Выбрать главу

— Ці шчаслівы ты, Гардзейка?

— Ведаеш, каб не нарадзіўся сын, я ніколі ні з кім не ажаніўся б, прабач, такі ўжо я.

— І ты ніколі і нічога не адчуваў да мяне?

— Ты прыгожая і разумная дзяўчына, а мужчыны любяць не надта ра­зумных, але даступных. Я ж табе аднойчы прапаноўваў, ты адмовілася.

Каця грэбліва перасмыкнула вуснамі і пагардліва сказала:

— Не чакала, Гардзей, што ты такі цынічны.

— Я і сам не чакаў, але жыццё робіць сваю справу. Спакушае, наталяе, расчароўвае, зноў спакушае.

На парозе з’явілася Зося, і размова абарвалася. Каця пераканалася, што для Гардзея яна нічога не азначала. Але сама кахала яго, і гэтае пачуццё разбурала душу, размывала той моцны падмурак маральнасці, на якім яна трымалася апошнія дзесяць гадоў. Гардзей быў побач. Увечары ён распранаўся і клаўся спаць з сястрою, але Каця магла з жарсцю глядзець на яго. Яна ведала кожны мускул на ягоным целе, абдымала яго, цалавала, лашчыла позіркам. Гэта былі пякельныя пакуты. Яна дакраналася да ягоных рэчаў, удыхала пах ягонага цела, які заставаўся ў сарочцы, і ўсё ўбірала душою і памяццю. Страшныя думкі прыходзілі ёй часам у галаву. Яна думала, што, можа, трэба атруціць Зосю, і тады Гардзей застанецца з ёю. Разам яны будуць гадаваць асірацелага Ораста. Аднойчы, ідучы з поля, нарвала блёкату. Паклала ў падаткнуты фартух, адчула смяротны дух атрутнай травы і, здалося, нават супакоілася. Яна яшчэ не ведала, што будзе рабіць з атрутаю, але разумела, што гэта яе зброя ў барацьбе за шчасце.

Да вячэры крадком зрабіла моцны адвар атруты. Заставалася дачакацца зручнага моманту, каб уліць атруту Зосі ў страву. У сям’і крупнік усе сёрбалі з адной вялікай міскі. Труціць бацьку або Гардзея Каця не збіралася.

У час вячэры Каця сачыла за Зосяю, усё чакала, калі ж яна сядзе есці. А Зося тапталася ля печы. Звычайна за стол яна садзілася апошняю, быццам і не трэба была ёй тая ежа, жывілася каханнем. Заплакала дзіця. Зося адразу кінулася да яго, пачала карміць цыцкаю. Мужчыны пад’елі і пайшлі з хаты пакурыць ды пагутарыць. Каця зазірнула ў гаршчок з крупнікам, на дне якога заставалася трохі стравы. Яна дастала з судніка атруту і ўліла ў страву, потым спытала:

— Зося, будзеш есці крупнік ці свінні выліць?

— Няхай пастаіць, мо яшчэ паем.

Каці хацелася прыспешыць смерць саперніцы, і яна сказала:

— Давай я пабаўлюся з Орастам, а ты хоць раз паеш па-чалавечы.

— Не трэба з ім бавіцца. Пад’еў, дык няхай спіць.

Зося паклала дзіця ў калыску, прамовіла ласкава:

— Мы спаткі будзем, праўда? Каб заўтра прачнуцца здаровенькімі і вясёленькімі, — з замілаваннем прамовіла Зося і праспявала. — Баю, баю, песеньку спяваю, хлопчыку малому, каб ён жыў пры дому, не блукаў па свеце, як у полі вецер. Баю, баю, баю, песеньку спяваю.

Дзіця сапраўды сцішылася і заснула. Зося пачала прыбіраць са стала, паклала ў рот крошку хлеба, што адкацілася, калі кроілі хлеб, глынула глыток вады, недапітай Гардзеем. У Каці ажно мурашкі пабеглі па спіне ад зайздрасці, што сама яна ніколі не здагадвалася дапіць з Гардзеевага кубка.

— Што ты сёрбаеш пустую ваду, вось крупнік цябе чакае, — сказала Каця.

— Зараз, мусіць, з’ем крупнік ці што? Быццам і есці не хочацца.

Зося паскладвала лыжкі і кубкі ў вялікую міску, ставячы на прыпечак брудны посуд, незнарок штурхнула гаршчок з крупнікам. Ён перавярнуўся, і варыва вылілася на прыпечак.

— Ах, і разява ж я! — прамовіла Зося, схапіла анучу і пачала падціраць прыпечак і падлогу.

Каця паглядзела на яе і адчула палёгку, быццам камень зваліўся з душы. Ужо лежачы на лаве у цёмнай хаце, калі ўсе спалі, яна прасіла Бога дараваць ёй грэшныя памкненні. Ноччу прысніўся жудасны сон, быццам за ёю гоняцца нейкія пачвары. Выратавалася толькі таму, што прачнулася.

Каця адчувала, што часам губляе розум ад нянавісці і рэўнасці. Скрозь, дзе б ні ішла, трапляліся ёй на вочы брудна-белыя ў цёмных пражылках кветкі блёкату, быццам прасіліся, каб сарвала іх. Трэба было некуды ўцякаць, каб ратаваць сваю душу. Часцей, чым звычайна, яна стала хадзіць да баптыстаў, шчыра малілася, каб Бог паслаў ёй спакой. Тады і пачала прасіць прэсвітэра, каб пры магчымасці паслаў на вучобу, бо яна хоча цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу.