Выбрать главу

— Што, Рахуба, на неба захацелася? — спытаў тоўсты паліцыянт. — Дык мы можам арганізаваць.

— Усё ў руках Боскіх, яму відней, каго і куды забраць, — спакойна адказаў Гардзей. — А зрэшты, каб ад жыцця была хоць якая карысць, трэба аддаць яго Богу.

— Вы паглядзіце на яго! Пся крэў! Проста святы анёл, а не чалавек!

— абурыўся адзін з паліцыянтаў.

— Тыя, што ўмеюць прыкідвацца святымі, самыя небяспечныя! — сказаў таўсматы. — Для іх няма нічога святога, ім каб толькі здабыць якую карысць.

— Я звычайны чалавек. Вы ўварваліся ў мой дом сярод ночы, напалохалі сясцёр. Чаму не прыйшлі ўдзень? Напэўна, няёмка. Трэба ж нечым абгрунтаваць самаўпраўства.

— Не хвалюйся, усё абгрунтавана!

У пастарунку таўсматы паліцыянт і чалавек у цывільным з закручанымі вусікамі распачалі допыт. Яны расклалі перад арыштаваным дзесяткі два фотаздымкаў і спыталі, каго ён ведае. Гардзей абыякава паглядзеў на абліччы незнаёмцаў, аднак калі прыгледзеўся, пазнаў на фотаздымку таварыша Віктара, Захара Маркевіча, яшчэ некаторых людзей, якія сустракаліся яму на падпольных канферэнцыях.

— Вось гэтага ведаю, — сказаў Гардзей і паказаў на здымак Захара Маркевіча. — Мы з ім вучыліся ў школе ў адным класе.

— А гэтага? — таўсматы паліцыянт тыцнуў у фотаздымак.

— Не, яго не ведаю, — адказаў Гардзей.

— Гэта Сымон Свістун, тэхнік з Жабінкаўскага райкама. Ён сказаў, што ты ўзначальваеш камсамольскую ячэйку ў Крачках.

— Хлусня ўсё гэта, — як мага спакайней адказаў Гардзей.

— Ён даў нам спіс усіх сакратароў. Тваё прозвішча там ёсць таксама.

— Быў час, каля я трохі цікавіўся палітыкаю, аднак пасля таго, як мяне выбралі радным гміны, я адмовіўся ад гэтай справы. Магчыма, людзі з камункі мяне ўносілі ў якія перспектыўныя спісы, але мне пра гэта нічога не вядома. Я радны гміны і збіраюся сумленна і годна выконваць свае абавязкі.

— Ты думаеш, што мы будзем тут з табою разважаць, спрачацца, нешта даказваць? Памыляешся! — выкрыкнуў таўсматы паліцыянт. — Мы будзем выбіваць з цябе паказанні. Гэта больш дзейсны спосаб.

Паліцыянт схапіў гумавую палку і з усяе сілы аперазаў Гардзея — той цяжка прастагнаў і зваліўся з крэсла.

30

Кірыла доўга таптаўся ў парозе, страсаючы снег з шапкі і каўняра кажуха, пахвальваючы надвор’е:

— Добра снегу насыпала, пядзі на тры, азіміну акрыла, бы пярынаю.

— Затое з двара выграбаць той снег — мала радасці, — заўважыла Каця.

— У жыцці, дачка, наогул мала радасці. Век грабешся ў зямлі, свету не бачыш і не заўважыш, як старасць напаткае.

Зося быццам і не чула іхняй гаворкі. Увесь час яна думала пра Гардзея. Можа, пайсці і расказаць яму пра цяжарнасць? Павінен жа і ён адчуваць нейкую адказнасць, няўжо пасля таго, што ў іх было, яна па-ранейшаму застаецца яму чужою і непатрэбнаю? Не, так не павінна быць. Але чаму ж ён не прыходзіць? Чаму не цікавіцца, як яна, Зося, жыве? Ці жывая наогул? Колькі разоў на дзень думка пра самазабойства прыходзіць ёй у галаву! Дзяўчына пакуль упарта адбівалася ад яе. Бяда, што нідзе яго не відно. Колькі разоў Зося праходзіла па вёсцы ў надзеі спаткацца з ім. Усё дарэмна. Праўда, у хату да яго зайсці пакуль яшчэ не адважвалася, але ўжо рыхтавала душу да таго, каб здзейсніць гэты ганебны ўчынак. Дзе гэта бачана, каб дзяўчына сама да хлопца хадзіла?

— Што чуваць у вёсцы? — спытала ў бацькі Каця, якая таксама ўвесь час думала пра Гардзея.

— Дрэнныя навіны. Паліцыянты лютуюць. Арыштавалі Гардзея Рахубу і яшчэ некалькіх хлопцаў са Сцяблова. Кажуць, што і ў Жабінцы прайшлі арышты.

— Гардзея арыштавалі? — уражана спытала Каця. — А за што? Ён жа радны!

— Хто яго ведае, хіба паліцыянты будуць тлумачыць? Прыйшлі, забралі і павялі ў турму.

Тое, што гавораць пра Гардзея, быццам абудзіла Зосю. Яна перапытала:

— Каго ў турму забралі?

— Ты, я бачу, не толькі сляпая, але і глухая, — здзекліва заўважыла Каця.

— А ты злая, як сабака, — адказала Зося. — Тата, каго арыштавалі?

— Хлопцаў са Сцяблова і Гардзея з Крачак.

Гэтая навіна ашаламіла Зосю. Яшчэ ёю валодала нянавісць, і яна помсліва сказала:

— Так яму і трэба!

— Што ты вярзеш? Здурнела зусім! Такому чалавеку зла жадаць! — абурылася Каця.

— Што ўжо ён за чалавек? За што ты ўпадабала гэтага баламута?

— Ціха, дзяўчаты! Змоўкніце! — прыкрыкнуў на дачок Кірыла. — Замуж вам трэба выходзіць, а не сварыцца. Нейкія знерваваныя вы ў мяне. Дземіха падыходзіла, нахвальвала вас, асабліва Кацю, за тое, што швачка добрая. Пыталася, ці ёсць жаніх, не супраць пасватаць за свайго Апанаса.