Малодшая сястра адчувала сябе ўзрушанай ад таго, што яе саперніца з’язджае за акіян, і адначасова вінаватай, бо разумела, чаго крыўдуе на яе Каця. Няхай едзе шчасліва, няхай усё ў яе будзе выдатна, няхай вывучыцца і стане багатай паняй.
На вакзале яны развіталіся. Каця папрасіла Зосю і Гардзея не чакаць адыходу цягніка, бо гэта толькі наганяе лішні смутак. Гардзей паціснуў на развітанне Каці руку, пажадаў шчаслівай дарогі і пайшоў да каня, якога пакінуў на прывакзальнай плошчы. Зося затрымалася каля Каці, гаворачы развітальныя зычанні.
І раптам спытала са спачуваннем:
— Не страшна табе адной выпраўляцца за свет?
— А чаго баяцца? Скрозь людзі жывуць.
— Але ж там іншая мова.
— Мову вывучу, а ўсё астатняе неяк утрасецца. Там жыве шмат беларусаў і ўкраінцаў. Еду я не адна, у Варшаве да мяне далучацца яшчэ тры чалавекі.
— Я б, напэўна, не адважылася.
Каця паглядзела на сястру прасветленымі вачамі і адказала:
— Адважылася б. Помніш, як ты ў Варшаву паехала?
Зося ніякавата ўсміхнулася. Не ведае Каця, што тады яна таксама ўцякала ад кахання да Гардзея.
— Я пакідаю цябе з самым найлепшым мужчынам на свеце, — сказала Каця на развітанне. — Будзь з ім шчаслівая. Інакшай з ім і нельга быць. Беражы яго. І няхай Бог дасць вам моцнага здароўя і доўгага веку. А цяпер ідзі! Ідзі, бо я заплачу!
Каця адштурхнула ад сябе Зосю, падхапіла валізку і пайшла ў памяшканне вакзала.
Праз тры месяцы з Амерыкі прыйшоў ліст, у якім Каця паведамляла, што вучыцца на пастара. Па нядзелях іх возяць на экскурсіі, паказваюць краіну. Людзі тут жывуць заможна. Калі чалавек працуе, сумленна выконвае свае абавязкі, дык можа купіць дом і мець усё неабходнае для жыцця.
Сям’ю Барэйшаў гэта суцешыла і трохі супакоіла. Бацька перастаў задумвацца і цяжка ўздыхаць. Ад Зосі адступіла пачуццё віны, што сястра вымушана была паехаць з дому з-за яе. Апошні ліст ад Каці прыйшоў летам 1939 года. Яна пісала, што вучоба заканчваецца і яе збіраюцца паслаць місіянерам у Індыю. Ехаць з Амерыкі ёй не хочацца, але на ўсё воля Боская.
З-за гэтага ліста Кірыла Барэйша зноў зрабіўся задуменны і сумны. А ў Зосіным жыцці нічога не змянілася, бо яна знайшла сваю долю, цяпер заставалася адно: берагчы шчасце ад нягод. Зося спявала, завіхаючыся каля печы; спявала і тады, калі палола бульбу ці грады; спявала, калі жала жыта ці зграбала сена, быццам у душы яе пасялілася вясёлая птушка радасці. Як кажуць старыя людзі, так спяваюць толькі на вялікую бяду, а яна ўжо была не за гарамі.
КНІГА ДРУГАЯ
Раздзел першы
Прымак
1
Настаў трывожны 1939 год. У Еўропе ішла вайна. Крачкаўцы непакоіліся, што яна, можа, не абміне іх, бо Германія мае звярыную хватку, тым больш, што палякі з немцамі заўсёды былі на нажах. Праўда, польскі ўрад настойліва пераконваў насельніцтва: айчыннае войска абароніць краіну ад нападу ўсялякага агрэсара, аднак гэта не здымала напружанасці ў грамадстве. Гардзей уважліва сачыў за падзеямі ў свеце ды прыслухоўваўся да чужых меркаванняў. Часам да яго заходзіў Яўсей Пух, і яны звычайна разважалі пра палітыку, але, было, іншы раз спрачаліся да хрыпаты, кожны адстойваючы свае перакананні.
— Нам трэба клікаць на дапамогу Савецкі Саюз, — даводзіў Яўсей. — Там справядлівы лад, няма багацеяў, дзеці маюць магчымасць набываць бясплатна адукацыю. Ды што казаць, такой краіны, як Саветы, няма ва ўсім свеце. Там жа народ кіруе!
— Скажы, калі там усё так добра, як ты кажаш, дык чаму столькі ворагаў народа? Ці народ не так кіруе краінай, ці жыццё не такое ўжо і добрае? — пытаўся Гардзей.
— Ты не разумееш! Ворагі народа — гэта ж недабіткі буржуазіі, што зашыліся ў шэрагі народных мас і шкодзяць маладой краіне.
— Ведаеш, Яўсей, быў час, што і мы з табою варагавалі, аднак жа нарэшце зразумелі, што лепш жыць мірна. Так трэба і дзяржаве жыць мірна са сваімі грамадзянамі.
— А яна іх выхоўвае...
— Так не выхаваеш.
— А як? Народ жа мусіць адчуваць моцную руку.
Гардзей адкінуў з ілба пасму цёмных валасоў і засмяяўся.
— Паглядзеў бы я на цябе, каб над табой вісела такая рука. У якім настроі ты жыў бы?