ды і ў мяне ж яшчэ і дзяўчыны няма.
— Дзяўчат у цябе цэлая вёска! Шмат хто гатовы пакахаць цябе.
— Каханне — рэч узаемная, даецца адно на дваіх, — заўважыў Гардзей.
— Няўжо ты яшчэ не кахаў?
— Не. Праўда, здараліся іншы раз залёты. Нічога сапраўднага. Але, Каця, больш я табе не скажу ні слова. Ты ж не поп. Не жадаю спавядацца, а хачу цалавацца.
Гардзей ашчаперыў Кацю, пацалаваў у вусны. Яна сумелася ад нечаканасці і сказала з папрокам:
— Ты ж мяне не кахаеш. Тады навошта.
— Цалавацца я магу і без кахання, — засмяяўся Гардзей.
— Без кахання? — разгублена перапытала Каця.
— А што тут такое, калі што якое.
Каця адступіла на два крокі, непрыязна паўзіралася ў твар хлопца, раптам павярнулася і хутка пайшла ў бок сваёй хаты.
— Каця, ты чаго? Пакрыўдзілася? Я ж нічога благога не думаў, — пачаў апраўдвацца Гардзей, дагнаўшы Кацю. — Ты дзяўчына, я хлопец. Гэта ж звычайная справа. Мы ж нават ворагаў сваіх павінны любіць, а што ўжо да бліжняга, дык гэта ж зусім не забараняецца!
— Я ў такім разе не хачу быць тваёй бліжняй. Лепш буду дальняй!
Гардзей пасміхнуўся сам сабе і вырашыў перавесці ўсё ў жарт.