Выбрать главу

32

Праз тыдзень Рахубу палепшала, у яго з’явіўся апетыт, ажылі, засвяціліся вочы. Як толькі доктар заўважыў гэтую перамену ў свайго пацыента, адразу загадаў перавесці яго ў турму. У выніку Гардзей апынуўся ў вялікай камеры, дзе было ўжо трынаццаць вязняў. За ім праскрыгаталі жалезныя дзверы, і змрочнае памяшканне сустрэла яго непрыемным кіслым пахам і цікаўнымі позіркамі. Гардзей паўзіраўся ў твары, нікога знаёмага не ўбачыў, а гэта азначала, што і верыць тут няма каму. Месца на нарах яму дасталося ў самым кутку. Моўчкі лёг і павярнуўся да сцяны. Нехта патузаў за плячо і спытаў:

— Ты адкуль?

— А табе што? Шмат тут вас, цікаўных. Так і шукаеце, каб свае грахі на каго спіхнуць!

— За каго ты нас прымаеш?

— Ні за каго. Мне ўсё роўна, хто вы і адкуль.

Гардзея сапраўды разбірала злосць: мала таго, што следчыя душу вымотваюць, дык яшчэ і тут, у камеры, допыты ўчыняюць. Няма мяжы чалавечай цікаўнасці, усё хочацца ведаць. Мо і ёсць на свеце такія дурні, што пра сябе расказваюць, але толькі не Гардзей.

— За што цябе ўзялі?

— Я і сам хацеў бы гэта ведаць, — адказаў Гардзей, павярнуўся да хлоп­ца, які надакучваў сваімі пытаннямі, убачыў вадзяністыя вочы пад светлай грыўкай.

— Мы тут усе палітычныя. Цябе нездарма да нас пасадзілі.

— Далі магчымасць пазнаёміцца з вамі бліжэй, — з’едліва заўважыў Гардзей.

— Пакінь яго ў спакоі. Бачыш, чалавек не ў гуморы, — сказаў нехта з другога канца пакоя.

Хлопец з грыўкай над вачамі адышоў ад Гардзея, сеў зводдаль, назіраў за новым вязнем. Усталявалася гнятлівая цішыня. Новы вязень не ўпісваўся ў прыняты ў камеры лад і быццам замінаў астатнім адчуваць сябе вольна і раскавана. Гардзей зноў лёг тварам да сцяны, заплюшчыў вочы, падумаў: «Тут я ўжо адасплюся за ўсе дні і ночы, калі губляў сілу ў цяжкай працы, на вайсковай службе ці мілаваўся з дзеўкамі. Хапіла ў жыцці ўсяго». Раптам згадаў, як карчаваў з Паўлінаю ў лесе пень на дровы. Такую працу не ўсякі здаровы мужык пацягне. Трэба абкапаць пень, абсячы тоўстае карэнне, вывернуць. Да крывавых мазалёў і знямогі працавалі, а свайго дамагліся. Адкуль і сіла ўзялася. «Эх, каб сюды дзеўку пад бок, дык можна было б і патрываць колькі месяцаў. Жарты жартамі, а хутчэй бы на волю. Ніводнай паперы не падпішу, ніякае віны не прызнаю... »

Час да абеду доўжыўся пакутліва яшчэ і таму, што сялянская душа не звыкла сядзець без працы, на гаспадарцы чалавек заўсёды знойдзе сабе занятак, а тут няма за што воку зачапіцца, не тое што рукам. Гардзей зірнуў на закратаванае акенца пад столлю, на лапік пахмурнага неба і ціха ўздыхнуў. Калі, нарэшце, забразгалі за дзвярыма апалонікам, Гардзей зразумеў, што прынеслі абед, падняўся і ўбачыў: усе сядзяць нерухома, не бяруць у рукі ні лыжак, ні місак. Смутная здагадка працяла яму сэрца: вязні абвясцілі галадоўку. Гэтага яшчэ не хапала.

— Вы чаго такія? — спытаў Гардзей у свайго суседа.

— Галадаем у знак пратэсту за забойства нашага таварыша, — адказаў той.

— А як яго звалі? — спытаў Гардзей.

— Нядаўна нас папракаў за цікаўнасць, а цяпер і сам туды ж...

— Ваш таварыш загінуў, вы і галадайце.

— Глядзі, каб табе тая ежа не стала ўпоперак горла, — папярэдзіў хлопец з грыўкай.

Гардзей не пайшоў з міскай да дзвярэй, дзе праз адкрытае акенца падавалі абед, а дастаў кавалачак сала і лустачку сухога хлеба, што клапатліва ўкінула на развітанне Паўліна, пачаў марудна жаваць. Ён адчуў, што не жадае падпарадкоўвацца гэтым людзям, з якімі яго аб’яднала сляпое ліха. Ён не жадае падпарадкоўвацца нікому! Але супраць сілы адзін не паваюеш, ёй трэба падначальвацца, каб не проста выжыць, але яшчэ і перажыць яе. Гардзей заўважыў на сабе асуджальныя позіркі, згарнуў торбачку, папіў вады і зноў лёг на пасцель, узіраўся ў столь, стараўся ні пра што не думаць і хутка заснуў трывожным і чуйным сном.